Выездная бригада Поставской ЦРБ привила работников ОАО «Поставымебель» 2-м компонентом вакцины против COVID-19

Важное Здравоохранение

З выездам на прадпрыемства

У панядзелак выязная брыгада Пастаўскай ЦРБ прышчапіла чарговую групу работнікаў ААТ «Паставымэбля» другім кампанентам вакцыны супраць COVID-19.

Агульны збор заяўленых у спісе на прышчэпку быў аб’яўлены на 14.45. Але ўрач агульнай практыкі паліклінікі Анастасія Танана і памочнік урача Анастасія Грышчанок прыехалі крыху раней. Каб не ства­раць чаргі, загадзя распакавалі шпрыцы, падрыхтавалі вату і пластыр, разагрэлі ў далонях флаконы з медпрэпаратам.

— Першая група людзей на гэтым заводзе была прышчэплена летам, — расказвала Анастасія Танана. — Некаторыя работнікі пажадалі вакцынавацца ў паліклініцы. Зараз другім кампанентам «Спутніка V» расійскай вытворчасці прышчапляем яшчэ 14 чалавек. Імунізацыя наладжана не толькі ў паліклініцы, але і на ФАПах і ў амбулаторыях раёна. Па заяўках выязджаем на прадпрыемствы і ў арганізацыі, а таксама дадому да тых, хто з-за аб’ектыўных прычын не можа прыйсці ў медустанову самастойна. У хуткім часе чакаем пастаўку кітайскай вакцыны, на якую таксама ёсць попыт у грамадстве.

Анастасія Грышчанок робіць прышчэпку Леаніду Юркову

У разгорнуты на прадпрыемстве пункт вакцынацыі захо­дзяць першыя ахвотныя.

— Як самаадчуванне? Ці турбавала штосьці пасля ўвядзення першага кампанента вакцыны? — цікавяцца медыкі.

— Трымалася невялікая тэмпература, балела месца ўколу, — адказвае маладая жанчына.

Спецыялісты тлумачаць, што крыху павышаная тэмпература цела пасля прышчэпкі — натуральная рэакцыя арганізма на ўведзены медпрэпарат і сведчыць пра тое, што імунітэт выпрацоўвае антыцелы.

Здранцвела рука пасля ўвя­дзення першай дозы ў Леаніда Юркова, але за дзень боль прайшоў. «Крыху раней прышчапіліся мая жонка і дачка, я таксама вырашыў сябе абараніць ад хваробы, — гаварыў. — Выконваў усе рэкамендацыі пасля прышчэпкі, насіў маску. Адчуваю сябе добра».

А вось у Валянціны Петух, як і ў большасці завадчан, ніякіх нараканняў не было.

— Прышчапляюся добраахвотна, — паведаміла Валянціна Іванаўна. — Пра тое, ці варта мне вакцынавацца, разважала некалькі месяцаў. У выніку вырашыла, што так будзе лепш і для майго здароўя, і для калектыву, у якім працую. Да таго ж з’яўляюся старшынёй ветэранскай арганізацыі прадпрыемства і часта сустракаюся з былымі калегамі, многія з іх — людзі паважанага ўзросту, даўно на пенсіі. Не хачу стаць для іх крыніцай захворвання.

Самы час зрабіць прышчэпку супраць каранавіруснай інфекцыі і астатнім. Колькасць лю­дзей, якія захварэлі на кавід, павялічваецца. А імунізацыя калі і не выключыць факт інфіцыравання, то зробіць працяканне хваробы больш лёгкім, знізіць верагоднасць лятальнага зыходу.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.