Благодарим Вас за сына! Мамы военнослужащих получили письма из воинских частей

Общество

Дзякуем вам за сына!

Такія словы напісаны ў падзячных лістах, якія напярэдадні Дня маці былі разасланы з некалькіх воінскіх часцей нашага горада. Які выдатны падарунак — прачытаць, што сын годна нясе службу, што яго паважаюць камандзіры і ён карыстаецца аўтарытэтам у саслужыўцаў! Лепш за гэта можа быць хіба тое, што сын, абдымаючы, з такім кранальным святам павіншуе асабіста…

У воінскай часці 74384, якая дыслацыруецца ў Азёрках, гэта выдатна разумеюць. А таму 14 кастрычніка тут арганізавалі віншаванні для тых мам, чые сыны адказна і добрасумленна служаць на карысць Радзімы.

Сярод такіх — 22-гадовы Іосіф Сінкевіч. Ён скончыў базавую школу ў Мулярах, Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве. Маладога чалавека вабіць праграмаванне, але займацца ім зможа толькі праз два месяцы, калі скончыцца тэрмін службы.

Яніна Вацлаваўна Сінкевіч у абдымках свайго сына Іосіфа, салдата тэрміновай службы

Мама Іосіфа амаль 40 гадоў працуе настаўніцай матэматыкі. Спачатку шчыравала ў Мулярах, затым — у Андронах, Юньках. Цяпер месца яе працы — СШ №4. Туды і накіроўваемся разам з салдатам тэрміновай службы і намеснікам камандзіра часці па ідэалагічнай рабоце Уладзіславам Бараноўскім. Ён адзначыў:

Іосіф у арміі адаптаваўся вельмі хутка. За што ні ўзяўся б — вочы гараць, справа робіцца. Адразу бачна, як добра выхаваны. Гэта заслуга бацькоў, у тым ліку і мамы.

Глядзіце, дык гэта ж яна якраз ідзе па вуліцы, — заўважыў Іосіф, калі мы пад’язджалі да чацвёртай школы.

Значыць, зараз будзем ажыццяўляць план «Перахоп», — жартуе вадзіцель уазіка.

Сказаць, што жанчына разгубілася, — нічога не сказаць. Але ж гэта так прыемна: у свой дзень бачыць усмешлівага сына з прыгожым букетам кветак у руках!

Іосіф — мой малодшы сын. Усяго іх у мяне трое, — расказвала Яніна Вацлаваўна. — Так як Іосіф служыць тут, на месцы, мацярынскаму сэрцу спакайней. Старэйшага, які служыў у паветрана-дэсантных войсках, адпраўляла з большай трывогай. Але гэта тая «школа», якую павінен прайсці кожны мужчына.

У той дзень яшчэ два салдаты тэрміновай службы завіталі да сваіх мам, якія жывуць у Паставах і Андронах.

А вось у 1-м радыётэхнічным цэнтры было прынята рашэнне не выяз­джаць у горад, а зладзіць прыемную цырымонію прама ў казарме. Сюды ў Дзень маці запрасілі медсястру 1-га ваеннага шпіталя Аліну Вайцяхоўскую, у якой у РТЦ служыць сын Яўген.

Матуль найлепшых салдат віншуем кожны год, — гаварыў намеснік начальніка 1-га РТЦ па ідэалагічнай рабоце Сяргей Цеплякоў. — Сёлета па пошце адправілі 5 падзячных лістоў. З-за неспрыяльнай эпідабстаноўкі ў цэнтр запрасілі толькі Аліну Вайцяхоўскую. Яе сын (а ён ужо мае вышэйшую адукацыю інжынера-будаўніка) праяўляе сябе з найлепшага боку і на службе, і ў культурнай дзейнасці.

…Сустрэчы з мамамі, безумоўна, усхвалявалі маладых салдат. З іншым настроем яны вярнуліся да выканання сваіх абавязкаў. Іосіфа Сінкевіча, напрыклад, чакала начное баявое дзяжурства. Але, як гаварылі самі юнакі, служыць значна прасцей, калі ведаеш, што дома чакае мама…

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.