Директор Поставского филиала Витебского ОблПО Анна Сенько рассказала, как обстоят дела у поставских кооператоров

Общество

Надзеі ўскладваем на перапрацоўку

На мінулым тыдні ў Мінску прайшоў агульны сход прадстаўнікоў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў. У іх ліку была і дырэктар Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства Ганна Сянько. Карэспандэнт «ПК» пацікавілася ў Ганны Мечыславаўны ўражаннямі ад сходу і тым, як ідуць справы ў пастаўскіх кааператараў.

Ганна Сянько, дырэктар Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства

— Першае пытанне не зусім па тэме, але не магу не задаць яго: амаль усе ўдзельнікі сходу былі без ахоўных масак на твары. Чаму?

— Таму што кожны з нас за тры дні да мерапрыемства абавязаны быў здаць тэст на каранавірусную інфекцыю. Тыя, у каго ён аказаўся станоўчым, не прысутнічалі. Здароўю астатніх нічога не пагражала.

— А зараз раскажыце пра сам сход.

Ён прайшоў на высокім узроўні. Прысутнічалі міністры, члены ўрада. Асабліва ўразіла выступленне Прэзідэнта. Ён высока ацаніў работу спажыўкааперацыі, падкрэсліў, што ў ёй працуюць кваліфікаваныя, адказныя кадры. Прысутным вельмі імпанавала, калі кіраўнік краіны параўнаў сістэму спажыўкааперацыі з сонечнай. Сапраўды, нашы аўтамагазіны нібы сонца: не абмінаюць ніводную вёсачку, нават тую, дзе жывуць 1-2 чалавекі. Прэзідэнт паставіў перад міністрамі і членамі ўрада задачы па аказанні практычнай дапамогі ў развіцці прамысловай галіны Белкаапсаюза, нацэліў на супрацоўніцтва з банкамі.

На сходзе выбраны новы старшыня Белкаапсаюза. Ім стаў Алег Мацкевіч, які да гэтага з’яўляўся першым намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама і курыраваў спажыўкааперацыю. Алег Сяргеевіч добра ведае галіну, неаднаразова наведваўся на нашы аб’екты гандлю і перапрацоўкі. Не сумняваюся, што будзе падтрымліваць.

— Для ўдзельнікаў сходу ладзілася вялікая выстаўка. Ці была на ёй прадукцыя пастаўскіх кааператараў?

— Безумоўна. Аблспажыўтаварыства прапанавала нам выставіць самы шырокі асартымент хлебабулачных вырабаў, а таксама кандытарскіх, кулінарных, у тым ліку тарты ў шокавай замарозцы, прадукцыю рыбнага цэха, які 4 месяцы назад пачаў выпускаць прэсервы некалькіх найменняў, чырвоную рыбу, прадукцыю квасільна-засолачнага цэха, шырокі асартымент мясных і каўбасных вырабаў.

— Наўрад ці яшчэ якое раённае спажыўтаварыства мае такую магутную перапрацоўчую базу, як у Паставах?

— Гэта сапраўды так. Прадукцыя нашага перапрацоўчага комплексу складае да 20% аб’ёму атрымліваемай кааператарамі ўсёй Віцебшчыны. Ніхто з кааператараў вобласці не вырабляе сыравяленыя і сыравэнджаныя каўбасы і субпрадукты. Наш каўбасны цэх штомесяц выпускае каля 40 тон прадукцыі (25 — каўбас і 15 — мясных паўфабрыкатаў). Мы яе рэалізуем не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў Мінскай. Прадукцыя якасная, без дабавак, прыгатаваная па бабуліных рэцэптах, таму і карыстаецца попытам. Кожны год солім 150 тон агуркоў і квасім 150 тон капусты. Таксама ніхто, акрамя нас, не займаецца прыгатаваннем яблычнага соку метадам прамога аджыму, салаты, марынаваннем часнаку, мачэннем яблыкаў.

Мелі пэўныя цяжкасці з нарыхтоўкай агародніны. Але атрымалі крэдыт, маем чым разлічыцца з пастаўшчыкамі. Да 1 лістапада склады цалкам запоўнім сыравінай, неабходнай для перапрацоўкі. На гэтым тыдні закупім новую агароднінарэзку.

— А што ўвогуле па мадэрнізацыі ў вашай сістэме робіцца ў раёне?

— Для таго, каб вырабляць якасную прадукцыю, патрэбна сучаснае тэхналагічнае абсталяванне. За 8 месяцаў бягучага года на яго мадэрнізацыю зрасходавалі 150 тысяч рублёў. Ажыццяўляем тэхнічнае пера­ўзбраенне халадзільных камер у нарыхтоўчай галіне, правялі вяліку работу па тэхабслугоўванні абсталявання для хлебапячэння і ў каўбасным цэху. На аб’ектах грамадскага харчавання замянілі 4 індукцыйныя пліты, на гандлёвых прадпрыемствах — 500 свяцільнікаў на святлодыёдныя.

