Льнозаводчане спешат убрать лён, пока стоят солнечные дни

Сельское хозяйство

Трасту талакой убіраюць

Лён той, што пад шахой – справядліва лічаць завадчане.

У сераду на полі за Варапаевам працавала 5 успушвальнікаў, 1 самаходны прэс-падборшчык і каля 30 трактароў з прэс-падборшчыкамі.

— Час прыспешвае, хутка можа задажджыць, — заклапочана гаварыў дырэктар ільнозавода Іван Машлякевіч. — Таму, пакуль стаіць сонечнае надвор’е, прыкладваем максімум намаганняў, каб зарулоніць трасту і звезці яе ў шохі. Сваімі сіламі ў сціслыя тэрміны з такім аб’ёмам работ не справіцца. Таму папрасілі дапамогі ў некаторых сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый раёна. Дзякуй, што адклікнуліся «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Кураполле-агра», «Камайскі-агра», «Дунілавічы-­агра», «Паставымэбля», лясгас, УП ЖКГ. Па рашэнні аблвыканкама па некалькі адзінак тэхнікі прыйшло з Докшыцкага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Браслаўскага, Лёзненскага, Дубровенскага, Верхнядзвінскага  раёнаў. Заслугоўваюць пахвалы нашы завадчане Аляксандр Аліноўскі, Сяргей Студзянкоў, Іван Загурскі, Віктар Ганчар і многія іншыя. Стараюцца Дзмітрый Хардыкін з УП ЖКГ і Аляксандр Навумец з «Паставымэблі». Ды і ўсе — малайцы!

Дырэктар Іван Машлякевіч з механізатарам самаходнага прэс-падборшчыка Віктарам Ганчаром

Рулоны з поля на МАЗах звозяць Віктар Субач і Віктар Паўлаў, на МТЗ — Уладзімір Драбовіч, Сяргей Ворсін. Яшчэ два трактары задзейнічаны са Старадворскага і Камайскага лясніцтваў. На пагрузцы заняты пагрузчык завода і амкадор з Кураполля.  На тэрыторыі завода спрытна маніпулюе пагрузчыкам Дзмітрый Скурацёнак: здымае рулоны з прычэпа і  складвае ў шохі. Пры складзіраванні льнотраста размяркоўваецца па зонах у залежнасці ад яе якасці.

— Лён — культура далікатная і сёлета ўраджаем не радуе, — прызнаецца дырэктар. — На ўсходах і росце адмоўна адбілася засуха. Імкнёмся своечасова спарадкаваць тое, што маем. Спа­дзяюся, такой талакой лён з усіх палёў удасца ўбраць механізавана, не прыцягваючы на дапамогу людзей.

Перапрацоўка трасты вя­дзецца ў дзве змены двума патокамі. А тым часам ільнозавадчане ўжо думаюць пра будучы ўраджай. Даўгунец можна вырошчваць на адным полі раз на пяць гадоў. Плошчы падабраны. На 320 гектарах унесены гліфасаты, 530 га ўзараны. Тут таксама дапамагаюць тыя гаспадаркі, на палях якіх налета будзе расці лён.

Аблвыканкам прыняў рашэнне далучыць да нашага льнозавода мосарскі. Аб’ёмы вытворчасці ўзрастуць, клопатаў дабавіцца.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.