За новыми биометрическими документами — в отделение по гражданству и миграции ОВД райисполкома

Главное Общество

Па дакументы з прыстаўкай «бія»

З 1 верасня ў Беларусі разам са звычайнымі папяровымі пачалі выдаваць новыя, біяметрычныя, дакументы, якія засведчваюць асобу. У ліку іншых гэтым займаецца аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў Пастаўскага райвыканкама. Сёння сюды па ідэнтыфікацыйныя (ID) карты і біяметрычныя пашпарты звярнуліся 15 грамадзян Рэспублікі Беларусь і 16 замежных грамадзян, зарэгістраваных на тэрыторыі раёна. Некаторыя іх ужо атрымалі.

Прымаць заяўкі на выдачу дакументаў новага ўзору мы пачалі з першага дня, — расказваў начальнік АГіМ Павел Шылей. — Тады да нас прыйшлі трое грамадзян Беларусі і трое іншаземцаў. Цяпер наведвальнікаў няшмат. Прыкладна палова беларусаў, якія звяртаюцца, жадаюць атры­маць як ID-карту, так і пашпарт для выезду за мяжу, астатнія — толькі ID-карту. Большасць прыходзяць па іх у сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння старога пашпарта, некаторыя жадаюць хутчэй стаць уладальнікамі сучасных дакументаў. Дарэчы, зараз дазваляецца мець адразу два біяметрычныя пашпарты, што зручна для тых, хто часта бывае за мяжой, у прыватнасці для вадзіцеляў-міжнароднікаў. Адзін можна падаць у пасольства для атрымання візы, а па другім выехаць за межы краіны. Замежным грамадзянам мы выдаём біяметрычныя пасведчанні на права жыхарства.

Вячаслаў Власаў ідэнтыфікуе асобу Аляксандра Стоціка перад выдачай яму ID-карты

У канцы мінулага года аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі атрымала тэхнічныя комплексы па зборы біяметрычных даных і выдачы гатовых дакументаў. А вось вырабляюцца яны ў Мінску. Адпячаткі пальцаў будучага ўладальніка ID-карты або біяметрычнага пашпарта, яго фотаздымак і электронна-лічбавы подпіс разам з іншай інфармацыяй пра заяўніка АГіМаўцы перадаюць па спецыяльнай ведамаснай сетцы ў сталіцу. А самі кантралююць, на якой стадыі знаходзяцца дакументы: у апрацоўцы або ў вытворчасці, каб не ўпусціць устаноўленых для выдачы тэрмінаў. У звычайным парадку на выраб адводзіцца 15 рабочых дзён, у паскораным — 10, тэрміновым — 5. У Паставы дакументы дастаўляюць фельд’егерскай службай. Пра іх гатоўнасць уладальніку могуць паведаміць дадаткова, адправіўшы SMS-паведамленне на тэлефон, калі той аплаціць такую паслугу.

Пасля ўстаноўкі новых комплексаў усе работнікі аддзялення, уключаючы кіраўніка, прайшлі навучанне на спецыяльна арганізаваных семінарах у Глыбокім. Ну а пастаянна працу­юць на іх пашпартысты Наталля Бароўка і Вольга Ліпатава, якія прымаюць заяўкі, і вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва Вячаслаў Власаў — ён выдае дакументы.

Калі ўсё праходзіць гладка — адпячаткі пальцаў выразныя, заяўнік з першага-другога разу адабрае зроблены фотаздымак і варыянт свайго электроннага подпісу, — працэдура збору даных займае не больш за 10 хвілін, — працягвае Павел Шылей. — У дзяцей да 14 гадоў адпячаткі пальцаў і электронны подпіс мы не бяром, таму ў іх пашпарт і карта няпоўныя. Калі, напрыклад, спатрэбіцца вырабіць новыя дакументы інваліду, можам выехаць да яго дамоў. Для гэтага ў Глыбокім маецца мабільны комплекс па зборы біяметрычных даных, і іх спецыяліст гатовы прыехаць па заяўцы ў наш раён.



Грамадзянам, якія знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, і дзецям ва ўзросце да 14 гадоў ID-карта выдаецца бясплатна. Пенсіянерам і інвалідам І і ІІ груп яна абыдзецца ў 1 базавую велічыню, усім астатнім – у 1,5 базавай.

Бясплатна атрымаць біяметрычны пашпарт могуць грамадзяне на поўным дзяржзабеспячэнні. Для непаўналетніх да 14 гадоў, пенсіянераў і інвалідаў І і ІІ груп ён каштуе 1,5 БВ, для астатніх – 2 БВ.

За выдачу гэтых дакументаў у паскораным парадку давядзецца заплаціць дадаткова 1 БВ, у тэрміновым – 2 БВ.



Пакуль размаўляла з Паўлам Фёдаравічам, па ID-карту ў АГіМ прыйшоў пастаўчанін АляксандрСтоцік. Вячаслаў Власаў прапанаваў яму прыкласці палец да сканера адпячаткаў пальцаў, каб ідэнтыфікаваць асобу, а затым уручыў новы дакумент.

У мяне закончыўся тэрмін дзеяння старога пашпарта, таму і зрабіў ID-карту. Чаму не заказваў папяровы пашпарт? Рана ці позна яго ўсё роўна прый­дзецца мяняць на карту. Вырашыў атрымаць яе цяпер, каб ісці ў нагу з часам. Да таго ж карта зручнейшая: яна маленькая, кампактная. Крыху пазней думаю зрабіць і біяметрычны пашпарт, — патлумачыў сваё рашэнне Аляксандр.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.