«У нас должно быть интересно людям» — считает библиотекарь Лынтупской горпоселковой библиотеки Светлана Пекарская

Культура

У нас павінна быць цікава людзям

У гэтым пераканана бібліятэкар Лынтупскай гарпасялковай бібліятэкі Святлана Пякарская. Яна лічыць: «Калі мы не будзем нічога рабіць, да нас ніхто не будзе хадзіць».

Святлана Уладзіміраўна адносіцца да той нешматлікай катэгорыі работнікаў, якія маюць усяго адзін запіс у працоўнай кніжцы. Сёлета 1 жніўня споўнілася 34 гады, як яна працуе ў названай установе. Прыйшла сюды па размеркаванні пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума.

Я з дзяцінства любіла чытаць і ўжо з 7 класа ведала, што буду бібліятэкарам, — прызнаецца жанчына. — А любоў да кнігі прывіла настаўніца рускай мовы і літаратуры Лынтупскай СШ Галіна Антонаўна Белавус. Пад яе ўплывам вызначылася з будучай прафесіяй. Праз 17 гадоў работы зразумела, што мне не хапае атрыманых у тэхнікуме ведаў, і паступіла на завочнае аддзяленне ў інстытут культуры ў Мінску. Закончыла яго ў 2005 годзе.

Святлана Пякарская ў сваім кніжным царстве

За 34 гады працы многае змянілася. Бібліятэка пераехала з будынка музычнай школы пад адзін дах з сельскім выканаўчым камітэтам. Пазней расшырыла сваю плошчу, атрымаўшы прасторнае суседняе памяшканне, якое злучылі з галоўным. Сёння яна адна з самых прыгожых і вялікіх у раёне — займае ажно 126 квадратных метраў. На іх размяшчаецца кніжны фонд у 25 тысяч экзэмпляраў. Калі ў гарпасёлку вялося будаўніцтва аграгарадка, ва ўстанове абнавілі мэблю: далі новыя бібліятэчныя стэлажы, кафедры, сталы і крэслы для чытальнай залы. Потым выдзелілі камп’ютар, прынтар. Па-дамашняму ўтульным інтэр’ер робяць шматлікія кветкі, якімі аздоблены памяшканні.

Адзінае, што змянілася не ў лепшы бок, — зменшылася колькасць чытачоў, што звязана са змяншэннем насельніцтва ў пасёлку і навакольных вёсках. Зараз іх 627 чалавек. Самыя актыўныя — пенсіянеры і школьнікі, асабліва пачаткоўцы. Падчас летніх канікулаў часта забяга­юць дзеці, якія прыязджаюць на адпачынак да бабуль і дзядуляў. Бяруць у асноўным праграмную літаратуру, зададзеную на лета. Нярэдка заглядваюць і студэнты — выпускнікі мясцовай школы.

Цяпер мы атрымліваем цудоўную літаратуру, у нас вельмі добры фонд, — расказвала Святлана Уладзіміраўна. — Калі чагосьці не хапае, заказваю. З дапамогай сістэмы міжбібліятэчнага абслугоўвання магу заказаць патрэбную кнігу не толькі ў любой бібліятэцы раёна і вобласці, але і ў Нацыянальнай, прэзідэнцкай бібліятэках. Маем і аўдыядыскі кніг, працуе камерцыйны абанемент. Таксама выпісваем 31 перыядычнае выданне: 16 часопісаў і 10 газет для дарослых і 5 — для дзяцей. Афармляю падпіску на тое, што цікава людзям. Адным словам, стараюся выканаць усе чытацкія запыты.

С. У. Пякарская індывідуальна падыходзіць да кожнага чытача. Пры паступленні чарговай партыі літаратуры адразу прыкідвае, каму што прапанаваць. Імкнецца, каб кнігі не стаялі падоўгу ў глыбіні паліц і на іх ніхто не звяртаў увагі. З гэтай мэтай арганізуе шмат выстаў, маляўніча іх афармляе. Напрыклад, зараз працуюць «Беларусь у маім сэрцы», прымеркаваная да Года народнага адзінства, «Лынтупы», падрыхтаваная да раённага семінара бібліятэчных работнікаў па краязнаўстве, «Добры дзень, краіна ведаў!» — да 1 Верасня, «Кніжны церамок», дзе прадстаўлены сучасныя беларускія, рускія і замежныя казкі, «Кніжны подыум. Кніга месяца» — кнігі, якія маюць дачыненне да розных вераснёўскіх свят і дат.

Рыхтуючы летась выставу, прысвечаную 100-гадоваму юбілею беларускага камсамола, Святлана Уладзіміраўна са сваёй цяпер ужо былой калегай Ірынай Трашчынскай звярнуліся да членаў клуба «Сяброўка», створанага пры бібліятэцы. І тыя прынеслі старыя фотаздымкі, членскія білеты, запрашальныя білеты на з’езды УЛКСМ у Маскве, іншыя цікавыя матэрыялы. Экспазіцыя атрымалася на два стэлажы і выклікала жывы інтарэс у моладзі. Школьнікі прыходзілі проста паглядзець на яе, пагартаць буклеты 70-х гадоў мінулага стагоддзя.

Што да клуба, то ён існуе з 2008 года і аб’ядноўвае 15 жанчын ва ўзросце ад 51-го да 84 гадоў. З яго ўдзельніцамі Святлана Пякарская была на экскурсіях у Гервятах і Нясвіжы, батанічным садзе і тэатры музкамедыі ў Мінску, сядзібе Агінскіх на Смаргоншчыне. Яна імкнецца і на месцы разнастаіць жыццё гарпасялкоўцаў, арганізуючы шмат цікавых мерапрыемстваў для дарослых і дзяцей. У іх правядзенні дапамагаюць школьная бібліятэка, мясцовы Дом культуры, сельскі Савет. Актыўна супрацоўнічае ўстанова і з лынтупскімі аддзяленнямі дзённага і кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. Многіх чытачоў абслугоўвае праз сацыяльных работнікаў, якія вельмі дапамагалі ў перыяд першай і другой хваль пандэміі. А ўсяго ў зону абслугоўвання бібліятэкі ўваходзяць 27 населеных пунктаў.

2021 год стаў пераломным для ўстановы. Змяніўся не толькі расклад яе работы, але і ў выніку скарачэння кадраў С. У. Пякарская засталася адзіным бібліятэкарам (калісьці іх было трое). Раней гэты астравок культуры ніколі не закрываўся. А сёлета, збіраючыся ў водпуск, Святлана Уладзіміраўна непакоілася: як будуць чатыры тыдні без яе пастаянныя чытачы?

Я пісала на сайце, што бібліятэка на пэўны час закрыецца, папярэджвала людзей, каб бралі пабольш кніг. А калі выйшла на працу, было вельмі прыемна пачуць: «Як добра, што ты нарэшце вярнулася! Мы засумавалі». Гэта самая высокая ацэнка работы бібліятэкара, — заўважыла жанчына.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.