А вось стан аўтапарка, у якім 40 адзінак транспарту, непако­іць. Большасць машын зношаныя. Патрабуецца абнаўленне, але на гэта няма сродкаў. Аднак у адпаведнасці з абласной інвестыцыйнай праграмай у наступным годзе мы павінны атрымаць 2 аўтамагазіны і 1 ізатэрмічны фургон.

Асобна хацелася б спыніцца на грамадскім харчаванні. За выключэннем варапаеўскага кафэ змаглі захаваць усе аб’екты. Іх у нас 16. Робім бягучы рамонт, расшыраем асартымент страў, праводзім розныя акцыі, абслугоўваем з выездам дадому. Аднак у рабоце вельмі перашкаджае пандэмія каранавіруса.

— З кожным годам у кааператараў з’яўляецца ўсё больш канкурэнтаў. Працаваць у такіх умовах цяжка. Таму якой вам бачыцца перспектыва?

— Аналіз дзейнасці філіяла паказвае, што галіна гандлю з’яўляецца стратнай (у падпарадкаванні нашага філіяла 70 гандлёвых прадпрыемстваў), асабліва ў райцэнтры, дзе нашы канкурэнты на кожным кроку.Тавараабарот зніжаецца, затраты растуць, і няма сэнсу трымаць столькі магазінаў, колькі іх ёсць зараз. Таму ў Паставах закрываем «Абутак», «Культтавары», магазіны №8 (насупраць рынка «Беліт») і №7 па вуліцы Гагарына. Іх будынкі здадзім у арэнду з мэтай атрымання дадатковых сродкаў. Вясковыя магазіны застаюцца ўсе, акрамя лынтупскага «Прамтавары».

Усе надзеі ўскладваем на нарыхтоўку сыравіны і яе перапрацоўку, што дае прыбытак. Рэзервы ў нас ёсць. Напрыклад, у мясным цэху пры дастатковай колькасці сыравіны мы маглі б вырабляць за месяц не 40 тон прадукцыі, а 70.

— А не ўзнікне праблема са збытам?

— Не ўзнікне. Наша прадукцыя якасная. Акрамя таго, перагледзе­лі асартымент і павялічылі выпуск паўвэнджаных, сыравяленых, сыравэнджаных субпрадуктовых каўбас, якія карыстаюцца шырокім попытам. Прадукцыяй нашага філіяла гандлююць не толькі на Пастаўшчыне, але і ў Докшыцкім, Шаркаўшчынскім, Браслаўскім і іншых раёнах. Таксама ўдзельнічаем ва ўсіх тэндарах, якія праводзяць закрытыя ўстановы. І многія выйграём. Так, зараз пастаўляем сваю прадукцыю ва ўстановы адукацыі, аховы здароўя, ТЦСАН.



Вельмі абнадзейвае тое, што наш мясаперапрацоўчы комплекс у перспектыве плануецца зрабіць базавым прадпрыемствам абласнога спажыўтаварыства з мэтай рэалізацыі прадукцыі на экспарт. А для гэтага будзе ўстаноўлена новае тэхналагічнае абсталяванне. Пытанне вырашаецца на абласным і рэспубліканскім узроўнях.



— Вы сказалі, што ў сістэме пастаўскага філіяла 70 гандлёвых аб’ектаў. Гэта з улікам шаркаўшчынскіх і браслаўскіх, на якія пашырылася ваша сфера дзейнасці?

— Не. У Браслаўскім раёне ў нас 13 магазінаў і закусачная, у Шаркаўшчынскім — 8 магазінаў, адно кафэ, 3 буфеты і 3 аўтамагазіны. Абслугоўванне яшчэ двух раёнаў прынесла дадатковыя складанасці ў рабоце. Калі на Пастаўшчыне найбольшае плячо дастаўкі тавару — 50 кіламетраў, то ў Шаркаўшчынскім раёне — 100. А гэта дадатковыя транспартныя расходы. Узраслі нагрузка і адказнасць і на пастаўскіх спецыялістаў, якія курыруюць работу нашых аб’ектаў у іншых раёнах.

— Людзі — гэта і ёсць самае галоўнае. Ці хапае ў філіяле кадраў?

— Найперш хачу шчыра падзякаваць кожнаму, хто сумленна працуе ў нашай сістэме. Работа нялёгкая, адказная, зарплаты невысокія. Але людзі застаюцца вернымі выбранай прафесіі. Каля 20% — пенсійнага ўзросту, але працягваюць працаваць. На цяперашні час праблемы з кадрамі ў нас няма, але хацелася б замацаваць больш моладзі. Добра, што Пастаўскі дзяржкаледж рыхтуе прадаўцоў і повараў, якія і папаўняюць калектыў кааператараў. Таксама даём мэтавыя накіраванні на паступленне ў сярэднія спецыяльныя ўстановы і ВНУ спажыўкааперацыі.

Задачы перад кааператарамі пастаўлены адказныя. І мы прымем усе меры да таго, каб іх выканаць. Тым больш што маем падтрымку як ад аблспажыўтаварыства, так і ад мясцовай улады Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Браслаўскага раёнаў.

Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.