Корзины из лозы Александра Юшкевича есть даже в Америке, а его жена Раиса — отличный кулинар

Важное Общество

Цяпло душы ў кошыку з лазы

Чым заняцца ў вольны час? Гэта пытанне перад жыхаром Варапаева Аляксандрам Юшкевічам паўстала 5 гадоў назад, калі з варапаеўскага ўчастка раённага вузла электрасувязі, дзе працаваў манцёрам, яго праводзілі на пенсію. І мужчына знайшоў занятак, які прыносіць яму задавальненне і капеечку ў сямейны бюджэт, — лозапляценне.

— Я не магу сядзець без справы, — гаварыў Аляксандр Міхайлавіч. — Вельмі люблю прыроду. Кожны год, калі наступае сезон, адпраўляюся ў лес у ягады і грыбы. Збіраю іх столькі, што хапае і сабе, і здаць нарыхтоўшчыкам. Захапляюся рыбалкай, нават выкапаў каля дома сажалку і зарыбіў яе. Паколькі жывём з жонкай у прыватным доме, летам заўсёды знаходзіцца работа: ёсць агарод, трымаем коз, якім трэба нака­сіць і насушыць сена. А зімой, акрамя рыбалкі, рабіць няма чаго. Вось і вырашыў паспрабаваць плесці.

Гэтаму майстэрству вучыўся па відэаўроках у інтэрнэце. Як і ва ўсіх, спачатку не вельмі атрымлівалася. Але паступова набіў руку, і зараз яго работы з першага погляду не адрозніш ад фабрычных. Хоць сам Аляксандр Міхайлавіч лічыць, што пакуль не стаў сапраўдным майстрам. І марыць пабываць на фабрыцы па лозапляценні ў Мінску, каб павучыцца там, бо ў рабоце з лазой вельмі важныя ўсялякія тонкасці.

Аляксандр Юшкевіч з жонкай Раісай і іх лазовыя і кулінарныя вырабы

— У прыродзе шмат розных лоз, але мала якія з іх прыгодныя для пляцення, — расказваў Аляксандр Юшкевіч. — Лаза павінна быць маладой і гнуткай. Зараз знайсці такую цяжка, бо ў апошнія гады яе перасталі актыўна высякаць уздоўж дарог. Таму вырошчваю сваю каля сажалкі. Хачу таксама заказаць некалькі сартоў у майстроў з Расіі, якія вядуць відэаўрокі. Напрыклад, пластылінавую, якую можна завязаць вузлом, і яна не зламаецца.

А пакуль мужчына выкарыстоўвае мясцовы матэрыял. Нарыхтоўвае яго восенню, калі ападае лісце. І доўгімі зімовымі вечарамі ператварае тонкія пруцікі, якія папярэдне адпаведным чынам апрацоўвае, у розныя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы: усемагчымыя кошыкі, бочачкі, вазы, шкатулкі, падносы. Каб яны не былі падобныя між сабой, афарбоўвае лазу з дапамогай харчовай соды (яна надае цёмны колер) і зялёнкі, расшчапляе і патанчае сцябліны, ператвараючы іх у стужку.

Лазовыя вырабы знаходзяць шырокае прымяненне ў доме Юшкевічаў. Частку сваіх работ Аляксандр Міхайлавіч прадае на рынку.

— Мае кошыкі шмат дзе ёсць, нават у Амерыцы, — кажа майстар. — Адна жанчына купіла сабе, а потым заказала такі ж у падарунак сястры, якая жыве ў Злучаных Штатах. Што да Варапаева і навакольных вёсак, то ледзь не ўсе жыхары ходзяць з імі ў храм на Вялікдзень, некаторыя — у грыбы.

Да пары Аляксандру Міхайлавічу і яго жонка Раіса Аляксееўна. Яна — выдатны кулінар, можа прыгатаваць любую страву. Усё жыццё адпрацавала ў гандлі, а потым адкрыла свой бізнес — стала выпякаць піражкі на продаж. Пякла адразу 200-300 штук. З вечара ставіла цеста і рабіла начынку, а ў 2 гадзіны ночы станавілася да пліты. Праз 3 гады, стаміўшыся, перадала бізнес унучцы, якую навучыла свайму рамяству. Цяпер радуе кулінарнымі шэдэўрамі мужа і іншых родных, апрабоўваючы рэцэпты з інтэрнэта.

Як ужо гаварылася вышэй, гаспадары трымаюць коз высока­ўдойнай зааненскай пароды. З іх малака Раіса Аляксееўна робіць вельмі смачныя масла, смятану, розныя віды сыроў: адыгейскі, брынзу, паўцвёрды, плаўлены — і нават марожанае. Акрамя таго, даўно выпякае духмяны хлеб. Хатнімі прысмакамі гаспадыня частавала і мяне, калі я завітала ў госці. Пытанне, чым заняцца на пенсіі, перад ёй таксама не стаіць.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.