Трактор получил в подарок на свое 70-летие механизатор ОАО «Новоселки-Лучай» Матвей Рубель

Сельское хозяйство

У падарунак – трактар атрымаў на сваё 70-годдзе механізатар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Мацвей Рубель.

У мінулую суботу з нагоды дня нараджэння юбіляр узяў выхадны. Але дырэктар гаспадаркі Юрый Шымчык папрасіў яго зранку прыехаць у мехмайстэрні. Заўжды бе­задмоўны Аркадзьевіч не стаў высвятляць прычыну. Як аказалася, тут імянінніка чакаў сюрпрыз. Першым з віншаваннямі да яго падышоў дырэктар. Ён падзякаваў Мацвею Аркадзьевічу за працавітасць, старанне і ўручыў сертыфікат на трактар, на якім ён працуе.

Пяць гадоў таму, калі Мацвею Аркадзьевічу было 65 гадоў, я паабяцаў яму, што калі даробіць да 70-і, то гаспадарка падорыць яму трактар, — тлумачыў Юрый Шымчык. — Слова трымаю! Мацвей Аркадзьевіч з кагорты адказных і сумленных работнікаў. Нягледзячы на ўзрост, заўсёды старанна выконвае любое даручэнне. Сваёй шчырай працай і заслужыў такой узнагароды. Спадзяюся, што работу пакуль не пакіне і па-ранейшаму будзе карысным гаспадарцы.

Станоўчыя эмоцыі перапаўняюць, — гаварыў юбіляр. — Такі падарунак! Трактару 31 год. 26 з іх ён у маіх руках. Я бярог яго, як свой, і нават не марыў, што стане маёй уласнасцю. 

Мацвей Рубель родам з вёскі Рудае Казлоўшчынскага сельсавета. Да тэхнікі яго цягнула з дзяцінства. Таму і паступіў у Пастаўскае прафтэхвучылішча. Атрымаўшы спецыяльнасць, ажаніўся з аднавяскоўкай Зояй. Сямейнае жыццё маладыя па­чы­­налі сумесна з бацькамі Мацвея, пазней атрымалі жыллё ў Ласькіх. Працавалі ў мясцовым калгасе «Кастрычнік».

Ужо ў той час справы ў гаспадарцы ішлі на спад, і мы з жонкай вырашылі, што трэба мяняць месца жыхарства, — расказваў Мацвей Рубель. — Выбар спынілі на Навасёлках: там будавалася жыллё, бачыліся перспектывы развіцця населенага пункта. Але нас не адпускалі з ранейшага месца. Праз многае прыйшлося прайсці, каб дабіцца свайго. Мы пераехалі ў 1980 годзе.

Спачатку Мацвей Аркадзь­евіч працаваў на «Кіраўцы». Быў задзейнічаны на будоўлі, іншых адказных работах. Затым перасеў на МТЗ-82, рупіўся на падрыхтоўцы глебы, корманарыхтоўцы.

У 55 гадоў атрымаў права на льготную пенсію, — працягваў юбіляр. — Але як уявіў, што застануся без трактара, стала сумна. Параіўся з жонкай, і вырашылі: трэба працаваць. Хаця спраў хапала і дома: трымалі дзвюх кароў, свінаматак, іншую жыўнасць. Ёсць памочнікі — з намі жыве старэйшая дачка Аксана з сям’ёй. У нас няма падзелу абавязкаў, кожны ўмее рабіць усё. І дачка, і зяць падтрымалі маё жаданне не пакідаць работу.

Тата вельмі актыўны, бадзёры, нястомны, — характарызавала бацьку Аксана. — Ён для нас прыклад ва ўсім. Для яго тэхніка — як паветра. Пойдзе ў водпуск, дык не можа дачакацца, калі зноў вернецца да прывычных абавязкаў.

Я ж цяпер не на перадавой, — жартуе Аркадзьевіч. — У поле рэдка выязджаю. Паціху працую на зерняскладзе: падчас жніва падвожу збожжа да сушылкі, адвожу сухое на захоўванне. Цяпер ідзе ачыстка насеннага матэрыялу, зноў заняты на перавозцы. Віншуючы з юбілеем, Юрый Францішкавіч прасіў мяне папрацаваць яшчэ. Я і не супраць, каб толькі здароўе дазволіла.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.