Песняй, словам, танцам дораць радасць варапаеўцам работнікі мясцовага гарпасялковага Дома культуры.
Напісаць пра іх прапанавала старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. Пераступаю парог Дома культуры — і чую музыку. На сцэне за раялем — акампаніятар Аляксандр Іванін, побач — рэжысёр Ірына Кузьміч, культарганізатар Ірына Козел, яшчэ адзін акампаніятар Вольга Танана і загадчыца ўстановы Юлія Галяш.
— Рыхтуем чарговае мерапрыемства, — тлумачыць Юлія. — Планаў шмат, а эпідсітуацыя ўносіць у іх свае карэктывы. У бягучым годзе многія задумы засталіся нерэалізаванымі. Новай рэальнасцю стаў рэжым анлайн. Такім чынам удзельнічалі ў шматлікіх конкурсах і занялі 2-е месца ў міжраённым вакальнага майстэрства, 1-е — у такім жа абласным. Лідзіравалі на раённым КВЗ і рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў беларускай казкі. Часта ўспамінаем той час, калі глядзельная зала нашага Дома культуры на кожнае свята была перапоўнена ўдзячнымі гледачамі. З аншлагам прайшлі шоу-праграмы «Мінута славы», «Ану, бабулі!», «Вясёлыя дзяўчаты, або У коле цудоўных дам», «Найлепшы сацыяльны работнік», «Наша прафесія — наша жыццё» і іншыя.

Усе работнікі Варапаеўскага ГПДК вельмі таленавітыя, творчыя. Яны ідуць у нагу з часам, не забываюць і пра найбагацейшую спадчыну продкаў, ладзяць яркія мерапрыемствы, прыцягваюць да ўдзелу ў іх жыхароў гарпасёлка.
— Культурныя запыты людзей мяняюцца, і мы знаходзім новыя формы работы, — гаварыла Юлія. — Калі ладзілі святы ў невялікіх вёсачках, дзе жывуць людзі сталага ўзросту, то заходзілі да кожнага ў дом, віталі іх музыкай, песнямі. Летам пабывалі ў 6 вёсках, ушанавалі жыхароў 4 вуліц гарпасёлка.
Варапаеўскія культработнікі заўсёды ў цэнтры самых яркіх раённых мерапрыемстваў. Гледачы цёпла прымаюць салістку Ірыну Козел, ансамбль «Акцэнт», якім кіруе Вольга Танана. Ірына Кузьміч — нязменны балетмайстар танцавальных баляў, якія на працягу многіх гадоў праводзіліся ў розных установах культуры раёна. Усе разам яны шукаюць таленты сярод юных жыхароў Варапаева і дапамагаюць іх раскрыць, вядуць студыі эстрадных і вакальных спеваў, драматычны гурток, аматарскія аб’яднанні. Для чалавека любога ўзросту тут знойдуць занятак па інтарэсах. Работнікі ГПДК прапагандуюць здаровы лад жыцця: праводзяць заняткі па фітнесе, спартыўныя мерапрыемствы, многія рыхтуюць сумесна з фізкультурна-аздараўленчым комплексам.
— Магу з упэўненасцю сказаць, што практычна кожны жыхар не толькі гарпасёлка, але і іншых населеных пунктаў ведае нашых творчых работнікаў культуры, — гаварыла Іна Касарэўская. — Людзі з задавальненнем наведваюць канцэрты, тэатралізаваныя прадстаўленні. Да многіх культработнікі ідуць дадому з віншаваннямі з нагоды круглых дат з дня нараджэння, шлюбу. Яны ўмеюць запаліць у сэрцах людзей радасць, стварыць святочны настрой, дапамагаюць бачыць цудоўнае ў звычайным, напаўняюць жыццё незабыўнымі ўражаннямі. Вялікая заслуга ў гэтым творчага і дзейнага кіраўніка ўстановы Юліі Галяш. У яе заўсёды шмат ідэй, і яна прыкладвае максімум намаганняў, каб іх ажыццявіць. Кожнае мерапрыемства — непаўторнае. Яркія нумары, прадуманыя касцюмы, арыгінальна ўпрыгожаная сцэна ўражваюць гледачоў розных узростаў. І яны ў сваю чаргу не шкадуюць апладысментаў, шчырых слоў падзякі. Культработнікі, правёўшы адно свята, звычайна тут жа анансуюць наступнае. Жадаю калектыву новых творчых знаходак і ўсяго найлепшага ў асабістым жыцці.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара