Учащиеся Поставского государственного колледжа помогают хозяйствам района на уборке картофеля

Образование

Не ў вучэбныя кабінеты, а на бульбяныя палеткі

Новы навучальны год толькі распачаўся, але ў некаторых падлеткаў у вучобе зноў перапынак. Маю на ўвазе навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага кале­джа, якія па традыцыі дапамагаюць гаспадаркам раёна на ўборцы бульбы.

Сёлета на палі выехалі 127 юнакоў і дзяўчат — гэта 6 студэнцкіх атрадаў (5 шчыруюць у ААТ «Навасёлкі-Лучай», 1 — у ААТ «Хацілы-агра»). Работу байцы студатрадаў распачалі ў аўторак, 8 верасня. У гэты ж дзень разам з першым сакратаром райкама БРСМ Кацярынай Малевіч я накіравалася да іх — у поле каля вёскі Жукі Навасёлкаўскага сельсавета.

Прадстаўнікі студатрада «Лідары»

— Мінулай восенню студэнцкія атрады не арганізоўваліся, — расказвала па дарозе Кацярына Малевіч. ­— Навучэнцы ўбіралі бульбу літаральна некалькі дзён. Сёлета сітуацыя змянілася: студ­атрадаўцы папрацуюць каля двух тыдняў. Большасць — у «Навасёлках-Лучаі». Сюды на ўборку бульбы штодня будуць прыяз­джаць каля 100 чалавек. Некаторыя з маладых людзей шчыравалі ў складзе летніх студатрадаў. Увогуле, супрацоўнічаць з каледжам заўжды лёгка і прыемна. Ва ўстанове арганізаваны дзве пярвічкі БРСМ — з ліку навучэнцаў і з ліку педагогаў. Актывісты пастаянна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах райкама, падтрымліваюць нашы ініцыятывы. Апошняя з іх была прысвечана 19-годдзю Саюза моладзі, і мы запісвалі фота- і відэавіншаванні.

Байцы студатрада «Чэмпіёны» імя Героя Савецкага Саюза Андрэя Корзуна

Прыязджаем на месца. Навучэнцы каледжа працуюць ля самай дарогі: збіраюць бульбу ў вёдры, носяць іх да грузавой машыны. Пры гэтым вядзецца ўлік, хто колькі прынёс.

— Хто лепш папрацуе — той больш заробіць, усё справядліва, — гаварыў майстар вытворчага навучання дзяржкаледжа Адам Кузміч, які кіруе студатрадам «Лідары» імя Героя Савецкага Саюза Пятра Корбута. — Сёння ў полі 18 маіх навучэнцаў. Усе яны другакурснікі, вучацца на трактарыстаў-вадзіцеляў у групе №225, у якой я з’яўляюся куратарам. Настрой у юнакоў добры, рабочы, сонечнае надвор’е гэтаму спрыяе. А вось ураджай сёлета горшы, чым у мінулым годзе. Напэўна, адыграла сваю ролю надвор’е…

«Лідары» Адама Часлававіча ў той дзень працавалі ў другую змену — з 14 да 18 гадзін. Гэтак жа, як і студатрад, сфарміраваны з будучых тэхнікаў-механікаў, які шчыраваў на полі непадалёк. Яго работай (а ў ім 19 чалавек) кіравала выкладчык спецыяльных дысцыплін каледжа Марына Хухрына.

Убіраць другі хлеб навучэнцам дапамагаў камбайн. Нягледзячы на наяўнасць спецыяльнай тэхнікі, работы было шмат (плошча ўборкі немалая). Хопіць яе ўсім і на наступным тыдні: у гаспадарцы бульба пасаджана на 40 гектарах.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.