Воссоединение Западной и Восточной Беларуси: как разворачивались события на Поставщине?

История

Аб’ядналіся і многага дасягнулі

Цалкам справядліва, што дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства — у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта будзе адзначацца ў нашай краіне 17 верасня. У гэты дзень у 1939 годзе адбылася адна з найважнейшых падзей у гісторыі ХХ стагоддзя — уз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, падзеленай у 1921 годзе па ўмове Рыжскага мірнага дагавору.

Узгадаем, як разгортваліся падзеі і што было зроблена ў 1939—1940 гадах на Пастаўшчыне. Пра гэта шмат расказваецца ў кнізе «Памяць. Пастаўскі раён»

Да новага жыцця

1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу, распачаўшы Другую сусветную вайну, якая набліжалася да беларускіх зямель, палохала, што на змену польскай акупацыі прыйдзе нямецка-фашысцкая. У гэтых абставінах раніцай
17 верасня 1939 г., у адпаведнасці з раней дасягнутай дамоўленасцю з Германіяй аб сумеснай дэмаркацыйнай лініі, Савецкі ўрад аддаў загад Чырвонай арміі перайсці граніцу і вызваліць тэрыторыю Заходняй Беларусі.

У зале пасяджэнняў Народнага сходу дэлегатаў Заходняй Беларусі ў г. Беластоку А. І. Арцямёнак (у першым радзе крайні злева) і Ф. Р. Маркаў (у першым радзе крайні справа), 1939 год

З першага дня вызвалення ўсталёўвалася новая ўлада. Ствараліся часовыя ўпраўленні і сялянскія камітэты, міліцыя. Да моманту прыняцця Заходняй Беларусі ў склад БССР уладу на Пастаўшчыне прынялі на сябе органы часовага кіравання на чале з упаўнаважаным ЦК КП(б)Б Брыкавым. Пэўную дапамогу ў наладжванні работы сярод моладзі аказваў упаўнаважаны ЦК ЛКСМБ А. Л. Статкевіч. Для лепшай арганізацыі работы з моладдзю на тэрыторыі Пастаўскага, Мядзельскага і часткова Свянцянскага раёнаў быў створаны аргкамітэт павяткама.

У абстаноўцы палітычнага ўздыму 22 кастрычніка 1939 г. адбыліся выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў у заканадаўчым парадку вырашыць пытанне аб уладзе. Ён адбыўся 28—30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку. Ад Пастаўшчыны ўдзельнічаў жыхар в. Казічы, былы член КПЗБ, вязень польскіх турмаў М. А. Пронька. Дэпутаты Народнага сходу звярнуліся ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і ўз’яднанні яе з БССР. Просьба была задаволена 2 лістапада 1939 года на 5-й нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета 1-га склікання, а таксама 14 лістапада 1939 г. на 3-й нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР, дзе разам з іншымі прымаў удзел наш зямляк Ф. Р. Маркаў. Прадстаўніком збяднелага сялянства ад Пастаўшчыны быў А. І. Арцямёнак.

У хуткім часе на Пастаўшчыне пачаліся пераўтварэнні ў палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцці. Беззямельныя і малазямельныя сяляне атрымалі 13,5 тыс. га зямлі, сотні адзінак сельгасінвентару, 360 коней, 700 кароў, шмат іншай жывёлы. Адначасова былі адкрыты дзяржаўныя крамы. У студзені — сакавіку былі створаны мясцовыя органы савецкай улады. Фарміраванне іх закончылася толькі ў канцы года, калі ў выніку выбараў, якія адбыліся ў снежні, утварыліся сельскія, раённыя, гарадскія, абласныя Саветы дэпутатаў працоўных. Так, першым старшынёй Пастаўскага гарсавета быў абраны А. І. Арцямёнак, Пастаўскі сельсавет узначаліла Матрона Рыгораўна Замастоцкая. Былы палітычны вязень Картуз-Бярозы Сяргей Антонавіч Крэскіян абраны старшынёй Савіцкага сельсавета. Прадстаўляць інта­рэсы насельніцтва Пастаўшчыны ў Вярхоўным Савеце БССР быў аказаны давер загадчыку аддзела сацыяльнага забеспячэння райвыканкама Антону Мікалаевічу Пабядзінскаму.

