Чытаць, пісаць, лічыць і мастацтва любіць вучыць дзяцей настаўніца гуцкай школы Наталля Бяляўская.
У сераду вучаніцы 9 класа Насця Пачкоўская, Ульяна Куштэль, Яна Кукштэль і Даша Баль пабывалі ў самым папулярным і багатым на экспанаты музеі — Луўры. Іх там налічваецца больш за 400 тысяч. Праўда, экскурсія была віртуальнай. А магчымай яна стала дзякуючы настаўніцы Наталлі Бяляўскай. Яна так захапляльна расказвала пра архітэктурны помнік Парыжа, які некалі быў домам французскіх каралёў! Цяпер сюды едуць знатакі мастацтва з усяго свету. Дзяўчаты слухалі расказ педагога, затаіўшы дыханне.
— Мая асноўная спецыяльнасць — настаўнік пачатковых класаў, — расказвала Наталля Бяляўская. — Стаць ім марыла з 1 класа. А прыкладам і бясспрэчным аўтарытэтам была для мяне першая настаўніца Вера Канстанцінаўна Іванская.
Наталля нарадзілася і вырасла ў Гуце, закончыла мясцовую школу, затым — Аршанскае педвучылішча, Віцебскі дзяржуніверсітэт і ўжо больш за 30 гадоў працуе ў роднай школе. Для колькіх першакласнікаў яна адкрыла дарогу ў краіну ведаў!

— Найлепшыя вынікі дае комплексны падыход, калі адначасова вучыш чытаць, лічыць, развіваеш маторыку, увагу, логіку, творчыя здольнасці, — тлумачыла настаўніца. — Заняткі ў форме гульні — гэта самы эфектыўны метад працы з маленькімі вучнямі. Усе гульні вельмі простыя і зразумелыя, ніякіх мудрагелістых правіл, якія маглі б адштурхнуць дзяцей.
Апошнім часам Наталля Уладзіміраўна, акрамя вядзення ўрокаў у пачаткоўцаў, выкладае прадмет «Мастацтва» («Айчынная і мастацкая культура»). З 5 класа вучні вывучаюць жанры, віды мастацтва, пачынаючы з жывапісу і заканчваючы дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, пазней — усе эпохі яго развіцця. Дзякуючы дакладна прадуманаму плану ўрока, дзеці з задавальненнем чэрпаюць веды па айчыннай і сусветнай культуры.
— Асноўная мэта вывучэння прадмета — фарміраванне ў дзяцей мастацкага густу і развіццё мастацкага мыслення, — працягвала педагог. — У цэнтры ўрока павінен быць жывы працэс эстэтычнага ўспрыняцця мастацкага твора. Праз дыялог, творчую дзейнасць стымулюю вучняў да выказвання сваіх адносін да мастацтва, выхоўваю ў іх пачуццё прыгожага.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара