Белорусское общество Красного Креста отметило свое 100-летие. Интервью с Татьяной Шаховой

Общество

Кіруючыся прынцыпам гуманізму

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа адзначыла сваё 100-годдзе. Пра гісторыю яго стварэння, дзейнасць раённай арганізацыі карэспандэнт «Пастаўскага краю» гутарыць з яе старшынёй Таццянай Шахавай.

— Таццяна Мікалаеўна, чытачам газеты, напэўна, будзе цікава даведацца, як зараджаўся гэты рух.

— Гісторыя стварэння грамадскай арганізацыі звязана з імем швейцарскага гуманіста, першага лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Анры Дзюнана. У 1859 годзе ў адным з самых кровапралітных баёў аўстра-італьяна-французскай вайны загінула 6 тысяч воінаў і 42 тысячы было паранена і заставалася паміраць на полі бою. Уражаны іх пакутамі, малады швейцарскі прадпрымальнік звярнуўся да жыхароў найбліжэйшых пасяленняў з заклікам дапамагчы параненым, не зважаючы на тое, якой яны нацыянальнасці і ў якой арміі ваявалі. Пазней ён выдаў кнігу ўспамінаў пра тую бітву. У ёй выказаў ідэю стварэння ў еўрапейскіх краінах добраахвотных таварыстваў па аказанні дапамогі параненым. І такія таварыствы былі заснаваны.

Гісторыя Чырвонага Крыжа на тэрыторыі сучаснай Беларусі бярэ пачатак з таварыства апекі над параненымі і хворымі, якое дзейнічала на тэрыторыі Расійскай імперыі і ў 1867 годзе было перайменавана ў Расійскае таварыства Чырвонага Крыжа. Пазней яно стала аказваць дапамогу маючым патрэбу і ў мірны час. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года таварыства стала сапраўды народнай арганізацыяй. У верасні 1921-га быў прыняты статут Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).

— Вернемся да сённяшняга дня. Якія мэты ставіць перад сабой таварыства?

— Папярэджанне і аблягчэнне чалавечых пакут; аказанне дапамогі ахвярам узброеных канфліктаў і асобам, якія пацярпелі ў выніку надзвычайных сітуацый; супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, прапаганда міжнароднага гуманітарнага права, ідэалаў і прынцыпаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца; аказанне садзейнічання дзяржаве ў ажыццяўленні гуманітарнай дзейнасці; удзел у вырашэнні сацыяльных праблем; аказанне садзейнічання ў ахове здароўя насельніцтва.

— А што па сіле раённай арганізацыі?

— Многае. Прынцыпы нашай работы адпавядаюць 7 дзеянням сапраўднай міласэрнасці: накарміць галоднага, напаіць сасмаглага, вызваліць палоннага, даць прытулак вандроўніку, апрануць раздзетага, вылечыць хворага, пахаваць памерлага. Падкрэслю, што таварыства выступае ў ролі памочніка беларускай улады ў гуманітарнай сферы. Калі чалавек мае патрэбу, мы прыходзім яму на дапамогу, не зважаючы на тое, якой ён нацыянальнасці, веравызнання, перакананняў.

— На што і на каго абапіраецеся ў сваёй рабоце?

— Працуем у цесным кантакце з ЦРБ, райЦГЭ, ТЦСАН, БРСМ і Беларускім саюзам жанчын, аддзелам па адукацыі райвыканкама.Таварыства існуе за кошт штогадовых членскіх узносаў, ахвяраванняў, замежнай спонсарскай дапамогі. Летась і сёлета ад Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў Пастаўскі раён паступіла 50 ваўчараў для медыцынскіх і сацыяльных работнікаў, валанцёраў, грамадзян (а гэта мнага­дзетныя сем’і, інваліды, асобы, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, і тыя, хто не мае месца жыхарства), прадуктовыя і гігіенічныя наборы, вязаныя рэчы, сродкі індывідуальнай аховы — усяго на суму больш за 13 тысяч рублёў. Акрамя таго, абласная арганізацыя выдзеліла трое хадункоў для людзей, абмежаваных у руху, ахоўныя камбінезоны, шчыткі, пальчаткі, маскі, бахілы, шапачкі, пітную ваду, наглядныя дапаможнікі для навучання аказанню першай дапамогі, інфармацыйны матэрыял.