Трэба адзначыць, што ў органы мясцовай улады прыйшлі людзі, якія не валодалі патрэбнымі ведамі і не мелі вопыту работы, спачатку быў і недавер да мясцовых кадраў. Таму партыйныя, савецкія, праваахоўныя органы ўзначальвалі кадры, прысланыя з Расіі або з усходніх абласцей БССР. З усходніх раёнаў на адказныя пасады было накіравана каля 250 чалавек.

У канцы 1939 — пачатку 1940-га створана 11 партыйных арганізацый і 1 партыйна-кандыдацкая група, на ўліку ў якіх было 115 камуністаў і кандыдатаў у партыю. Райкам партыі ўзначальваў Брыкаў, пазней — Аляксандр Андрэевіч Манахаў. На тэрыторыі раёна існавалі 32 пярвічныя камсамольскія арганізацыі. Яны аб’ядноўвалі больш за 300 чалавек (сакратар райкама камсамола А. Л. Статкевіч). Пераважна ў рады ЛКСМБ ішла бядняцкая моладзь і сярод іх з ліку першых: Васіль Асяненка, Ганна Маслоўская, Марыя Полех, Тамара Сікора, Яўстафій Касарэўскі (в. Вялікія Козкі), Адольф Буцько (в. Оцкавічы) і інш.

На 1 студзеня 1940 г. у выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў раёне існавала 20 сельскіх Саветаў: Андронаўскі, Оцкавіцкі, Вярэнькаўскі, Груздаўскі, Загаццеўскі, Камайскі, Курапольскі, Лынтупскі, Масляніцкі, Мягунскі, Навасельскі, Навасёлкаўскі, Палескі, Рынкянскі, Рэдуцкі, Савіцкі, Свілельскі, Старчунскі, Юнькаўскі, Пастаўскі (меў статус раённага падпарадкавання).

15 студзеня 1940 г. у складзе Вілейскай вобласці былі ўтвораны Пастаўскі і Дунілавіцкі раёны.

У 600 населеных пунктах Пастаўскага раёна пражывала каля 53 тысяч чалавек, у тым ліку 20 тысяч дзяцей.

Паставы мелі статус горада, Лынтупы, Камаі і Груздава — мястэчак. Усяго ў раёне налічвалася 4 907 гаспадарак. На базе Пастаўскага, Полаўскага, Лынтупскага і Смыцкага лясніцтваў быў арганізаваны Пастаўскі лясгас.

Змянялася аблічча краю

Пачатак сацыялістычным пераўтварэнням у эканоміцы паклала нацыяналізацыя прамысловасці і банкаў, якая адбывалася ў асноўным у лістападзе-снежні 1939 г. Рэканструяваліся старыя прамысловыя прадпрыемствы. Пачалося будаўніцтва новых. Рамесныя і саматужныя майстэрні сталі аб’ядноўвацца ў прадпрыемства прамысловай кааперацыі.

Асноўная прамысловасць была размешчана галоўным чынам у Паставах і мястэчку Лынтупы. Горад асвятляўся пры дапамозе газагенератараў, якія працавалі на драўняным паліве. Былі электрыфікаваны таксама элеватар, радыёвузел, друкарня, гарбарны завод. За кароткі тэрмін пабудавана і здадзена ў эксплуатацыю аўтарамонтная майстэрня. Пачаў дзейнічаць мэблевы цэх, які вырабляў за месяц 50 сталоў і 500 крэслаў. Быў створаны цэх па рамонце веласіпедаў, прымусаў, швейных машынак, патэфонаў і іншых прадметаў хатняга ўжытку. Дзейнічалі 4 цагельныя заводы, 3 паравыя і 1 вадзяны млын, 2 электрастанцыі і лесапільны завод. Спіртзавод у Лынтупах, наякім працавала каля 60 мясцовых жыхароў, перайшоў на трохзменную работу. Пастаўскі піваварны завод ужо у 1941 г. выпускаў не менш за 2 млн літраў піва за год, а мясакамбінат — каля 10 тон каўбасных вырабаў за суткі. Працавалі 4 маслазаводы, 18 сепаратарных пунктаў.

У Паставах існавала 7 арцелей: сталярная, харчовая, швейная, смалакурная, шавецкая, цагельная, фотаарцель.

