Михаил Пачковский: «Считаю, что армия — обязательный элемент воспитания молодого человека»

Приграничье

Ахоўвае граніцу, забяспечвае тыл

23 кастрычніка споўнілася 29 гадоў Смаргонскай пагранічнай групе. Яе камандаванне прапанавала нам напісаць пра аднаго з яе ваеннаслужачых – старшага прапаршчыка рэзервовай заставы пагранкамендатуры «Паставы» Міхаіла Пачкоўскага.

Праводзячы Мішу на тэрміновую службу, бацькі марылі, каб хутчэй мінулі паўтара года і сын вярнуўся дадому, уяўлялі, як ён абсталюецца ў роднай вёсцы на Глыбоччыне, будзе працаваць на зямлі. Для Міхаіла Пачкоўскага служба расцягнулася на 25 гадоў.

Тэрміновую праходзіў у Гродне, затым была Смаргонь. А апошнія месяцы перад звальненнем даслужваў у авіяцыйнай эскадрыллі ў Паставах, — расказваў Міхаіл. — Тут і прыйшло рашэнне звязаць свой лёс з арміяй. Хутка ўнік у абавязкі авіяцыйнага механіка, вывучыў верталёт «Мі-8». Быў канец 90-х. У той час практычна ўсе будынкі знаходзіліся ў непрыглядным стане. Камандзірам часці палкоўнікам Мікалаем Харчанкам была сфарміравана брыгада для правя­дзення рамонтных работ у часці. Уключылі ў яе і мяне. У будаўніцтве я быў навічок. Але дзякуючы вопытным старшым прапаршчыкам Валянціну Гуданцу, Анатолію Крупеніну, Сергею Шчыту, Ула­дзіміру Лынкову атрымаў навыкі сталяра, цесляра, сантэхніка. У 2004 годзе мяне назначылі начальнікам сталовай. Не ўсё і не заўсёды атрымлівалася. Часам хацелася нават звольніцца. Але наступныя камандзіры авіяцыйнай эскадрыллі палкоўнікі Валерый Гарачка і Станіслаў Раманчук умелі падтрымаць, накіраваць у патрэбнае рэчышча.

Міхаіл Пачкоўскі з ваеннаслу­жачымі кантракт­най службы

У 2009 годзе Міхаіла Пачкоўскага назначылі старшыной роты. Ён працаваў з асабовым складам, адказваў за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Для салдат тэрміновай службы быў сапраўдным бацькам. Набытыя навыкі, жыццёвы вопыт перадаваў маладому пакаленню. Многія хлопцы, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні прапаршчыка Пачкоўскага, вярнуўшыся дадому, выбралі сабе будаўнічыя прафесіі. І цяпер часта праз сацыяльныя сеткі дзякуюць былому старшыне за яго ўрокі.

Лічу, што арміяабавязковы элемент выхавання маладога чалавека, — разважаў Міхаіл Пачкоўскі. — Тут ён не толькі авалодвае зброяй, але і становіцца больш адказным, дысцыплінаваным. Падчас армейскай службы фарміруюцца такія рысы характару, як стараннасць, акурат­насць, рашучасць, самастой­насць. Усё гэта спатрэбіцца ў жыцці і надалей. Чалавек, які прайшоў армейскую загартоўку, лягчэй пераадольвае розныя бытавыя праблемы. У мяне армія развіла кемлівасць: я навучыўся, як здабыць нездабываемае і ажыццявіць немагчымае. Гэта цяпер шырокі выбар будаўнічых матэрыялаў, а ў гады дэфіцыту, каб нешта зрабіць, трэба было паламаць галаву і ўмець скамбінаваць.

У 2014-м Асобны авіяцыйны атрад расфарміравалі. Міхаіл Пачкоўскі непрацяглы час служыў у ваенным шпіталі, затым перавёўся ў пагранкамендатуру.

У старшага прапаршчыка Пачкоўскага залатыя рукі, — характарызаваў Міхаіла Міхайлавіча начальнік рэзервовай заставы пагранкамендатуры «Паставы» Віталій Кандраценка. — Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле зроблены сучасны рамонт у пакоі баявой славы на пагранзаставе імя Пус­тэльнікава ў Лынтупах, адрамантаваны пакоі ў камендатуры і на пагранзаставах у Палессі, Ярэве. Няма той работы, якую Міхалыч не ўмеў бы выканаць. Гэтаму вучыць і маладых таварышаў па службе. Камандаванне цэніць яго майстэрства, стараннасць, таму неаднаразова прадстаўляла да розных відаў узнагарод. Адна з самых ганаровых — медаль «За бездакорную службу» III ступені. Прадстаўлены да ўзнагароджання такім жа медалём II ступені. Яго прозвішча занесена ў Кнігу гонару часці. Мае адзнаку «Выдатнік органаў пагранічнай службы».



Лічу, што армія – абавязковы элемент выхавання маладога чалавека.

Міхаіл Пачкоўскі



Я вырас у мнагадзетнай сям’і, дзе, акрамя мяне, былі дзве сястры і два браты, — расказваў Міхаіл. — Бацькі з дзяцінства прывучылі нас да працы — кожны меў свае абавязкі па гаспадарцы. І цяпер мы вельмі дружныя, часта збіраемся ў мамы (бацькі, на жаль, ужо няма ў жывых). Мне пастаянна хацелася жыць ва ўласным доме. Купіў яго 10 гадоў таму, уклаў шмат сродкаў і сіл, каб зрабіць усё на свой густ. Люблю жывёлу, таму трымаю трусоў. Надзейная падтрымка для мяне — мая сям’я: жонка Іна працуе малодшай медыцынскай сястрой у шпіталі, дзве дачкі дарослыя, трэцяя — першакласніца, цешыць унучок. Рады, што маю шмат надзейных, правераных часам сяброў, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, мару купіць домік каля лесу, побач з рэчкай, і ў цішыні праводзіць там час. Галоўнае — каб мірным было неба і трымалася здароўе.

А пакуль старшы прапаршчык Пачкоўскі пільна нясе службу па ахове Дзяржаўнай граніцы. Акрамя вырашэння тылавых пытанняў, выязджае з мабільнай групай непасрэдна на граніцу. Неаднаразова ўдзельнічаў у затрыманні яе парушальнікаў, заўсёды захоўваў вытрымку, дзейнічаў дакладна і ўпэўнена. Пакуль ваенную форму носяць такія адказныя людзі, як Міхаіл Пачкоўскі, мы можам жыць спакойна.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.