В нашем районе побывал первый заместитель главы Администрации Президента РБ Максим Рыженков

Местная власть

Наведаў прадпрыемствы, выслухаў грамадзян

У чацвер у нашым раёне пабываў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў.

Яго візіт на Пастаўшчыну пачаўся з наведвання малочнага завода. Намеснік дырэктара прадпрыемства Георгій Касцень узгадаў гісторыю завода, расказаў пра сучасную вытворчасць, прапанаваў прадэгуставаць прадукцыю пад маркай «Паставы-гарадок», якая рэалізуецца ў гандлёвых кропках Беларусі, 60% яе ідзе на экспарт. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца пастаўскія сыры, ражанка, масла сметанковае, смятана. Асартымент пастаянна пашыраецца. Пастаўскі малочны завод адзіны ў рэспубліцы выпускае натуральныя вяршкі для кандытарскіх мэт. У хуткім часе будзе закуплена абсталяванне для выпуску тварагу.

Максім Рыжанкоў прайшоў па цэхах, пагутарыў з членамі калектыву. Ён цікавіўся ўзроўнем сярэдняй заработнай платы на прадпрыемстве, якім чынам аказваецца падтрымка маладым спецыялістам і маладым сем’ям. І пачуў, што, згодна з калектыўным дагаворам, тут прадугледжана шмат гарантый тым, хто сумленна працуе. Работнікі завода ў сваю чаргу ўзнялі тэму закрыцця БШ №5, задавалі пытанні па цэнаўтварэнні, пенсійнай рэформе.

На ААТ «Паставымэбля» яго дырэктар Станіслаў Лацецкі паказаў высокаму госцю ўзоры мэблі, якую тут выпускаюць, прадэманстраваў навінкі вытворчасці. Заглянуў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта і ў абноўленую СШ №1, пагутарыў з яе дырэктарам Валерыем Каліцкім, зайшоў у спартыўную залу і сталовую, распытаў пра меню для школьнікаў. Добрыя ўражанні засталіся ў Максіма Рыжанкова і пасля экскурсіі па паркетным цэху Пастаўскага мэблевага цэнтра.

Падчас размовы з журналістамі ён адзначыў, што яго цікавіла, як у Паставах развіваецца інфраструктура вытворчасці. «Малочны завод — прыгожае сучаснае прадпрыемства, — сказаў, у прыватнасці, намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — Яго прадукцыя, як і прадукцыя прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі, запатрабаваная ў спажыўцоў. Калі развіваць такія вытворчасці, то і рэгіён будзе развівацца».

Пасля наведвання прадпрыемстваў Максім Рыжанкоў правёў прыём грамадзян у райвыканкаме. Папярэдне на яго запісаліся 9 чалавек. Трое з іх у чарговы раз прыйшлі з пытаннем наконт закрыцця базавай школы №5. З такім рашэннем райвыканкама людзі не згодныя і прасілі садзейнічання ў вырашэнні іх праблемы.

Кіраўнік раёна Сяргей Чэпік патлумачыў, што рашэнне аб закрыцці навучальнай установы райвыканкам быў вымушаны прыняць у сувязі з малой напаўняльнасцю школы. Летась тут вучылася толькі 160 дзяцей. Яны пераведзены ў іншыя школы горада. Настаўнікам пятай школы было прапанавана некалькі месцаў для працаўладкавання, і кожны ўжо зрабіў свой выбар.

Прадстаўнікі бацькоў, дзеці якіх раней вучыліся ў БШ №5, наракалі таксама на графік руху гарадскіх аўтобусаў, на якіх дзеці зараз дабіраюцца на заняткі і дадому.

Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што ні з аднаго рэгіёна краіны ў Адміністрацыю Прэзідэнта не паступае столькі зваротаў, звязаных з аптымізацыяй устаноў сістэмы адукацыі, як з Віцебскай вобласці. І параіў мясцовай уладзе больш даходліва тлумачыць бацькам перавагі пераводу дзяцей з малакамплектных школ у тыя, дзе значна больш магчымасцей для навучання і развіцця. А каб глыбей унікнуць ва ўзнятую праблему, паабяцаў пабываць у БШ №5. Запатрабаваў таксама ад адказных за падвоз школьнікаў асоб скарэкціраваць рух гарадскога транспарту з улікам пажаданняў бацькоў.

Маладую маму з Вярэнек хвалюе падвоз дзяцей у нарацкую школу. Праблема ўзнікла пасля таго, як пастаўскі ўчастак АТП-16 г. Глыбокае скараціў колькасць аўтобусных рэйсаў па маршруце Паставы—Гуменікі і школьнікам стала нязручна дабірацца на заняткі.

— Дзеці не павінны цярпець з-за адміністрацыйнага дзялення, — рэзюмаваў Максім Рыжанкоў. — Трэба падключыць аддзел па адукацыі Мядзельскага райвыканкама і знайсці выйсце з гэтай сітуацыі.

Пажылая сямейная пара прыехала на прыём у Паставы ажно з Маладзечна. Іх дом, згодна з генеральным планам развіцця горада, падлягае зносу. Аднак гаспадары не згодныя з умовамі, якія ім прапануе мясцовая ўлада. Тлумачэнні па гэтым пытанні даваў намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Сяргей Бохан. Максім Рыжанкоў даў месяц на тое, каб знайсці прымальнае выйсце з сітуацыі. У адваротным выпадку паабяцаў сам прыехаць у Маладзечна і разабрацца на месцы.

Некалькі чалавек звярнуліся да намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта з пытаннем павышэння пенсіі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.