Новый главный тренер Павел Вавинский поставского «Атланта» рассказал о планах на будущее + календарь игр

Важное Спорт

З прыцэлам на перспектыву

Сёлета турнір у першай лізе па валейболе аказаўся пад пагрозай зрыву. На шчасце, пастаўскі «Атлант» на спаборніцтвы заявіўся. Пра гатоўнасць нашай каманды да новых сур’ёзных выпрабаванняў расказаў яе новы галоўны трэнер Павел Вавінскі.

— Павел Аляксандравіч, чаму ў нашым дывізіёне сёлета засталася рэкордна малая колькасць каманд — усяго 4?

— Летам работнікі Беларускай федэрацыі валейбола вырашылі ўпершыню правесці ў вышэйшай лізе маладзёжны чэмпіянат сярод валейбалістаў да 20 гадоў. У выніку па нашым дывізіёне быў нанесены балючы ўдар, бо ў новы турнір дублёраў перайшлі гуляць леташнія сапернікі пастаўчан — 2 каманды РДВАР з Мінска, маладыя валейбалісты з Гродна і Салігорска, а таксама магілёўскі «ЦАР-Камунальнік». Сёлета юніёры будуць спаборнічаць толькі з аднагодкамі.

У новым сезоне ў нашым дывізіёне спачатку было 5 калектываў. Ужо быў вядомы каляндар гульняў, але ў апошні момант са спаборніцтваў зняўся навічок — ВК «Магілёўаблгаз». Вырашыў прапусціць сезон з-за кадравых праблем аршанскі «Узлёт».

— Як будзе праходзіць чарговы незвычайны чэмпіянат Беларусі ў першай лізе?

— Мы будзем гуляць фактычна ў адкрытым першынстве Гомеля. Гэты рэгіён самы валейбольны ў краіне, тут ёсць вышэйшая і першая лігі. Пачнём барацьбу матчам на выездзе ў Гомелі з дзеючым чэмпіёнам — гомельскім «Газавіком». Турнір пройдзе ў 4 кругі, 6 матчаў правядзём у родных сценах і столькі ж — у горадзе над Сожам. Па іх выніках 30 красавіка пачнецца фінальны этап, у якім 4 каманды-ўдзельніцы разыграюць медалі. Таму важна да гэтага дня выйсці на пік спартыўнай формы, бо можна паспяхова прайсці папярэдні раўнд, а праваліцца ў двух рашаючых паядынках сезона. Сапернікі ў нас грозныя. Лёгкіх матчаў не прадбачыцца, але гэта яшчэ цікавей.



Першы матч дома мы згуляем 20 лістапада. Аднак з-за складанай эпідсітуацыі па рашэнні федэрацыі да 1 снежня матчы па ўсёй краіне праводзяцца без гледачоў.

Павел Вавінскі



— Ці ўдалося абноўленаму трэнерскаму штабу захаваць баяздольны склад нашай каманды?

— Змены ў нас даволі адчувальныя, бо з мінулагодняй заяўкі мы недалічыліся адразу 8 ігракоў. Спачатку пакінуў калектыў адзін з лідараў — блакіруючы Павел Дзеравянка. Яго ў ходзе сезона запрасіў да сябе элітны брэсцкі «Заходні Буг». Летам да складу айчыннага флагмана — салігорскага «Шахцёра» — далучыўся 17-гадовы Даніла Болгаў і заключыў з ім кантракт. Дарэчы, за салігарчан гуляе і другі пастаўчанін, Аляксей Рабека, які добра сябе праявіў у стартавым раўн­дзе Лігі чэмпіёнаў СЕV. Па стане здароўя перастаў выступаць вопытны Андрэй Русак з Мядзела. Каманду пакінуў шэраг хлопцаў, а ўзмацніў яе наш выхаванец, выпускнік БДУФК Аляксей Лабуць з вопытам гульняў у вышэйшай лізе. Але яго прызываюць на тэрміновую ваенную службу.

Мы пачынаем перабудову каманднай гульні. Асноўным распасоўшчыкам стане мой памочнік, малады гуляючы трэнер Максім Іваноў. Разлічваем таксама на Віталя Варанца, Аляксандра Зарэцкага і Уладзіміра Юзвовіча. Менавіта адсутнасць вядучых ігракоў мінулай зімой стала прычынай спаду ў гульні пастаўчан на фінішы папярэдняга сезона, які мы завяршылі на 8-м месцы. Але галоўнае, што каманду захавалі.

Уладзімір Шык
Фота з архіва рэдакцыі

 Каляндар гульняў каманды «Атлант» (Паставы)

Папярэдні этап.
Першы кру
1 тур. 31 кастрычніка
«Газавік-Гомель»—«Атлант» (Паставы)

2 тур. 20 лістапада
«Атлант» (Паставы)—«Бумпрам» (Гомель)

3 тур. 27 лістапада
«Энергагаз» (Гомель)—«Атлант» (Паставы)

Другі круг
4 тур. 4 снежня
«Атлант» (Паставы)—«Газавік-Гомель»

5 тур. 15 студзеня
«Бумпрам» (Гомель)—«Атлант» (Паставы)

6 тур. 29 студзеня
 «Атлант» (Паставы)—«Энергагаз» (Гомель)

Трэці круг
7 тур. 12 лютага
«Газавік-Гомель»—«Атлант» (Паставы)

8 тур. 26 лютага
«Атлант» (Паставы)—«Бумпрам» (Гомель)

9 тур. 5 сакавіка
«Энергагаз» (Гомель)—«Атлант» (Паставы)

Чацвёрты круг
10 тур. 19 сакавіка
«Атлант» (Паставы)—«Газавік-Гомель»

11 тур. 2 красавіка
«Бумпрам» (Гомель)—«Атлант» (Паставы)

12 тур. 16 красавіка
«Атлант» (Паставы)—«Энергагаз» (Гомель)

Фінальны этап
Матчы — 30 красавіка і 1 мая за выніковыя 1—2-е, 3—4-е месцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.