Вячеслав Шафарович из Воропаева выращивает много видов винограда, а его жена Светлана — заядлый цветовод

Общество

Падсалоджвае жыццё вінаград

Напісаць пра Вячаслава і Святлану Шафаровічаў з Варапаева параіла адна з чытачак раёнкі, якая пражывае ў гарпасёлку. Патэлефанаваўшы ў рэдакцыю, яна расказала, што гаспадар вырошчвае шмат гатункаў вінаграду, частка якога пасаджана ў цяпліцы, а гаспадыня — заўзяты кветкавод.

Звязваюся з героямі будучай публікацыі і дамаўляюся пра сустрэчу. Падчас яе Вячаслаў Вячаслававіч узгадвае, з чаго пачалося яго захапленне:

Дзесьці ў канцы 90-х я пасадзіў сіні вінаград, які ў народзе называюць «ізабэла». Спачатку ён рос, як і ва ўсіх, без асаблівага догляду. Потым захацелася іншых, больш экзатычных, гатункаў. Набыўшы саджанцы, стаў глядзець у інтэрнэце, як правільна іх даглядаць. На юцюбе зараз мноства відэаролікаў на гэту тэму, шмат захопленых вінаградарствам людзей, у тым ліку ў нас, у Беларусі. Нават праходзіць вінаградны фестываль у Самахвалавічах.

Сёння на ўчастку Шафаровічаў растуць ажно 16 гатункаў вінаграду. Гаспадар не толькі памятае назву і краіну паходжання кожнага, але і можа расказаць пра яго асаблівасці.

Вось «алёшачкін», вельмі смачны і папулярны гатунак, — апавядае мужчына, праводзячы для мяне экскурсію па сваіх уладаннях. — Сёлета ён парадаваў добрым ураджаем. Але мае адзін недахоп — дужа хваравіты, трэба часта яго апрацоўваць. Далей тэхнічны гатунак «салярыс», з якога вырабляюць белае віно. Нядаўна паспрабаваў паставіць, не ведаю, што атрымаецца. А гэта венгерскі «нэра» — чорны буйнаплодны вінаград. Яго саджанцы перадалі з Бярэзінскага запаведніка, дзе працуе сын, узамен на мае чаранкі. За ім — «агат данскі», амерыканскі «юпітэр», пара гатункаў прыбалтыйскай селекцыі, «вікторыя», якую вельмі любяць восы. У цяпліцы — малдаўская «кадранка», «аркадзія», «кішміш запарожскі», «юбілей Новачаркаска», «лора» і «кеша». «Кешу» я пасадзіў нядаўна і пакуль не бачыў ураджаю.

Каб вінаград добра плоданасіў, яму трэба прысвяціць шмат часу і сіл. Восенню — абрэзаць парасткі, якія не выспелі, і як след укрыць лазу на зіму. У красавіку — адкрыць і апрацаваць ад грыбковых хвароб прэпаратамі на аснове медзі. Затым, калі з’явяцца маладыя парасткі, — праламаць іх, пакідаючы пэўную колькасць, каб пазбегнуць загушчэння і былі буйнымі ягады. Пасля з’яўлення пятага ліста праводзіцца хімічная апрацоўка фунгіцыдамі, наступная — перад цвіценнем, яшчэ адна — пасля яго. Буйнаплодны вінаград трэба рэгуляваць яшчэ і гронкамі, пакідаючы на парастках па адной, астатнія — выразаць. Акрамя таго, неабходна пастаянна абломліваць пасынкі, сачыць, каб лаза не вырасла вельмі доўгай, рэгулярна яе падкормліваць.

Усё гэта Вячаслаў Вячаслававіч безагаворачна выконвае, і капрызная паўднёвая расліна аддзячвае яму багатым ураджаем. Салодкую ягаду Шафаровічы ядуць самі, частуюць суседзяў і ўсіх родных. Таксама вараць джэм і ставяць яблычна-вінаградны сок. І хоць вінаграду хапае на любы густ, гаспадар плануе павялічыць яго відавую разнастайнасць. Але не шляхам пасадкі новай лазы, а за кошт прышчэпак на той, якая ёсць. Сёлета паспрабаваў гэта зрабіць, і прышчэпленыя чаранкі прыжыліся.

Вінаградарства — хобі мужчыны. Па прафесіі ён сталяр, працуе ў будаўнічай брыгадзе ў Варапаеўскай дыстанцыі пуці. Пра тое, што работа звязана з дрэваапрацоўкай, сведчаць драўляныя шклопакеты ў вокнах дома, мэбля і прадметы інтэр’ера, якія не адрозніш ад фабрычных.



Вячаслаў Шафаровіч плануе павялічыць відавую разнастайнасць вінаграду за кошт  прышчэпак на лазе, якая ёсць.



Не адстае ў плане захапленняў ад мужа і жонка, Святлана Рышардаўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры Варапаеўскай СШ. Яна не ўяўляе свайго жыцця без кветак, якія ў вялікай колькасці растуць не толькі каля дома, але і ў ім. З ранняй вясны на ўчастку цвітуць прымулы, крокусы, сцылы, нарцысы, цюль­паны… Апошніх у гаспадыні каля 20 гатункаў. Яны радуюць вока на працягу паўтара месяца.

Калі вясной еду ў Мінск, абавязкова купляю штосьці з кветак, — расказвала жанчына. — Аднаго часу ў мяне было ажно 19 глаксіній, і сярод іх 11 — рознага колеру і гатункаў. Глаксініі тады красаваліся на ўсіх падаконніках у доме. Таксама раней захаплялася астрамі. Яны раслі літаральна паўсюль. Цяпер шмат цюльпанаў і петуній, хачу развесці гартэнзіі.

Ёсць у гаспадыні і экзатычныя хатнія кветкі: толмія, эухарыс, або амазонская лілія, рэдкія віды бягоніі, з семак вырасціла два дэкаратыўныя гранаты. Пры гэтым кветкаводства — не адзі­нае захапленне жанчыны. Яна па-майстэрску вяжа пруткамі і кручком, забяспечваючы ўсіх блізкіх хэндмэйд-падарункамі на Новы год і іншыя святы.

Ну а аб’ядноўвае Шафаровічаў сямейнае хобі — фатаграфаванне. Здымаюць у асноўным прыроду, прыгожыя пейзажы, якімі завешаны сцены ў гасціным пакоі. Шмат фотаздымкаў прывозяць з падарожжаў за мяжу, дзе таксама любяць бываць.

— Я не разумею людзей, якія скардзяцца, што ім сумна на пенсіі ці ў водпуску, — кажа Святлана Рышардаўна. — Столькі ўсяго наўкол! Захапленне робіць жыццё іншым, надае яму сапраўдны смак. Лічу: на ўсё можна знайсці час, нават калі сям’я, дзеці, работа. Галоўнае — жаданне.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.