Любить жизнь, людей и работу — девиз талантливой мастерицы из аг. Новосёлки Лилии Зарецкой

Общество

Любіць жыццё, людзей і працу

Такі дэвіз таленавітай народнай майстрыхі з аграгарадка Навасёлкі Ліліі Зарэцкай.

Нягледзячы на тое, што ў яе пашпарце ўказана дата нараджэння 22 кастрычніка 1942 года, учора Лілія Радзівонаўна адзначыла сваё 80-годдзе. Расказвала: «Разбіраючы татавы архівы пасля яго смерці, я знайшла запіс, зроблены яго рукой: «Родилась на божий свет душа женского пола дня 22.X.1941 г.». Гэта душа — я. І толькі Богу вядома, чаму мяне зарэгістравалі ў сельсавеце роўна на год пазней. Па тым запісе і рабіліся дакументы. Але адлік свайго жыццёвага шляху я вяду ад сапраўднай даты. І вось адолела на ім 80-ю вярсту».

Наша газета неаднойчы пісала пра яе — шчырага чалавека, нястомную працаўніцу, таленавітую вышывальшчыцу. Але як абысці ўвагай такі значны юбілей? Звяртаюся да імянінніцы радкамі Маякоўскага: «Когда я итожу то, что прожил, и роюсь в днях, ярчайший где…» Лілія Радзівонаўна спыняецца на дні сённяшнім: «У мяне самая шчаслівая, добрая, насычаная старасць. Не кожны мае такое багацце: 5 дзяцей, 10 унукаў, 7 праўнукаў. А яшчэ — свой музей, пра які вельмі марыла».

Лёс шмат выпрабоўваў яе. Нарадзілася ў беднай мнагадзетнай вясковай сям’і. Мела добрыя здольнасці да вучобы, але трэба было здабываць хлеб надзённы. У пошуках яго сям’я выехала ў Казахстан на асваенне цалінных земляў. І там 15- гадовая Ліля стала даяркай. Працавала больш за 2 гады, і гэта стала загартоўкай на ўсё жыццё. Вярнуўшыся на малую радзіму, у 20 гадоў выйшла замуж, а ў 39 аўдавела, маючы на руках пяцярых дзяцей. Усіх выхавала годнымі людзьмі. А як шчыравала, працуючы даяркай! 35 гадоў аддала жывёлагадоўлі — спачатку ў калгасе «Кастрычнік», потым — у калгасе імя Суворава. Дабівалася высокіх надояў, узначальвала раённы клуб даярак-чатырохтысячніц. Была членам праўлення калгаса, дэпутатам сельскага Савета.

Прайшло шмат гадоў, і ўсё гэта даўно толькі ва ўспамінах. А вось захапленне вышываннем натхняе і зараз. Немагчыма злічыць работы, выкананыя ўмелымі і нястомнымі рукамі члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Ліліі Зарэцкай. Іх не дзясяткі, а сотні: дываны, карціны, настольнікі, сурвэткі, падушачкі. Дзе толькі яны не выстаўляліся — у Паставах, Глыбокім, Оршы, Слоніме, Барысаве, Віцебску, нават у Літве і Маскве.

Але найдаражэйшы сэрцу — музей маіх вышывак, які адкрылі ў мінулым годзе ў будынку Навасёлкаўскай школы імя А. А. Валодзькі, — прызнаецца майстрыха. — Я ніколі не прадавала свае работы, а толькі дарыла іх. І стала марыць пра тое, каб усё, што маю, не ляжала ў кватэры, а яго бачылі іншыя. Асабліва мае самыя вялікія работы: «Дрэва роду», «Пісьменнікі Беларусі», «Гербы гарадоў», «Карта раёна», «Карта Беларусі». І каб не толькі цяперашняе пакаленне, але і будучае ўбачыла, колькі можа зрабіць адзін чалавек.

Музей уражвае колькасцю работ і іх яркасцю. Нібыта вясёлка заглянула ў памяшканне і засталася тут назаўсёды. Наведвальнікі пакідаюць у кнізе запісы са словамі захаплення. А навасёлкаўскія дзеткі, якія сёлета сталі першакласнікамі, пажадалі майстрысе, каб яна доўга жыла і заўсёды была прыгожай.

На працягу 22 гадоў Лілія Радзівонаўна вядзе дзённік, у які занатоўвае падзеі жыцця — свайго і родных людзей, думкі, уражанні. Знаёмыя раяць выдаць на яго падставе аўтабіяграфічную кнігу. Але ў жанчыны няма на гэта часу: яна працягвае вышываць свой летапіс. У яе не бывае ніводнага буднага дня, каб не трымала ў руках іголку. А ў дзённіку яна абавязкова запіша, як шмат віншаванняў з юбілеем атрымала (дзякуючы сваёй творчасці і камунікабельнасці жанчына мае дзясяткі сяброў не толькі ў раёне, але па ўсёй краіне і нават за яе межамі, сярод якіх шмат вядомых людзей) і колькі найлепшых пажаданняў у іх прагучала. Няхай жа ўсе яны збываюцца!

Фаіна Касаткіна
Фота з сямейнага архіва Ліліі Зарэцкай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.