2021 год богат юбилеями для директора ДШИ им. А.Тизенгауза Анатолия Соболя

Важное Культура

У сугуччы нот – мелодыя жыцця

Для дырэктара Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Анатолія Собаля гэты год багаты на юбілеі. У лютым 30-ы дзень нараджэння адзначыў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансабль «Паазер’е», якім ён кіруе. У жніўні споўнілася паўстагоддзя, як сам прыйшоў працаваць у школу. А 4 кастрычніка Анатолій Анатольевіч святкаваў сваё 70-годдзе. Зразумела, такія даты не маглі застацца незаўважанымі і паслужылі нагодай для сустрэчы з юбілярам.

Анатолій Собаль са сваёй музычнай сям’ёй

Апантаны баянам

— Я з дзяцінства марыў быць музыкантам, — расказваў Анатолій Собаль пра свой шлях у мастацтва. — У маю памяць назаўсёды ўрэзаўся гарманіст на вяселлі ў родных Соўках, на якое мяне, 4-5-гадовага хлопчыка, узялі бацькі. А ў галаве і сёння гучыць мелодыя, якую ён выконваў разам са скрыпачом і цымбалістам. Мама потым не раз успамінала, што з вяселля разышліся амаль усе госці, а я ўсё стаяў і, як зачараваны, глядзеў на музыкаў.

Крыху пазней стрыечны дзядзь­ка Уладзімір Соўка, на той час студэнт Белдзяржуніверсітэта, прывёз з Мінска ў падарунак пляменніку гармонік. Але не такі, які заказаў хлопчык, а губны. Расчараванню малога не было межаў. І ў наступны раз Уладзімір купіў сапраўдны двухрадны гармонік. На ім будучы музыкант пачаў самастойна вучыцца граць, бо дзядзь­ка паставіў умову: выканаць што-небудзь на яго вяселлі. Да­дзенае слова пляменнік стрымаў.

— У малодшых класах я ўжо граў на ўсіх школьных канцэртах, — працягваў Анатолій Анатольевіч. — Гармонік быў для іх слабаваты, і бацькі купілі мне акардэон пры тым, што жылі небагата. Адначасова быў музыкантам у клубе. Разам з юнькаўскімі артыстамі ездзіў з канцэртамі па вёсках раёна. Выглядала гэта камічна: мяне амаль не было відаць за інструментам, і спачатку на сцэну выносілі акардэон, а затым горда выходзіў я. Падчас такіх выступленняў мяне заўважылі і парэкамендавалі паступіць у музычную школу.

Таленавітага хлопчыка ўзяў да сябе ў клас цудоўны педагог Міхаіл Рак. Год вучыў яго ігры на акардэоне, а потым перавёў на баян, выдатна падрыхтаваўшы да паступлення ў Мінскае музычнае вучылішча імя М. І. Глінкі. Яго навучэнцам Анатолій стаў пасля заканчэння васьмігодкі. А праз 4 гады разам з дыпломам аб адукацыі атрымаў рэкамендацыю ў кансерваторыю. Але ў апошні момант вырашыў не ісці на ўступныя экзамены і вярнуўся дамоў.

Пасля прыезду ў Паставы адразу быў прыняты на работу ў музычную школу. Ды доўга папрацаваць не атрымалася: праз два месяцы прызвалі ў армію. Там малады настаўнік усвядоміў, што зрабіў памылку, не захацеўшы вучыцца далей, і пачаў рыхтавацца ў кансерваторыю. Паступіць у яе атрымалася толькі з другога разу. І цяпер вучобу прыйшлося сумяшчаць з клопатам пра ўласную сям’ю, якую стварыў адразу пасля вяртання з арміі, і работай у школе. У 1978 годзе прапанавалі пасаду намесніка дырэктара школы. А ў 1988-м узначаліў яе.

— Тады я ўжо 4 гады працаваў з Груздаўскім цымбальным аркестрам, з’яўляючыся яго кіраўніком, — успамінае музыкант. — Калектыў быў вялікі — 45 чалавек, 15 цымбалаў — і вядомы далёка за межамі раёна. Дзе мы толькі не выступалі! Рэпетыцыі, канцэрты, падбор рэпертуару, акрамя таго, заняткі з вучнямі ў Паставах і Груздаве, работа акампаніятарам у раённым Доме культуры… Зараз я здзіўляюся, як усё паспяваў.

Але з цягам часу адзін за адным пачалі паміраць груздаўскія музыкі, змяншалася колькасць вучняў у мясцовай школе, якія ў далейшым маглі замяніць іх. Гэта, а таксама складанасці з набыццём новых інструментаў для калектыву, яго чыста народны характар і вялікая прадстаўнічасць прымушалі кіраўніка задумвацца пра будучыню аркестра. У выніку было прынята рашэнне закрыць яго і стварыць новы, больш мабільны, калектыў, які стаў пераемнікам музычных традыцый груздаўскіх дзядоў. Так нарадзілася «Па­азер’е».

З дынастыі Собаляў

У склад ансамбля разам з іншымі настаўнікамі музычнай школы ўвайшоў малодшы брат Анатолія Собаля Аляксандр. На той час ён таксама закончыў музычнае вучылішча па класе баяна і выкладаў у ДМШ. У «Паазер’і» прыйшлося асвоіць кантрабас. Праз некалькі гадоў падрасла дачка Лена, і бацькі аддалі яе вучыцца ігры на цымбалах. Паралельна з сучаснымі асвойвала дыятанічныя і грала ў дзіцячым фальклорным ансамблі пад кіраўніцтвам Анатолія Анатольевіча. Пасля заканчэння Наваполацкага музычнага вучылішча Алена ўслед за роднымі прыйшла працаваць у Пастаўскую ДМШ і неўзабаве стала чарговай удзельніцай «Паазер’я». Там жа доўгі час іграў яе муж Іван Антух, таксама выпускнік гэтай школы.

Па слядах бацькоў і дзеда пайшла і ўнучка А. Собаля — Ганна Антух. У школе дзяўчынка навучалася ігры на фартэпіяна, любіла спяваць і часта выступала на раённай сцэне. Потым паступіла ў Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага. А зараз завочна вучыцца на 4 курсе Інстытута сучасных ведаў у Мінску і другі год працуе намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце. Яе родная сястра Каця авалодвае тут навыкамі ігры на скрыпцы і фартэпіяна.

З музыкай звязаў сваё жыццё і сын Аляксандра. У дзяцінстве ён хоць і не наведваў музычнай школы, а граў у дзіцячым духавым аркестры пад кіраўніцтвам Леаніда Косава, змог паступіць і з адзнакай закончыць спачатку музычны каледж у сталіцы, а затым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Цяпер выкладае ў каледжы і грае на барабанах у групе «Тяни-Толкай». Да гэтага некалькі гадоў працаваў у калектыве Ірыны Дарафеевай.

Безумоўна, прыкладам для ўсіх прадстаўнікоў дынастыі Собаляў стаў Анатолій Анатоль­евіч. Ён адкрыў шлях у музыку не толькі сваім родным, але і дзясяткам вучняў школы мастацтваў, якую лічыць другім домам. Дастаткова сказаць, што ўсе баяністы, якія працуюць сёння ў школе, калісьці бралі першыя акорды ў гэтага мэтра.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.