Накопить к пенсии прибавку. Каким будет новый механизм? Интервью с Натальей Седюкевич

Важное Общество

Накапіць да пенсіі прыбаўку

Людзі сярэдняга і старэйшага пакаленняў не могуць не задумвацца над тым, на якія сродкі будуць жыць у старасці, паколькі пенсіі ў многіх невялікія. Адны спадзяюцца на ўласныя дачы, сады-агароды, другія разлічва­юць на дапамогу дзяцей і ўнукаў, трэція загадзя ствараюць сабе падушку фінансавай бяспекі. Гэтаму пасадзейнічае ў тым ліку і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі №367 ад 27 верасня бягучага года «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай накапляльнай пенсіі». Пра тое, якім будзе новы механізм, карэспандэнт «Пастаўскага краю» гутарыць з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталляй Седзюкевіч.

— Наталля Мікалаеўна, але ж у Беларусі ўжо дзейнічае сістэма добраахвотнага страхавання пенсіі…

— Адразу патлумачу, што ў краіне дзейнічае двухкампанентная сістэма. Яна складаецца з абавязковага страхавання ў рамках салідарнай сістэмы (гарантаваная дзяржавай пенсія) і абавязковага прафесійнага страхавання для работнікаў, якія працуюць у шкодных або асаблівых умовах. Яшчэ маецца элемент накапляльнага або добраахвотнага страхавання, але ён развіваецца слаба, усяго толькі 5% працуючых пайшлі на гэта. Таму і распрацавана новая сістэма.

— У чым яе адрозненне ад папярэдняй?

— У тым, што накапленні да пенсіі будуць суфінансаваць работадаўцы. Напрыклад, работнік вырашыць плаціць, акрамя абавязковага ўзносу ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў памеры 1% ад зарплаты, яшчэ і добраахвотны дадатковы на накапляльную пенсію. Яго суму чалавек выбірае самастойна — ад 1 да 10% заработку. Калі ён будзе плаціць 1, 2 або 3%, столькі ж унясе і работадавец, але не больш. Максімальна ў сукупнасці можа атрымацца 13%. Пры гэтым нагрузка на работадаўцаў не павялічыцца. Для іх тарыф абавязковага страхавога ўзносу 28% на пенсійнае страхаванне будзе зменшаны суразмерна ўзносу, які адлічваецца на дадатковую пенсію работніка.

— Хто зможа ўдзельнічаць у такой праграме?

— Уступіць у яе можна не пазней чым за 3 гады да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Права на ўдзел у страхаванні дадатковай накапляльнай пенсіі атрымае кожны, за каго работадавец плаціць абавязковыя ўзносы ў бюджэт Фоду сацыяльнай абароны насельніцтва. Чым раней чалавек усту­піць у праграму і чым даўжэйшы перыяд будзе адлічваць добраахвотныя ўзносы, тым большай сфарміруецца сума на дадатковую пенсію. Па ўласным рашэнні ён зможа атрымліваць свой назапашаны рэсурс на працягу 5 або 10 гадоў. Накапляльная пенсія таксама можа перайсці па спадчыне найбліжэйшым родным. А каб яе не паглынула інфляцыя, у праекце ўказа прадугледжаны механізм капіталізацыі з улікам інфляцыйных момантаў, якія могуць здарыцца.

— Наталля Мікалаеўна, самая красамоўная рэч — гэта лічбы…

— Не буду вышукваць іншыя варыянты, а прывяду тыя, якія агучыла ў інтэрв’ю рэспубліканскім сродкам масавай інфармацыі міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. З 2022 года пенсійны ўзрост у жанчын у нашай краіне наступае ў 58 гадоў, у мужчын — у 63. Калі яны прымуць рашэнне накопліваць пенсію з 45 гадоў, то ў жанчын гэты тэрмін складзе 13 гадоў, у мужчын — 18. Пры накапленні пенсіі па формуле 5% сваіх і 3% работадаўцы пасля выхаду на заслужаны адпачынак мужчына на працягу 5 гадоў будзе атрымліваць штомесяц каля 325 рублёў дадаткова да сваёй асноўнай пенсіі, якую гарантуе дзяржава, жанчына — 284. Пры плаце ўзносаў з сярэдняй заработнай платы і максімальным працоўным стажы для жанчын 40 гадоў і для мужчын — 45 гарантаваная дзяржавай пенсія складзе ў сярэднім 570 рублёў, з улікам накапленняў — 900 рублёў. Розніца відавочная.

— І апошнія пытанні: калі ў краіне пачне дзейнічаць новы механізм і якая арганізацыя зоймецца гэтай праграмай?

— Для таго, каб новая праграма не дала збояў, патрэбны час для падрыхтоўкі. Таму новы механізм пачне працаваць з 1 кастрычніка 2022 года. Праграмай будзе займацца рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Стравіта». У яго дастаткова развітая філіяльная сетка, і ўжо зараз больш за 90% з 205 тысяч чалавек, якія пайшлі на добраахвотныя накапленні пенсіі ў рамках існуючай сістэмы, ро­бяць іх праз «Стравіту».

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.