И после захода солнца готовят почву и сеют озимые в ОАО «Новоселки-Лучай»

Сельское хозяйство

І пасля захаду сонца рыхтуюць глебу і сеюць азімыя ў ААТ «Навасёлкі-Лучай».

Азімы клін — самы шчодры, — гаварыла галоўны аграном гаспадаркі Алена Касцюк. — Таму пад яго, як і ў мінулым годзе, адвялі больш за 3 000 гектараў, з іх 900 — пад азімую пшаніцу, 155 — пад трыцікале. Упершыню на 70 гектарах пасеялі азімы ячмень.

Вельмі важна перад сяўбой падрыхтаваць глебу. Яе культывуе Яўгеній Грышчанка, дыскуюць — Валерый Вайткевіч, Аляксандр Арлоўскі, а на трактары з 15-метровай бараной працуе Руслан Шымко. З 6-метровымі сеялкамі на палях сельгаспрадпрыемства шчыруюць Юрый Татарчук, Андрэй і Стас Врублеўскія, з 4-метровай — Аляксандр Федаронак. Механізатары добра разумеюць, што ад іх старання залежыць, наколькі важкім будзе каравай у наступным годзе, таму да справы падыходзяць з усёй адказнасцю.

За абедам Аляксандр Мацейка, Андрэй Врублеўскі, Руслан Шымко і Юрый Татарчук

Андрэй і Юрый спачатку былі задзейнічаны на сяўбе рапсу. Яго насенне лягло ў глебу на плошчы 930 гектараў. Затым пераключыліся на азімыя зерневыя — засявалі палі з цяжкай глебай у вайцяхоўскай зоне.

У мінулую сераду азімыя сеялі на полі пры дарозе на Варапаева. Механізатараў застала за абедам. Яны якраз абмяркоўвалі надвор’е. А яно выпрабоўвала. Нядаўнія моцныя дажджы перапынілі работу амаль на тыдзень. Як толькі падсохла, прадоўжылі сяўбу, але тэхніка буксавала, і прыходзілася яе буксіраваць. Таму ў полі дзяжурыў на МТЗ-3022 Аляксандр Мацейка.

У мінулым годзе ў «Навасёлках-Лучаі» практыкавалі сяўбу ноччу. Плануюць рабіць гэта і сёлета, як толькі крыху падсохне глеба.

Андрэй Врублеўскі працуе на трактары з устаноўленай  спецыяльнай сістэмай, якая аўтаматычна кіруе ім па зададзеным маршруце і дазваляе прадукцыйна працаваць у цёмны час сутак, у туман або супраць сонца, што немагчыма зрабіць на звычайнай тэхніцы. Таму механізатар шчыруе ў полі і пасля захаду сонца. З дапамогай 6-метровай сеялкі засявае больш за 30 гектараў за дзень. Гэты пасяўны агрэгат шматфункцыянальны і дазваляе адначасова сеяць насенне (яго ў поле дастаўляюць Тадэвуш Праліч, Васілій Ярмолаў і Ігар Савуць) і адразу ўносіць пад яго фосфарнае ўдабрэнне.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.