— Ці ёсць спонсары сярод жыхароў раёна?

— Ёсць! У асноўным гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, грамадзяне, якія прыво­зяць адзе­нне, абутак і інш. Людзі здзяй­сняюць добрыя справы, але не заўсёды хочуць называць сваё імя. А столькі дзяцей, інвалідаў атрымалі новае адзенне і абутак дзякуючы ім! Мы рады кожнаму нераўнадушнаму чалавеку. Праўда, зараз, у перыяд пандэміі каранавіруса, рэчы не прымаем. Хачу сказаць словы ўдзячнасці валанцёрам. У нас іх больш за 70. У ліку самых актыўных — работнікі ТЦСАН Ірына Куцуха, Ганна Хромчанка, Іна Ягела, Юрый Каравацкі, Сяргей Смірноў, навучэнец СШ №2 Мікіта Плюта. Прыйшла і прапанавала сваю дапамогу Ганна Лапцёнак.

Створана ініцыятыўная група валанцёраў «Час і мы». Яна аб’ядноўвае 10 чалавек, і кожны мае свайго падапечнага, якому дапамагае ў хатніх справах, прыносіць прадукты, лякарствы. Напрыклад, ГалінаПанкіна жыве ў вёсцы, захапляецца пазітыўнай фатаграфіяй, радуе сваёй творчасцю іншых.

А яшчэ валанцёры вяжуць пледы і шкарпэткі, ствараюць сувеніры, збіраюць лекавыя травы, удзельнічаюць у такіх раённых масавых мерапрыемствах, як турыстычныя злёты, спартыўныя спаборніцтвы. Мы там, дзе людзям можа спатрэбіцца наша дапамога: гарачы чай, пітная вада, добрае слова.

Актыўна ўдзельнічаем у акцыях «Белы рамонак», «Дзень без тытуню», «Адзіны дзень бяспекі», «Збяром дзяцей у школу», «Ёлка жаданняў» і іншых. У мінулым годзе я і Наталля Койра на базе вучэбнага цэнтра БТЧК у Мінску навучыліся аказанню першай дапамогі людзям, атрымалі сертыфікаты і зараз актыўна прапагандуем свае веды: праводзім трэнінгі і майстар-класы ў працоўных і вучнёўскіх калектывах.

— А калі чалавеку патрэбна не столькі матэрыяльная дапамога, колькі тое, каб яго выслухалі і зразумелі?

— Ні ў адной службовай інструкцыі не прапісаны такія абавязкі, як выслухаць, сагрэць душэўным цяплом, праявіць спагаду. Але менавіта так, па закліку сэрца, працуюць нашы валанцёры. Адна з іх — Аксана Дробышава — работнік аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН. Яна гатова выслухаць кожнага, хто звернецца ў кантактны цэнтр (тэл. 2-50-01). А ў раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа вы можаце пазваніць на нумар 4-10-04.

— Таццяна Мікалаеўна, ведаю, што вы з’яўляліся дэлегатам ХХV з’езда БТЧК, які адбыўся ў Мінску 10 верасня. Што вырашалі?

— Так. На справаздачна-выбарнай канферэнцыі Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК я была вылучана адным з дэлегатаў на з’езд і прадстаўляла Пастаўскі раён. Падзея для мяне запамінальная. На з’ездзе падвялі вынікі работы таварыства за апошнія пяць гадоў, зацвердзілі новую рэдакцыю статута і стратэгію БЧК на 2022—2026 гады. Выбралі прэзідыум і генеральнага сакратара. Ім стаў Дзмітрый Шаўцоў. Наша місія не змянілася — па-ранейшаму будзем несці людзям дабро і міласэрнасць.

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.