Дзецям каб не сумаваць, а гуляць і сябраваць Пра гэта клапоцяцца работнікі Варапаеўскага дзіцячага сада.
На пляцоўцы перад уваходам у дашкольную ўстанову выхавальнікі праводзілі заняткі з рознымі ўзроставымі групамі дзяцей. Адны адпрацоўвалі трапнасць падачы мяча, другія разглядвалі кляновыя і бярозавыя лісточкі і характарызавалі іх, трэція па сігнале выхавальніка выконвалі практыкаванні на ўважлівасць.
А ў кабінеце загадчыцы Людмілы Талстыкі яе намеснік Вольга Далжонак, выхавальнік Надзея Палякова і дэфектолаг Ганна Вайцяшонак абмяркоўвалі новыя метады выхаваўча-адукацыйнага працэсу.

— Наш яслі-сад наведваюць амаль 70 дзетак, — расказвала Людміла Эдуардаўна. — 13 з іх упершыню прыйшлі летам. Працэс адаптацыі дашкалят — самы складаны перыяд. Дзецям у любым узросце не проста пакінуць прывычнае дамашняе асяроддзе, той распарадак дня, па якім жылі. У садку — дакладны рэжым дня, адсутнічаюць родныя, шмат чужых дзяцей і трэба слухацца незнаёмых дарослых. Групу навічкоў узяла вопытны выхавальнік Святлана Пушкель. Яна робіць усё для таго, каб дзеткі хутка асвоіліся ў калектыве: вывучае іх звычкі, асаблівасці характару і знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага. Цесна ўзаемадзейнічае з бацькамі.
Для развіцця дзяцей у дашкольнай установе выкарыстоўваюцца сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, гульнёвыя формы работы, праблемна-навучальныя сітуацыі.
У садку створаны дзве інтэграваныя групы. Выхавальнікамі ў іх працуюць Іна Разумоўская, Анастасія Зубовіч, Надзея Палякова, Марыя Плотнікава і Вераніка Татарчук. У гэтых групах займаецца некалькі дзетак з асаблівасцямі развіцця. Побач са сваімі равеснікамі яны вучацца максімальна самастойна жыць у соцыуме. Вялікую работу з такімі малымі праводзяць дэфектолагі Ганна Вайцяшонак і Валянціна Ходан. За фізічнае развіццё дашкольнікаў адказвае Марына Стрыгаловіч, а музычнае суправаджэнне розных свят забяспечвае Таццяна Балай.
— У нашым калектыве — сплаў вопыту і маладосці, — гаварыла Людміла Талстыка. — І кожны — сапраўдны прафесіянал. Усе разам мы імкнёмся, каб дзеці з радасцю ішлі ў наш садок, а бацькі са спакойным сэрцам займаліся сваімі справамі.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара