Падвёз на ўсё жыццё
Мар’ян і Яўгенія Татарэнкі з вёскі Хрыстова адзначылі залатое вяселле. Я разам з загадчыцамі бібліятэкі і клуба завітала да іх, каб павіншаваць.
Цікава было даведацца пра гісторыю кахання мужа і жонкі. Мар’ян Уладзіміравіч — карэнны жыхар Хрыстова. Пасля службы ў арміі ўладкаваўся ў мясцовы калгас шафёрам на легкавы аўтамабіль. Яўгенія Рыгораўна родам з Пермскай вобласці. Час ад часу наведвалася ў вёску да радні. Прыязджала на цягніку. Дабірацца сюды ад станцыі было далекавата. Аднаго разу яе сваякі папрасілі Мар’яна падвезці дзяўчыну. Ніхто не мог і падумаць, што тая паездка стане лёсаноснай для абаіх. Маладыя людзі і да гэтага бачыліся неаднойчы. Але пасля службы Мар’яна ў арміі гэта была іх першая сустрэча. Хлопец залюбаваўся Яўгеніяй. З падлетка яна ператварылася ў статную, прыгожую дзяўчыну. Устрапянулася і яе сэрца, калі ўбачыла пасталелага бравага хлопца.
Два гады перапісваліся і сустракаліся, калі Яўгенія прыязджала ў вёску. А потым вырашылі пажаніцца. Жылі ў бацькоў Мар’яна. Нарадзілі і выхавалі дачок Алену і Таццяну. Мар’ян усё сваё працоўнае жыццё быў вадзіцелем у старшыні калгаса (а іх змянілася нямала). Яўгенія шмат гадоў адпрацавала начальнікам аддзялення сувязі ў Валках.
З цягам часу Татарэнкі атрымалі ад калгаса вялікі новы дом. Іх сядзіба заўсёды радуе вока. Дом прыветліва пазірае бялюткімі фіранкамі на вуліцу. Гаспадарчыя пабудовы дагледжаныя клапатлівымі рукамі гаспадароў. На разнастайных па форме клумбах з ранняй вясны да позняй восені буяюць кветкі.
Утульнасць, чысціня, мноства вазонаў у пакоях. Часта тут стаіць духмяны пах выпечкі: гаспадыня і яе дочкі, якія рэгулярна наведваюцца да бацькоў, — аматары прыгатавання салодкіх пачастункаў. У самым прасторным пакоі на сцяне размясціўся сямейны фотаархіў, дзе можна ўбачыць усе самыя адметныя падзеі сумеснага жыцця.
Слухалі залатых «маладажонаў» — і прыходзіла разуменне: жыць разам столькі гадоў — значыць, быць заадно, падтрымліваць адно аднаго ў цяжкія хвіліны, разам перажываць шчаслівыя моманты і папалам дзяліць беды. За 50 гадоў сумеснага жыцця Мар’ян Уладзіміравіч і Яўгенія Рыгораўна сталі адным цэлым. Сямейную пару паважаюць аднавяскоўцы і знаёмыя.
Здароўя і шчасця вам, паважаныя!
Таіса Баторы, старшыня Валкоўскага сельскага Савета