Значны юбілей асобай часці
1 кастрычніка — Дзень часці 3-га рэгіянальнага вузла радыёэлектроннай разведкі. Сёлета ёй споўнілася 40 гадоў. З гэтай нагоды ваеннаслужачыя, ветэраны сабраліся на ўрачысты сход у раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча.
З прывітальным словам да прысутных звярнуліся цяперашні камандзір часці Дзмітрый Савасцюк і былы — Дзмітрый Абрамовіч, яго намеснікі Ігар Альгасюк і Сяргей Рагель, камандзір 153-й асобнай Кёнігсбергскай ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгады (асобага назначэння) Андрэй Калач.

Асобны радыётэхнічны батальён быў сфарміраваны 1 кастрычніка 1981 года ў складзе 153-й асобнай радыётэхнічнай брыгады і дыслацыраваўся ў Валожыне. Затым некалькі разоў рэфармаваўся і ўрэшце стаў 3-м рэгіянальным вузлом радыёэлектроннай разведкі. 1 верасня 2018 года часць перадыслацыравалася ў Паставы.

Дзмітрый Абрамовіч у 3-і рэгіянальны вузел прыйшоў лейтэнантам. Прайшоў усе прыступкі кар’ернага росту. У 2013 годзе быў назначаны камандзірам. На гэтай пасадзе знаходзіўся да 2020 года. Разам са сваім першым намеснікам — начальнікам штаба Ігарам Альгасюком і намеснікам па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Сяргеем Рагелем яны прыклалі шмат намаганняў для перадыслакацыі воінскай часці з Валожына ў Паставы.

Асабовы склад вузла робіць усё для забеспячэння ваеннай бяспекі і надзейнай абароны Айчыны. З кожным годам адбываецца значнае тэхнічнае пераўзбраенне. Тэхніка рэгіянальнага вузла радыёэлектроннай разведкі ўкамплектавана найноўшай апаратурай. Абсталяваны зручныя рабочыя месцы для дзяжурных змен. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць атрымліваць максімум звестак пра патэнцыяльнага праціўніка, які знаходзіцца нават на вялікай адлегласці.
Большасць ваеннаслужачых часці з вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, кожны – упэўнены карыстальнік персанальнага камп’ютара.
Але якой бы магутнай ні была тэхніка, без кваліфікаваных спецыялістаў яна не прынясе карысці. Камандзір часці і вышэйшае кіраўніцтва задаволены поспехамі ваеннаслужачых. На свяце граматамі, падзякамі адзначаны каля 20 чалавек. Сярод узнагароджаных як вопытныя афіцэры, прапаршчыкі, так і ваеннаслужачыя кантрактнай і тэрміновай службы. Андрэй Калач уручыў таксама Падзячнае пісьмо пастаўчанцы Яніне Сінкевіч за годнае выхаванне сына. Кожны з узнагароджаных вызначаецца добрай фізічнай падрыхтоўкай, высокім інтэлектам, жаданнем служыць.

Ваеннаслужачыя запэўнілі, што служыць у радыёэлектроннай разведцы прэстыжна і ганарова. Яе роля з кожным годам расце. Неад’емная частка службы — работа з радыёапаратурай, уменне весці радыёразведку, выконваць іншыя задачы.

Нароўні з мужчынамі ў 3-м рэгіянальным вузле служаць і жанчыны. Яны годна выконваюць усе воінскія абавязкі і вырашаюць складаныя вучэбна-баявыя задачы. Пры гэтым застаюцца мілымі, прывабнымі, удала спалучаюць службу і клопат пра ўласныя сем’і, выхаванне дзяцей.
З падарункамі і ўдзячнасцю за супрацоўніцтва да юбіляраў звярнуліся ваенны камісар раёна Мікалай Кулік, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзмітрый Куталёў камендант пагранкамендатуры «Паставы» Васілій Куратнік. Святочны канцэрт падрыхтавалі ўдзельнікі гурткоў і студый раённага Дома культуры.
Пасля ўрачыстасці ваеннаслужачыя яшчэ доўга радаваліся сустрэчы з былым камандаваннем, ветэранамі, успаміналі перыяд перадыслакацыі, абмяркоўвалі сённяшнія справы.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара