У настоящих хозяев все по-хозяйски: Евгения и Кузьма Сидаровичы из д. Детково

Общество

Усяго дабіваліся працай

Нават не заходзячы ў дом, а толькі па яго знешнім выглядзе, прыбудовах, агародзе, кветніках можна меркаваць пра тое, працавітыя ці гультаяватыя гаспадары тут жывуць.

Калі рэдакцыйная машына прыпынілася ля дома №6 у вёсцы Дзеткава Курапольскага сельсавета, то я адразу зразумела, што не памылілася адрасам і трапіла да рупных вяскоўцаў. Усё радавала вока: дыхтоўны дом, хлявы, іншыя гаспадарчыя пабудовы, кветнік пад вокнамі, акуратная свежапафарбаваная агароджа ўздоўж участка, трактарок у двары (як аказалася, самаробны).

Яўгенія і Кузьма Сідаровічы

На залівісты брэх дварняка мне насустрач са сталярным інструментам уруках выходзіць гаспадар і здзіўлена ўглядаецца, што за незнаёмка завітала. Называю сябе і прашуся на размову. «Ну добра, хадзем у хату! Зараз паклічу жонку». Гаспадыня здзівіліся яшчэ больш: «А божухна, што пра нас, старых, пісаць?»

Аказалася, ёсць што. Сямейнаму саюзу Кузьмы і Яўгеніі Сідаровічаў — 56 гадоў.

Сышліся дзве беднаты. Не расказаць, як цяжка пачыналі, — успамінала Яўстаф’еўна. — Але мелі сілы, жаданне жыць і ўсяго дабіваліся сваёй працай.

Жэні споўнілася толькі 16, калі ў маладым узросце пасля цяжкай хваробы памёр бацька. І ў той жа год дзяўчына пайшла даіць калгасных кароў. Прычым ёй даверылі групу першацёлак. А гэта яшчэ цяжэй і больш адказна. Механізацыі тады не было ніякай, уся нагрузка — на рукі.

Летам, управіўшыся на ферме, яна брала ў рукі касу і ішла касіць сена для ўласнай каровы.

Карова для нас з мамай і бабуляй была карміцелькай, — расказвала. — Малако, смятана, тварог, масла — усё сваё. Бывала, яшчэ і прададзім крыху на рынку ў Паставах. У нашым Дзеткаве было 45 хат, і ў кожнай трымалі карову. А ў каго яна ёсць зараз? Разгультаіліся людзі…

Кузьма Сямёнавіч слухае, не перабівае жонку, хоць і самому ёсць што сказаць. Ён таксама вырас у Дзеткаве і ў такой жа беднай сям’і, як і яго спадарожніца жыцця. У пастаўскім вучылішчы механізацыі атрымаў спецыяльнасць трактарыста. Накіравалі ў Казахстан на асваенне цалінных зямель. Умовы жыцця і працы там выпрабоўвалі на стойкасць. Пасля — трохгадовая армейская загартоўка. Адслужыўшы, вярнуўся дадому. 20 гадоў адпрацаваў у калгасе «Прагрэс» на трактары і камбайне. Было, што па выніках жніва займаў 1-е месца ў раёне. Калі ўзніклі праблемы са здароўем, тэхніку давялося пакінуць. Пайшоў на пілараму.

Разглядваю шматлікія знакі ўдарніка пяцігодкі, пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, медаль «За працоўную адзнаку». Яўгенія Яўстаф’еўна тлумачыць: «Тут і яго адзнакі, і мае. Ёсць яшчэ і юбілейныя медалі мне як малалетняму вязню фашызму».

Яўгенія няволю ў Германіі памятаць не можа, бо сям’ю вывезлі туды, калі дзяўчынцы было ўсяго 9 месяцаў. Але ведае пра той жудасны час з расказаў маці.

Жылі ў лагеры за калючым дротам. Мама працавала прыбіральшчыцай на заводзе. Я выжыла цудам, — не можа стрымаць слёз жанчына. — Мама да двух гадоў карміла мяне грудзьмі. Сама галодная, знясіленая, а малако мела. Яно мяне і выратавала, а шмат дзетак у лагеры памерла.

Кузьме пашанцавала больш. І яго сям’ю таксама везлі на станцыю ў Паставы, каб разам з іншымі адправіць на прымусовыя работы ў Германію. Аднак знясіленая кабылка дацягнула павозку толькі да Сіўцаў. Вяртацца не было куды, бо вёску фашысты спалілі. Прытулілі чужыя людзі ў суседніх Казлах.

Расказваючы пра пражытае і перажытае, Сідаровічы не маглі не параўноўваць час свайго маленства і юнацтва з цяперашнім. Казалі: «Зараз, калі чалавек не лянуецца і не ўлягае ў гарэлку, можа ўсё мець. Але многія ідуць па жыцці нібы перакаці-поле. Ні старання не прыкладваюць, ні адказнасці перад сям’ёй не маюць. Асабліва крыўдна за іх дзяцей. Які прыклад яны бачаць?»

Сваіх сына і дачку Сідаровічы выхавалі годнымі людзьмі. Мікалай служыў у міліцыі. Выйшаўшы на пенсію, стаў праца­ваць на аўтазаправачнай станцыі. Марына — намеснік дырэктара СШ №1. Талковыя зяць і нявестка. Ганарацца дзядуля з бабуляй і сваімі ўнукамі, цешацца з маленькай праўнучкі. «Дзякуем Богу за дзяцей і ўнукаў, — гаварылі. — Усё ў іх у парадку, усе забяспечаныя. Напрыклад, у сям’і сына тры машыны, унук Максім мае кватэру ў Мінску, унучка Юля зараз адпачывае ў Егіпце. Як не парадавацца за маладых? Ну а нам ужо думаць толькі пра тое, каб здароўе не дужа падводзіла. Што ні кажы, а гады даюць пра сябе ведаць».

Гэта сапраўды так. Але ветэраны працы ўсё роўна не сядзяць без справы. Яўгенія Яўстаф’еўна ўпраўляецца ў хаце, агародзе і кветніку. Кузьма Сямёнавіч у гэтыя дні абуладкоўвае кладоўку. Перад тым цэлы месяц абнаўляў агароджу перад домам. У яго заўсёды знаходзіцца работа ў сваёй майстэрні, абсталяванай самаробнымі цыркулярным, габлярным, такарным станкамі. Ну а сабраны таксама ўласнаручна трактарок безадказна слу­жыць ужо не адзін дзясятак гадоў.

Адным словам, у сапраўдных гаспадароў усё па-гаспадарску.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.