Турнир памяти провели поставские шахматисты. Кто оказался сильнейшим в этом году?

Спорт

Турнір памяці

Мікалай Аляксандравіч Капціловіч, Эдуард Трафімавіч Сіроткін і Уладзімір Рыгоравіч Рабенка ў свой час вельмі шмат зрабілі для адраджэння і развіцця шахматнай гульні ў нашым раёне. На жаль, сёння іх няма сярод нас. А вось турнір, прысвечаны іх памяці, стаў традыцыйным і праводзіцца штогод. Вось і сёлета мы сабраліся ў 22-і раз, каб вызначыць наймацнейшых.

Гулялі ў 9 тураў, і гэта былі першыя афіцыйныя спаборніцтвы ў новым сезоне. Нягледзячы на адсутнасць некаторых моцных шахматыстаў, турнір быў даволі рэйтынгавы — 1 750 балаў, што для раённых спаборніцтваў з’яўляецца высокім паказчыкам.

Пераможца турніру памяці Руслан Жытковіч

Сярод фаварытаў называлі Дзмітрыя Дубовіка, Аляксандра Сямёнава і Аляксандра Мурзо. На старце лідары сінхронна атрымалі перамогі. Удалося пазбегнуць страты ачкоў і сталічнаму студэнту Руслану Жытковічу. Прыйшлося чакаць асабістых сустрэч, каб даведацца, чый карабель з лідзіруючага квартэта атрымае першую прабоіну. Але перад гэтым найвопытнейшы ветэран шахмат Авенір Чырванец у вострай і драматычнай канцоўцы згуляў унічыю з А. Сямёнавым. А ў пятым туры вучань 9 класа СШ №2 імя Н. Асяненкі Віталій Дзямідаў, гуляючы белымі фігурамі, прымусіў абараняцца аднаасобнага на той момант лідара Руслана Жытковіча. Апошні прыклаў нямала намаганняў, каб выраўняць пазіцыю, а ў канцоўцы звесці яе да нічыёй. Чакаемыя гульні з удзелам  лідараў прайшлі пад дыктоўку аднаго з апанентаў.

Нягледзячы на чорны колер фігур, Руслан Жытковіч даволі нечакана і ўпэўнена перамог больш вопытнага Дзмітрыя Дубовіка, а ў апошнім туры — і Аляксанда Сямёнава. А перад гэтым Д. Дубовік рэабілітаваў сябе, не пакінуўшы ніякіх шанцаў А. Мурзо і А. Сямёнаву. Пры паспяховай гульні ў апошнім туры супраць Ю. Катовіча мог быць у прызёрах і Аляксандр Мурзо. Толькі найгрубейшая памылка не дазволіла марам здзейсніцца.

У выніку, набраўшы 8,5 ачка 1-е месца заняў Руслан Жытковіч. Паўачка саступіў яму Дзмітрый Дубовік. Тройку прызёраў замкнуў Аляксандр Сямёнаў, які запісаў у свой актыў 5,5 ачка. Сярод школьнікаў найлепшы вынік паказала сямікласніца СШ №2 імя Н. Асяненкі Ева Іванова, а ў ветэранаў не было роўных Авеніру Чырванцу.

 Юрый Катовіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.