В воскресенье во время сельскохозяйственной ярмарки поставчане запасали продукты на зиму

Главное Общество

Кірмаш паклікаў нас на зіму ствараць запас

Сельскагаспадарчаму кірмашу, які адбыўся ў ня­дзелю ў райцэнтры, паспрыяла надвор’е: пасля зацяжных дажджоў, пранізлівых вятроў і зусім не вераснёўскага холаду выдаўся сонечны дзень. Што, безумоўна, парадавала як прадаўцоў, так і пакупнікоў. Адных і другіх на рыначнай плошчы сабралася шмат. Зранку над ёй і наваколлем гучала музыка з дынамікаў, абвяшчаючы, што чакаецца не радавы кірмашовы дзень, а пасля афіцыйнага адкрыцця сцэнай на доўгі час завалодалі самадзейныя артысты.

Прысутных вітаў намеснік старшыні райвыканкамаСта­ніслаў Чымбург. «Сёлетняя ўборка выдалася вельмі напружанай і запатрабавала выкарыстання ўсіх магчымасцей. З-за капрызаў надвор’я было затрачана шмат сіл і сродкаў, — гаварыў выступоўца. — Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у раёне склала 29 цэнтнераў з гектара, а агульны намалот — 42,8 тысячы тон. Найбольшы ўклад у агульны каравай унеслі земляробы ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Камайскі-агра». Ва ўборцы ўдзельнічалі 70 камбайнаў. 20 камбайнераў намалацілі па тысячы тон збожжа і больш».

Многія нашы земляробы былі адзначаны на абласных «Дажынках», якія адбыліся ў Шуміліне. Станіслаў Чымбург з удзячнасцю назваў іх прозвішчы, падкрэсліў, што пастаўчанам ёсць кім ганарыцца.

Сельгаспрадпрыемствы прывезлі ў асноўным збожжа. Людзі ахвотна куплялі ячмень, пшаніцу, жыта і хутка разабралі іх. ААТ «Навасёлкі-Лучай», акрамя збажыны, прапаноўвала гарох і бульбу. Гандаль ішоў бойка, і многім гароху і бульбы не хапіла. Пыталіся, ці прывязуць яшчэ. Дарэчы, наступныя сельскагаспадарчыя кірмашы адбудуцца ў Паставах 3 і 10 кастрычніка, у Варапаеве — 30 верасня, у Лынтупах — 1 кастрычніка.

Намнога большую выручку, чым у звычайную нядзелю, атрымалі прадаўцы Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. Але ж і тавару яны прапаноўвалі шмат, разнастайнага і якаснага. Як заўсёды, асаблівым попытам карысталася прадукцыя ўласнай вытворчасці. Прыгожа, з густам аформілі кааператары свае палаткі. Пастаянна стаяла чарга па жывую рыбу, якую прывёз на кірмаш рыбгас «Навінкі». Тоўпіліся пакупнікі ля радоў, дзе фермеры ці звычайныя вясковыя працаўнікі прадавалі зерне, бульбу, моркву, капусту, яблыкі, саджанцы, кветкі і іншае.

Адным словам, кірмаш гуў як пчаліны рой. А святочны настрой стваралі самадзейныя артысты з Пастаў, Юнек, Парыжа, Гуты, Варапаева, Валкоў, Лынтуп, Кураполля, Лукашова. Яны прываблівалі людзей не толькі музыкай і песнямі, але і ўцягвалі ў конкурсы і гульні, заахвочвалі сувенірамі, частавалі гарачай гарбатай, дранікамі, выпечкай. Ну а мы, журналісты, прымалі падпіску на раённую газету. У кожнага быў свой інтарэс і свой клопат.

Фаіна Касаткіна. Фота Веранікі Філановіч

Больше фото в наших группах
в Одноклассниках и ВКонтакте



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.