Учебный год отсчет начинает… Как прошла линейка в средней школе №1 г. Поставы?

Важное Образование

Навучальны год адлік пачынае першым званком у краіну ведаў дзяцей запрашае

Каб пачуць яго меладычныя пералівы, сустрэцца са школьнымі сябрамі і настаўнікамі альбо ўпершыню адкрыць для сябе школьны сусвет, прыбраныя і шчаслівыя навучэнцы СШ №1, іх бацькі, бабулі і дзядулі нібы ручайкі пачалі сцякацца да навучальнай установы задоўга да пачатку ўрачыстай лінейкі.

Такой вялікай колькасці людзей школьны двор не бачыў, бадай, з тых часоў, калі ў кожным класе ўстановы займалася па некалькі паралеляў. А ўсё таму, што ў прыгожай, абноўленай пасля рамонту першай школе за парты сядуць яшчэ і тыя, хто перайшоў сюды з іншых школ пасля іх закрыцця.

Прысутных вітае дырэктар СШ №1 Валерый Каліцкі

— Віншую з пачаткам навучальнага года! — звярнуўся да ўсіх дырэктар СШ №1 Валерый Каліцкі. — Падчас гэтых летніх канікул у школьных сценах было шматлюдна як ніколі раней: працавалі будаўнікі, тэхнічны персанал, бацькі навучэнцаў і старшакласнікі дапамагалі прыбіраць кабінеты, перастаўлялі мэблю. Дзякуючы нашым сумесным намаганням сёння школа сустракае вас ва ўсёй сваёй прыгажосці. Жадаю хлопчыкам і дзяўчынкам захапляльнага шляху ў краіну ведаў, педагогам — укладваць душу ў вучняў, як ва ўласных дзяцей. У добры шлях!

Павіншаваць з 1 Верасня першую гарадскую школу завіталі і ганаровыя госці на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Станіславам Чымбургам.

— Сёння адно з самых значных свят — Дзень ведаў, — гаварыў Станіслаў Уладзіміравіч. — Вы ўжо заўважылі, як перайначылася школа, але на гэтым станоўчыя змены не скончыліся: неабходна яшчэ завяршыць рамонт на трэцім паверсе. Хутка і школьны стадыён будзе такім жа прыгожым, як і вашы класы. Ужо вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя на яго капітальны рамонт. Спортпляцоўка з сучасным пакрыццём і новым абсталяваннем стане для вас цудоўным падарункам, прынясе шмат станоўчых эмоцый ад заняткаў спортам. Усё гэта ў перспектыве, а зараз віншую са святам, жадаю вытрымкі, цудоўнага настрою, новых адкрыццяў і поспехаў!

Першакласнікі пасля ўручэння сімвалічнага ключа ад школы

Урачыстая лінейка — свята для ўсіх школьнікаў і настаўнікаў, але традыцыйна яго героямі лічацца першакласнікі і вучні 11 класа. Для першых гэта хвалюючы пачатак школьнага шляху, для другіх — выхад на фінішную прамую і хуткае развітанне з навучальнай установай. Пад апладысменты ўся школа сустракала новых навучэнцаў, якія разам з першымі настаўнікамі Аленай Байкоўскай, Галінай Тамашэвіч і Таццянай Лапыр зрабілі круг пашаны і сталі ў школьны строй. Неўзабаве малеча трымала і свой першы школьны экзамен — з надзвычайным стараннем і дзіцячай непасрэднасцю дэкламавала вершы. А якое «наваселле» без падарункаў? Апроч сімвалічнага ключа ад школы, першакласнікі атрымалі ад сёлетніх выпускнікоў сувеніры, папяровыя медалі і рознакаляровыя паветраныя шары.

Школы няма не толькі без вучняў, але і без настаўнікаў — верных захавальнікаў ведаў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Для іх, шаноўных і любімых, навучэнцы прынеслі букеты асенніх кветак. Увянчаў шчырыя ад сустрэчы словы і песенныя падарункі, якія гучалі на лінейцы, першы школьны званок. Гэта пачэснае права далі навучэнцу 11 класа Ігару Якубовічу і першакласніцам Анастасіі і Надзеі Варабей. Навучальны год пачаўся.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.