Чемпионат Беларуси по футболу. Витебщина — «вне игры»

Спорт

Віцебшчына – «па-за гульнёй»

У мінулыя выхадныя адбыліся паўторныя матчы першага фінальнага раўнда сярод наймацнейшых каманд 2-й лігі. У абласным цэнтры дзеючы чэмпіён — ФК «Газавік» (Віцебск) — згуляў з ФК «Асіповічы», паядынак атрымаўся ўпартым. Да перапынку нікому не ўдалося вызначыцца. Найлепшаму клубу Прыдзвіння заставалася пратрымацца паўгадзіны. Аднак абаронца газавікоў Дзмітрый Быкаў зрэзаў мяч ва ўласныя вароты — 0:1.

Пасля такой крыўднай асечкі віцябчане пайшлі вялікімі сіламі наперад, каб адыграцца. Але сапернік з Магілёўшчыны — больш вопытны, за 17 хвілін да канца матча падвоіў сваю перавагу. У выніку перамогу з лікам 1:2 святкавалі футбалісты з Асіповіч. Сярэбраны прызёр абласнога першынства — ФК «Сянно» — на сваім полі прайграў «Партызану» (Салігорск) — 0:8.

У гэтым раўндзе найбольш напружана праходзіла сустрэча ў Маладзечне, у якой мясцовы клуб змагаўся са сталічным БДУ. У другі раз сапернікі згулялі паміж сабой унічыю з лікам 0:0, але серыю пенальці лепш прабілі мінчане (1:4) і прадоўжаць ба­рацьбу ў чвэрцьфінале.

Астатнія матчы чемпіянату краіны завяршыліся так: «Бумпрам» (Гомель)—«Макслайн» (Рагачоў) — 1:4; ФК «Узда»—ФК «Маларыта» — 1:5; ФК «Астравец»—«Ніва» (Далбізна) — 5:2; «Стэнлес» (Пінск)—«Вікторыя» (Мар’іна Горка) — 0:1; «Слонім-Сіці»—«Днепр-Юні» (Магілёў) — 0:0. Услед за камандай Белдзяржуніверсітэта прадоўжаць барацьбу за медалі і за 4 пуцёўкі ў прафесійную 1-ю лігу футбалісты з Асіповіч, Салігорска, Рагачова, Маларыты, Астраўца, Пінска і Магілёва.

Бронзавы прызёр абласнога першынства і ўладальнік Кубка Віцебскай вобласці — ФК «Міёры» — правёў паўторны матч у сталіцы ў розыгрышы Кубка рэгіёнаў Беларусі. На 3-й хвіліне міёрцы выйшлі наперад. Але «Энергетык-БДАТУ» (Мінск) адыграўся яшчэ да перапынку, а ў канцоўцы вырваў паўторную перамогу з лікам 2:1. Міёрцы пакінулі гэты прэстыжны турнір.

Такім чынам, для ўсіх 12 каманд нашай вобласці з 2-й лігі чарговы футбольны сезон завяршыўся. Ігракі будуць адпачы­ваць да вясны.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.