Александр Бакунович из Поставского отделения Департамента охраны — специалист 1-го класса

Безопасность

Настаўнік з вялікай літары

Настаўніцтва як форма выхавання і прафесійнай падрыхтоўкі моладзі выкарыстоўваецца ў многіх працоўных калектывах. Шырока прымяняецца яна і ў Пастаўскім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, дзе 29 кастрычніка адзначаюць прафесійнае свята.

За кожным маладым чалавекам, які прыходзіць служыць у падраздзяленне, на паўгода абавязкова замацоўваецца больш вопытны супрацоўнік, які дапамагае ўліцца ў калектыў, унікнуць ва ўсе тонкасці службы. Распрацоўваецца план работы настаўніка з малодшым таварышам. Яна заключаецца ў вывучэнні апошнім адпаведных загадаў, напісанні канспектаў заняткаў. Таксама настаўнік аказвае свайму падапечнаму дапамогу ў нясенні службы, наведвае яго дома і гутарыць з баць­камі, садзейнічае ў вырашэнні многіх праблем. Пра сур’ёз­насць работы сведчыць тое, што кожны месяц настаўнік робіць пісьмовую справаздачу кіраўніку аддзялення, а ў канцы навучання разам з падапечным едзе ў Віцебскае абласное ўпраўленне Дэпартамента аховы, дзе правяраюць, наколькі падрыхтаваны малады спецыяліст. Таксама абласным упраўленнем кожны год вызначаецца найлепшы настаўнік вобласці. Летась ім быў прызнаны міліцыянер узвода міліцыі Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы прапаршчык Аляксандр Бакуновіч.

Аляксандр Бакуновіч правярае канспект заняткаў у Віталія Грачова

У ахове Аляксандр Уладзі­міравіч служыць з 1995 года. Пачынаў вартаўніком. Праз паўгода назначылі на пасаду міліцыянера-кінолага, абавязкі якога выконваў каля 10 гадоў. Затым у сувязі са службовай неабходнасцю працаваў міліцыянерам-ва­дзіцелем. З 2018 года — міліцыянер узвода міліцыі. Больш за 15 гадоў з’яўляецца настаўнікам. За гэты час выхаваў каля паўтара дзясятка маладых супрацоўнікаў. Калісьці яго вучнямі былі цяперашні начальнік аддзялення Дэпартамента аховы Вадзім Крыштафовіч і памочнік камандзіра ўзвода міліцыі — камандзір аддзялення групы затрымання Аляксандр Буяльскі. Зараз свае веды і вопыт перадае прапаршчыку Віталію Грачову, які прыняты на службу ў маі гэтага года.

Аляксандр Бакуновіч адзіны ў нашым падраздзяленні спецыяліст 1-га класа. Гэта значыць, на ўсіх выніковых занятках ён атрымлівае толькі выдатныя адзнакі, — расказваў пра свайго калегу, сябра і былога настаўніка Аляксандр Буяльскі. — Актыўна ўдзельнічае ў жыцці аддзялення, займаецца спортам. Па ўзроўні фізічнай падрыхтоўкі яго нават можна паставіць у прыклад маладым супрацоўнікам. У свой час абараняў гонар Пастаўскага аддзялення на галіновых спаборніцтвах па футболе, валейболе, службовым мнагаборстве, самба, лёгкаатлетычным кросе. Цяпер удзельнічае ў спаборніцтвах па стральбе з табельнай зброі. Пра яго вельмі добра адзываюцца кіраўнікі арганізацый, дзе нясе службу.

За чвэрць стагоддзя ў Дэпартаменце аховы Аляксандр Бакуновіч шмат разоў узнагароджваўся галіновым ведамствам і ўпраўленнем унутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, раённым выканаўчым камітэтам. Мае цэлы стос розных грамат і падзяк, некалькі нагрудных знакаў. Сярод іх — «Выдатнік міліцыі», «За адзнаку» І і ІІ ступеняў, «За работу без аварый» І ступені, а таксама медаль «160 гадоў пажарнай службе Беларусі». Яго атрымаў за выратаванне сям’і, калі разам з саслужыўцам Анатоліем Белкіным патруляваў горад і ўбачыў, што па завулку Савецкім гарыць дах аднаго з дамоў. Тады міліцыянеры вывелі жыльцоў на вуліцу і выклікалі пажарных.

Але важнейшая за ўсе ўзнагароды ўдзячнасць людзей, якім Аляксандр Уладзіміравіч калісьці дапамог захаваць маёмасць і жыццё, увайсці ў прафесію і пабудаваць кар’еру.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.