У Лынтупах меліся смалакурная і цагельная арцелі, працавала ў раёне яшчэ 9 саматужна-вытворчых промыслаў. Пачалі стварацца таварыствы спажывецкай кааперацыі. Адкрываліся сталовыя, чайныя, хлебапякарні. Наладжвалася забеспячэнне гандлёвых устаноў таварамі.

У сельскай гаспадарцы пасля канфіскацыі памешчыцкіх зямель і падзелу іх паміж малазямельнымі сялянамі партыйныя і савецкія органы накіравалі намаганні на арганізацыю кааперацыі ў вёсцы. Сярод бяднейшых і часткі сярэдніх сялян знаходзіла падтрымку ідэя стварэння калектыўных гаспадарак. Было ўзята на ўлік каля 21 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, больш за 15 тыс. свіней, 11 тыс. коней. У 1940 г. на землях манькавіцкага маёнтка быў створаны калгас імя Леніна, а ў Кураполлі — калгас імя Сталіна. На працягу 1940—1942 гг. дзейнічалі калгасы: у вёсках Васіліны, Бараўкі, Палессе, Манькавічы, Лынтупы, Перавознікі.

342 сялянскія гаспадаркі аб’ядналіся ў калгасы, уякія ўступіла больш за 1 300 чалавек. Былі створаны машынна-трактарныя станцыі ў Паставах, Камаях і Ясевічах. У іх налічвалася 19 трактароў розных марак, 3 аўтамашыны, 18 плугоў, 4 сеялкі, 8 культыватараў.

Паспяхова развівалася спажывецкая кааперацыя. У Паставах было 14 крам, у сельскай мясцовасці дзейнічала 8 спажывецкіх таварыстваў, 74 магазіны. Адным з асноўных кірункаў дзейнасці партыйных і савецкіх органаў стаў клопат пра масавую адукацыю насельніцтва. У Паставах працавалі 1 сярэдняя, 3 няпоўныя сярэднія школы, у сельскай мясцовасці — 9 няпоўных сярэдніх і 71 пачатковая школа. У іх займалася 7,5 тыс. вучняў. На базе былой польскай гімназіі было арганізавана педвучылішча, а Лынтупская прагімназія ператворана ў няпоўную сярэднюю школу. Прадметы выкладалі 200 настаўнікаў. Для тых, хто не меў адпаведнай падрыхтоўкі, працавалі падрыхтоўчыя курсы. У 1940 годзе іх наведвалі больш за 100 чалавек. Пачалі адкрывацца вячэрнія школы і курсы па ліквідацыі непісьменнасці для дарослых.

Паступова пашыралася сетка культурна-асветных устаноў.

Рэгулярна выходзіла раённая газета тыражом 2 тыс. экзэмпляраў.

У 1940 г. у раёне працаваў кінатэатр, 15 хат-чытальняў, 3 бібліятэкі, у тым ліку і раённая, 90 чырвоных куткоў. Дзейнічала больш за 150 гурткоў мастацкай самадзейнасці: 50 харавых, 30 драматычных, 15 музычных і інш.

У Паставах вёў трансляцыі радыёвузел, разлічаны на 1,5 тыс. радыёкропак. У раёне працавалі 3 царквы, 6 касцёлаў, сінагога.

Значныя змены адбыліся ў галіне аховы здароўя. У Паставах у 1940 годзе працавала бальніца на 45 ложкаў, амбулаторыя, дзіцячая кансультацыя, тубдыспансер, вендыспансер, трахаматозны пункт, санстанцыя. Іх абслугоўвалі 10 урачоў, 5 акушэрак, 3 фельчары, 17 медсясцёр і іншы медперсанал. Адкрылася бальніца ў Дунілавічах, урачэбныя ўчасткі ў Лынтупах, Груздаве, фельчарска-акушэрскія пункты ў Манькавічах, Гурніцы, Кураполлі. Медустаноў было яўна недастаткова, таму ў раёне пачалося будаўніцтва новай бальніцы на 45 ложкаў.

Пастаўскі раён, як і іншыя раёны Заходняй Беларусі, пасля ўз’яднання зрабіў значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці. Але напад гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз і акупацыя Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі перарвалі гэты працэс.

Падрыхтавала Фаіна Касаткіна
Фота з фондаў Пастаўскага раённага краязнаўчага музея



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.