Зимние деликатесы для бурёнок заготавливают механизаторы Валерий Рутковский и Александр Яночкин

Общество

Зімовыя далікатэсы для буронак нарыхтоўваюць механізатары Валерый Руткоўскі і Аляксандр Яначкін.

Абодва працуюць з прэс-падборшчыкамі: Валерый — у ААТ «Камайскі-агра», Аляксандр — у ААТ «Кураполле-агра». Першы за сезон накруціў 9 300 рулонаў вагой амаль паўтоны кожны, другі — 7 300. Гэта найлепшыя вынікі ў вобласці.

Дабіцца такога ўдалося дзякуючы густым травам, — тлумачыў Валерый Руткоўскі. — На палях нашай гаспадаркі яны сёлета ўрадзілі добра. Заклалі ў дастатковай колькасці сенажу ў траншэі, шмат нарыхтавалі ў палімернай плёнцы. Прэс-падборшчык належыць аграпрамысловаму аб’яднанню, якое створана на базе Пастаўскага малочнага завода. Таму працаваць даво­дзілася і на палях «Янавіцы-агра», «Сцяга Перамогі-агра», сельгас­прадпрыемства «Дунілавічы-агра», дзе аддаюць перавагу корму ў стрэйч-плёнцы. Гэта сапраўдны далікатэс для кароў. Але нарыхтоўваць яго трэба строга па тэхналогіі. Дарагія коканы (а сетка і плёнка каштуюць немалых грошай) не дадуць эфекту, калі не будзе неабходнай шчыльнасці прасавання. Новым прэс-падборшчыкам задаволены. Стараўся выкарыстоўваць яго прадукцыйна. Каб мець кармы, стараецца шмат людзей: адны апрацоўваюць глебу, другія сеюць, трэція падкормліваюць травы, затым косяць. Ланцужок доўгі. Я замыкаю тэхналагічны працэс.

Валерый Руткоўскі

Валерый Руткоўскі — хле­бароб з вялікай літары. Яму ў «Камайскім» даручаюць самыя адказныя работы. Вясной і восенню сее зерневыя. Вось і ў гэтыя дні задзейнічаны на сяўбе азімых.

Некалькі гадоў я не займаўся хлебаробскай справай, — казаў Валерый Руткоўскі. — Працаваў вадзіцелем ў мясцовым лясніцтве, вальшчыкам лесу. Урэшце зноў вярнуўся ў «Камайскі». І не шкадую: зямля — гэта маё.

У Камаях жыве і старэйшы сын Руткоўскага, які працуе юрыстам у гаспадарцы. Нявестка — галоўны ветурач.

Аляксандр Яначкін

З кагорты патомных хлеба­робаў і механізатар ААТ «Кураполле-агра» Аляксандр Яначкін. Яго прэс-падборшчыку — 9 гадоў, столькі ж і трактару. Але ў гаспадарлівых руках тэх­ніка служыць спраўна.

Сёлета я рулоніў травы ў асноўным па палях, дзе пасвіўся грамадскі статак, — расказваў Аляксандр Яначкін. — Таму выпрацоўка меншая. А на добрых сенажацях белыя «шпулькі» круцяцца лёгка і хутка. Корм у герметычнай упакоўцы доўга захоўвае пажыўныя якасці, насычаны бялкамі, вітамінамі і мікраэлементамі.

Аляксандр Яначкін — адзін з найлепшых механізатараў ААТ «Кураполле-агра». На бацьку раўняецца старэйшы сын, Валерый. Малодшы, Дзя­ніс, ву­чыцца на апошнім курсе Лужаснянскага аграрнага ка­леджа, марыць паступіць у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўнівер­сітэт.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.