Где и как купить/заготовить дрова в Поставском районе?

Важное Общество

Дровы, як і сані, рыхтуй летам

Падчас прамых ліній і выязных прыёмаў у сельскіх Саветах, якія нядаўна праводзілі намеснікі старшыні райвыканкама, многія вяскоўцы звярнуліся з просьбай пасадзейнічаць у хутчэйшай нарыхтоўцы дроў на зіму.

Цвёрдым палівам насельніцтва раёна ў асноўным забяспечвае Пастаўскі філіял абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблпаліва». Тут аказваюць паслугі па распілоўцы, колцы, пагрузцы і дастаўцы дроў, а таксама па пагрузцы і дастаўцы торфабрыкету па Паставах і раёне. Кліенты філіяла — гаспадары прыватных дамоў, у якіх няма газавага ацяплення. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 09.11.2012 №1028 «Аб некаторых пытаннях забеспячэння насельніцтва цвёрдымі відамі паліва», на адно домаўладанне ў каляндарным годзе норма водпуску дроў па фіксаваных рознічных цэнах складае 4,9 метра кубічнага (8,94 рубля за кубаметр), брыкету — 3,5 тоны (28,28 рубля за тону). Для ветэранаў, інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны паліва адпускаецца з 50-працэнтнай скідкай, для інвалідаў I і II груп скідка дзейнічае ў тым выпадку, калі з імі не зарэгістраваны праца­здольныя члены сям’і. Аднак рэальны кошт будзе большым, так як дабавяцца выдаткі па распілоўцы, колцы, дастаўцы і за пагрузачна-разгрузачныя работы. Гэтыя паслугі аплачваюцца спажыўцамі па тарыфах, устаноўленых заканадаўствам. Дровы звыш нормы (4,9 м3) адпускаюцца па свабоднай рознічнай цане.

Пытанні з забеспячэннем палівам у грамадзян, якія звярнуліся на прамыя лініі, узніклі з той прычыны, што яны не прыслухоўваюцца да нашых рэкамендацый нарыхтоўваць дровы загадзя, а не тады, калі наступяць халады, — гаварыў дырэктар філіяла Уладзімір Кайровіч. — Летам займаюцца агародамі, а восенню ўспамінаюць пра нарыхтоўку дроў. Штогод пік заявак прыпадае на пачатак ацяпляльнага сезона, таму нашы работнікі, пачынаючы з кастрычніка, вымушаны працаваць нават у выхадныя. У той час як летам яны часта сядзяць без работы. Прывяду некаторыя лічбы. У сакавіку і красавіку наш філіял рэалізаваў па 100 тон брыкету, у верасні — 600. Не было ў летнія месяцы попыту і на дровы. Затое ў верасні іх прадалі больш за 1 200 кубоў. Наша арганізацыя забяспечвае палівам таксама ўстановы адукацыі, аховы здароўя, культуры.

Можна купіць дровы і ў Пастаўскім лясгасе, — расказваў намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Іванькоў. — У першую чаргу выконваем заяўкі, якія паступаюць з сельвыканкамаў. За мінулыя выхадныя па ўказаных адрасах даставілі 70 прычэпаў дроў. Пастаўляем іх у выгля­дзе 2-4-метровых бярвёнаў. Для набыцця дроў трэба звярнуцца ў лясгас або найбліжэйшае лясніцтва, заключыць там дагавор куплі-продажу з абавязковым указаннем тэрмінаў вывазу дроў. Пасля гэтага па папярэдняй дамоўленасці прадстаўнік лясгаса правядзе водпуск дроў і выпіша суправаджальны дакумент на кожны рэйс. Паслугі па распілоўцы і колцы не аказваем. Прапануем нарыхтоўку дроў на пні самастойна. Гэтым карыстаюцца ў асноўным маладзейшыя грамадзяне.

Нам, пажылым, прасцей набыць гатовыя дровы, — запэўніла мяне знаёмая, якая жыве ў Варапаеве. — Пра гэта мы з мужам паклапаціліся яшчэ вясной. Заказалі ў Пастаўскім філіяле «Віцебскаблпаліва» пашчапаныя. Прывезлі на наступны дзень. Цана на дровы прымальная. Калі б нарыхтоўвалі самастойна, то з улікам дадатковых расходаў яны абышліся б нам даражэй.

Анна Анішкевіч
Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.