Техник-осеменатор «Хотилы-агро» Алла Шваякова заняла 1-е место в республиканском конкурсе профмастерства

Сельское хозяйство

96 са 100 магчымых

Менавіта столькі балаў набрала на рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства тэхнік-асемянатар ААТ «Хацілы-агра» Ала Шваякова і заняла 1-е месца.

— Конкурс праходзіў у Маладзечне, — расказвала пераможца. — Удзельнікаў вітаў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ігар Брыла. Канкурсантам (а нас было па адным прадстаўніку ад вобласці) спачатку трэба было прадэманстраваць тэарэтычныя веды. У білеце — 25 тэставых пытанняў. На падрыхтоўку давалася 45 хвілін. Я правільна адказала на ўсе. Максімальна — 50 баламі — ацэнена мая праца за мінулы год. Тут улічвалася колькасць пагалоўя, якое я пакрываю, выхад цялят на 100 кароў. Практычная частка — нічога складанага: падрыхтоўка і размарозка спермы, настройка мікраскопа, апрацоўка інструментаў. Гэтым я займаюся кожны дзень.

Ала Шваякова пасля ўзнагароджання

Стабільная работа жывёлагадоўчай галіны ў цэлым і сельгас­прадпрыемстваў у прыватнасці ў многім залежыць ад таго, наколькі якасна выконваюць свае абавязкі тэхнікі-асемянатары. Мяркуючы па павелічэнні пагалоўя жывёлы ў Хацілах, тут работа па штучным яе асемяненні наладжана выдатна. Прафесійна спраўляюцца са сваімі абавязкамі Наталля Яморская на рабатызаваным комплексе, Вольга Шпакоўская — на фермах у Куртах, Целяках, Хацілах. Ала Шваякова замацавана за новай фермай з даільнай залай у Волахах.

Асноўныя інструменты спецыялістаў па штучным асемяненні жывёлы — сасуд Дзюара, мікраскоп, тэрмастат, шпрыцы, піпеткі. Галоўны паказчык у рабоце — выхад цялят на 100 кароў. За мінулы год у А. Шваяковай ён склаў 96. За ёй замацавана 1 250 галоў. Паспяховай рабоце асемянатара садзейнічае яе вялікая адказнасць, строгае захаванне тэхналогіі.

— Дабіцца высокага выхаду цялят магчыма толькі пры цесным супрацоўніцтве з іншымі зоа­ветспецыялістамі гаспадаркі, — гаварыла Ала Шваякова. — Кожны з нас не проста сумленна выконвае свае абавязкі, а дапаўняе адно аднаго. Ад нашага старання, кампетэнтнасці ў многім залежаць даход гаспадаркі, наша зарплата і зарплата аператараў машыннага даення. На агульны поспех працуе ўвесь калектыў сельгаспрадпрыемства. У нашай гаспадарцы створаны належныя ўмовы для ўтрымання жывёлы, яна забяспечана паўнацэнным збалансаваным кармленнем.

Метады штучнага асемянення жывёлы ўдасканальваюцца. Таму Ала Шваякова пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень: чэрпае веды з інтэрнэту, раіцца са спецыялістамі з райплемстанцыі, якія заўсёды дзеляцца вопытам, падказваюць. За дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу яна вельмі ўдзячная выконваючай абавязкі дырэктара райплемстанцыі Валянціне Антонаўне Лакцэвіч, а таксама дырэктару ААТ «Хацілы-агра» Вячаславу Іосіфавічу Крыштафовічу, калегам, родным — усім, хто за яе перажываў, а потым шчыра радаваўся перамозе.

Ала Шваякова два гады таму была прызнана адным з найлепшых тэхнікаў-асемянатараў на абласным конкурсе. А сёлета паспяхова перамагла на рэспубліканскім. Дыплом за 1-е месца, шыкоўны букет атрымала ў Палацы культуры г. Маладзечна з рук міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Івана Крупко, а ў дадатак да дыплома — грашовае ўзнагаро­джанне. Прыемных эмоцый дабавіў канцэрт беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры».

За плячыма — тэсты, практыкаванні, конкурсныя хваляванні. Цяпер Ала Шваякова зноў кожны дзень з добрым настроем спяшаецца на ферму, з энтузіязмам бярэцца за прывычную справу і з нецярпеннем чакае з’яўлення на свет маленькіх цялятак.

Анна Анішкевіч
Фота даслала Ала Шваякова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.