Ветеран войны Борис Дмитриевич Семашко отметил свой 90-летний юбилей

Общество

Цяжкае, але прыгожае жыццё ветэрана вайны, жыхара райцэнтра Барыса Сямашкі.

15 верасня Барыс Дзмітрыевіч адзначыў сваё 90-годдзе. Яго невялічкая кватэра наўрад ці бачыла калі раней столькі гасцей, колькі завітала ў гэты дзень. Павіншаваць юбіляра прыйшлі старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Курто і старшыня райсавета ветэранаў Ганна Літвіновіч, ветэраны 32-й ракетнай дывізіі, у якой ён некалі служыў, прадстаўнікі камандавання ваеннага шпіталя, вучні СШ №4 і інш. Уручылі граматы, прывітальныя адрасы, кветкі, невялічкія падарункі. Прагучала шмат удзячных слоў і шчырых пажаданняў.

Усё гэта, безумоўна, не магло не расчуліць імянінніка і не разварушыць успаміны. «Жизнь вопреки» — так назваў Барыс Сямашка сваю аўтабіяграфічную кнігу, выдадзеную сёлета ў Пастаўскай друкарні. Шкада, што тыраж зусім невялікі і не многія пастаўчане яе прачыталі. Але якое моцнае ўражанне пакідае! Працытую радкі толькі з аднаго водзыва — Лідзіі Стрылец.«Глядзіш на чалавека — заўсёды спакойны, нетаропкі, ветлівы, акуратны — шчаслівы, — піша жанчына. — А прачытала кнігу — і мароз па скуры: колькі ж трагічнага ў яго лёсе! Голад, нястача, жах вайны, страты, сіроцтва і пастаянная барацьба — з бюракратызмам, несправядлівасцю, бяздушнасцю. Ніколі не паступіўшыся сумленнем, маючы ўласны гонар, застаючыся паважаным людзьмі. І яшчэ мяне ўражвае, як паўпісьменны вясковы хлопчык змог вырасці да талковага, моцнага фінансіста, які распараджаўся вялізнымі грашовымі сродкамі. Гэта ж якую сілу волі і настойлівасць трэба было мець!»

Цёпла віншавалі юбіляра вучні СШ №4

Ён нарадзіўся 15 верасня 1931 года на хутары ля вёскі Дубніцы Аршанскага раёна ў мнагадзетнай сям’і. У 1940 годзе пасля замірэння з фінамі ўрад СССР прыняў рашэнне аб засяленні адабраных у Фінляндыі земляў. У лік перасяленцаў трапіла і сям’я калгаснага брыга­дзіра Дзмітрыя Сямашкі. І гэта стала для яе трагічным. Неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна, а з ёй — эвакуацыя. Трапілі на Валагодчыну, адтуль — у Карэлію. Бацька ў 1943-м загінуў на фронце. Ад голаду і знясільваючай працы памерлі маці, дзве цёткі і дзядзька Барыса. Асірацелага хлопчыка прытуліла чужая сям’я, а потым яго залічылі выхаванцам 238-га армейскага запаснога стралковага палка. І ён разам з іншымі хлопчыкамі-сіротамі навучыўся і стаў іграць у ваенным духавым аркестры. Забягаючы наперад, скажу, што Барыс Сямашка з 1953 па 1960 год служыў у ваенным аркестры ў Паставах, які актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці раёна.

Пасля вайны былы сын палка закончыў фабрычна-заводскае вучылішча, атрымаў спецыяльнасць станочніка і працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1952-м прызвалі ў армію, і ўвесь далейшы лёс быў звязаны з ёй. Верай-праўдай служыў фінансістам у райваенкамаце, затым — у воінскай часці. На працягу больш чым 30 гадоў лічыў дзяржаўныя грошы, а сам атрымліваў мізэрны аклад. Але не наракаў ні на што, бо так жылі ўсе. Работа фінансіста вельмі адказная і спакуслівая. Аднак справядлівы і сумленны Барыс Сямашка не мог паступіцца сваімі прынцыпамі. Здараліся і канфліктныя сітуацыі з камандзірамі, але яму заўсёды ўдавалася адстаяць сваю пазіцыю. Хапала сіл, энергіі, ведаў і на грамадскую работу — быў дэпутатам гарсавета, прафсаюзным актывістам, удзельнічаў у выбарчых кампаніях, перапісах насельніцтва, з’яўляўся актыўным няштатным аўтарам раённай газеты і нават у «Советскую Белоруссию» дасылаў свае допісы. Мае багатую ўласную бібліятэку і да гэтага часу выпісвае новыя творы праз кніжны клуб.

А перажыта на доўгім жыццёвым шляху шмат. Атрымаўшы ў дзіцячым узросце траўму галавы, стаў пакутаваць ад цяжкага псіхічнага захворвання малодшы сын Дзіма. У якія толькі бальніцы ні вазілі яго бацькі, да якіх урачоў ні звярталіся — усё дарэмна. Чым больш гадоў праходзіла, тым цяжэй было спраўляцца з хлопцам. Але не здалі ў спецыялізаваны дом-інтэрнат, неслі свой крыж да канца. У снежні 2009-га Дзіма памёр. Маці перажыла яго толькі паўтара года.

Калі не стала Ніны, Барыс Дзмітрыевіч застаўся адзін у апусцелай кватэры. Але і такія жорсткія ўдары лёсу не зламалі волю мужнага чалавека. «Перш я баяўся памерці раней за Дзіму, які без мяне прапаў бы, і за Ніну, якая захварэла на анкалогію і якую трэба было дагледзець да апошніх дзён, — прызнаўся ветэран. — А жыву так доўга, напэўна, таму, што мне ёсць дзеля каго жыць — дзеля сыноў Сярожы і Сашы, унукаў Барыса, Олі, Насці, Ані, Вікі».

Адзін сын з сям’ёй жыве ў Магілёве, другі — у Брэсце. Наведваюцца да бацькі часта. Вось і ў дзень юбілею побач з ім быў Аляксандр і, несумненна, радаваўся той увазе, якой акружылі Барыса Дзмітрыевіча прысутныя. Ну а віншаванні імянінніку працягвалі паступаць цэлы дзень.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.