Швея Валентина Давидович выполняет свою работу не только качественно, но и с удовольствием

Важное Общество

Прафесія на ўсё жыццё

Валя вырасла ў Васілінах. Яе мама была настаўніцай, а таксама добра шыла. Дзяўчынка любіла назіраць за працэсам. Усё здавалася простым і лёгкім. Таму аднойчы, калі маці са старэйшай дачкой пайшлі ў грыбы, 10-гадовая Валя вырашыла за час іх адсутнасці пашыць сабе сукенку і апрануць яе. Нават уяўляла, як выйдзе ў ёй у двор сустракаць з лесу грыбнікоў, а яны застынуць у захапленні: «Якая прыгожая сукенка!»

Дастала з шафы кавалак капронавай тканіны і прыступіла да справы. Але тканіна не клалася так, як трэба, выслізвала з-пад нажніц, выкройвалася абы-як. Не тое што сабе — нават ляльцы сукенкі не атрымалася.

Валянціна Давідовіч

Парэзаны капрон маці знайшла ў самым далёкім куце шафы праз пару месяцаў. Але на дачку не сварылася. Купіла ў магазіне кавалак самага таннага паркалю і сказала: «Шый, калі табе хочацца. Толькі не бяры з шафы тканіну без дазволу».

— З таго паркалю я пашыла свой першы халацік, — успамінала Валянціна Давідовіч. — Нават кішэні ў яго былі. Насіла з задавальненнем.

Той халацік і стаў другім парасткам яе будучай прафесіі (першы — мамін прыклад). Пашанцавала яшчэ і з тым, што ў пастаўскай СШ №2, дзе яна вучылася ў 10 і 11 класах, былі ўрокі кройкі і шыцця. Таму лагічна, што пасля заканчэння школы Валянціна ўладкавалася ў цэх масавага пашыву райбыткамбіната.

— Па праўдзе кажучы, я паступала ў тэхнікум на канструктара-мадэльера адзення, але не здала малюнак. Мая мара згасла, затое пазней на Віцебскім вучэбна-курсавым камбінаце вывучылася на закройшчыцу лёгкай летняй сукенкі.

Працавала ад райбыткамбіната ў Хацілах, Дварчанах, была закройшчыцай лёгкай жаночай сукенкі ў швейным атэлье ў райцэнтры. А потым паехала ў Рыгу. Хацелася пабачыць свет, праявіць сябе ў іншай справе. Там працавала на фабрыцы. Але праз 6 гадоў вярнулася на радзіму і ўладкавалася ў цэх па пашыве скураных куртак, які калгас «Дружба» (зараз — ААТ «Камайскі-агра») адкрыў у раёне будаўнікоў у Паставах. На той час заказаў было шмат. Але паступова, калі ў продажы стала з’яўляцца больш гатовых рэчаў, попыт на пашыў скараціўся. Урэшце атрымалася так, што Валянціна Давідовіч засталася без работы. А ў сям’— толькі яна, дачка і хворая маці. Спадзявацца не было на каго.

— І як добра, што ў раённым цэнтры занятасці мне прапанавалі бязвыплатную субсідыю на адкрыццё ўласнай справы, — успамінае Валянціна па­дзеі 11-гадовай даўнасці. — За тую суму, эквівалентную 1 300 доларам, купіла тры швейныя машынкі (для індывідуальных прадпрымальнікаў фірма прадавала іх са скідкай), прас, прасавальную дошку, ніткі. Безумоўна, рашыцца на прадпрымальніцтва баялася: а калі нічога не атрымаецца і давядзецца вяртаць дзяржаўныя грошы? Дзе іх узяць, калі ўсе затрачаны?

Атрымалася! Яшчэ палягчэла, калі ў адпаведнасці з унесенымі ў заканадаўства змяненнямі яе дзейнасць зараз не лічыцца прадпрымальніцкай. А зна­чыць, не трэба афарм­ляць ніякую справаздачнасць, ды і адзіны падатак складае ўсяго 35 рублёў на месяц (з улікам 20-працэнтнай скідкі як для пенсіянеркі).

Валянціна любіць і ўмее працаваць. Праўда, шые зараз менш, у асноўным займаецца рамонтам адзення.

— Аднак не магу сказаць, што ў самазанятасці суцэльныя плюсы, — гаворыць майстрыха. — Найбольшая праблема — гэта арэнда. — Цяжка знайсці такое памяшканне, каб і плата за яго была пад’ёмнай, і ўмовы задавальнялі. Я са сваёй швейнай майстэрняй памяняла ў гора­дзе некалькі месцаў. З лістапада мінулага года арандую пакой у адміністрацыйным будынку завода «Паставымэбля». Мяне ўсё задавальняе: цёпла, светла, добрае месца знаходжання.

Ведаючы, што ў райцэнтры шмат аналагічных прыватных майстэрняў, пытаюся ў швачкі, ці не баіцца яна канкурэнцыі.

— Ніколькі, — адказвае Валянціна. — У кожнай з нас дастаткова кліентаў. І ў мяне хапае іх.  Баюся іншага — каранавіруса. Непакоюся, калі людзі заходзяць у майстэрню без маскі. А гэта ж элементарнае патрабаванне. Што да моды, фасонаў або рамонту адзення, то ў гэтым агульную мову з кліентамі знаходжу заўсёды.

Застаецца толькі дадаць, што сваю работу швачка выконвае не толькі якасна, але і з задавальненнем, бо выбраная ёй аднойчы прафесія стала любімай справай усяго жыцця.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.