Стартаваў раўнд плэй-оф
Ужо звыш паўсотні каманд, сярод якіх і ФК «Паставы», сышлі з турнірнай дыстанцыі чэмпіянату краіны ў 2-й лізе і завяршылі сезон. Пастаўчанам прабіцца ў групу наймацнейшых на Віцебшчыне, на жаль, зноў не ўдалося.
Тым часам пачаўся самы цікавы рэспубліканскі этап першынства. Наймацнейшыя клубы пазмагаюцца за ўзнагароды як у чэмпіянаце Беларусі, так і ў розыгрышы Кубка рэгіёнаў у серыі з двух матчаў дома і на выездзе.
У мінулую суботу першым уступіў у барацьбу дзеючы чэмпіён вобласці — «Газавік» (Віцебск). У 1/8 фіналу ён згуляў на выездзе ў Асіповічах, дзе ў 2006 годзе пастаўскія футбалісты дэбютавалі на нацыянальным узроўні і перамаглі свайго саперніка з лікам 1:0. На гэты раз у напружаным паядынку віцябчане, за якіх гулялі двое выхаванцаў былой акадэміі ПМЦ Яўген Санько і Аляксандр Канонік, згулялі ўнічыю (1:1). Гол на чужым полі дае ім некаторую перавагу перад паўторнай сустрэчай дома.

У той дзень таксама адбыліся паядынкі, якія завяршыліся так: «Макслайн» (Рагачоў)—«Бумпрам» (Гомель) — 3:0; ФК «Маларыта»—ФК «Узда» — 2:0; «Вікторыя» (Мар’іна Горка)—«Стэнлес» (Пінск) — 1:6; «Ніва» (Далбізна)—ФК «Астравец» — 0:3, БДУ (Мінск)—«Маладзечна-2018» — 0:0; «Днепр-Юні» (Магілёў)—«Слонім-Сіці» — 9:1.
У нядзелю пачаўся розыгрыш другога трафея — Кубка рэгіёнаў Беларусі. Уладальнік Кубка Віцебскай вобласці — ФК «Міёры» — у 1/4 фіналу на сваім полі памераўся сіламі з «Энергетыкам-БДАТУ» (Мінск) і саступіў (0:2). Футбалісты Сянно ў фінальным этапе чэмпіянату 2-й лігі прайгралі мясцоваму «Партызану» ў Салігорску з буйным лікам 0:4. Шанцы прабіцца ў 1/4 фіналу нашай вобласці засталіся толькі ў «Газавіка».
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя