«ПК» — моя газета. Анна Хромченко: «Мое отношение к районной газете особенное»

Общество

Нібы сяброўка

Мае адносіны да раённай газеты асаблівыя. Справа ў тым, што ў рэдакцыі працаваў мой тата Алесь Касцень. Школьніцай я часта прыходзіла да яго на работу, і ўсё там мне здавалася чараўніцтвам. Асабліва заварожвалі вялізныя станкі ў друкарні (газета тады друкавалася на месцы), а пах друкарскай фарбы, здаецца, адчуваю і цяпер. Цікава было назіраць за працай журналістаў.

Усё гэта помніцца і сагравае сэрца. Таму, зразумела, газетай не магу не цікавіцца. Найперш звяртаю ўвагу на ілюстрацыі. Я патрыётка свайго горада, і калі бачу на старонках раёнкі яго краявіды, вельмі радуюся як за хараство Пастаў, так і за талент фотамайстроў, якія ўмеюць яго адлюстраваць. Паколькі працую ў сацыяльнай сферы, найбольш цікавяць публікацыі на гэту тэму. А іх на старонках «Пастаўскага краю» з’яўляецца нямала.

Газета свая, блізкая людзям, яна апавядае пра ўсё, што адбываецца ў раёне. На Пастаўшчыне шмат не проста працавітых, а таленавітых людзей. Журналісты пастаянна знаёмяць з імі чытачоў, цікава расказваюць пра захапленні і майстэрства. Люблю чытаць пра дасягненні маладых, бо ў іх руках — будучыня. Цікаўлюся спартыўнай тэматыкай. Заўсёды кранаюць сэрца публікацыі пра людскія лёсы, вершы і проза мясцовых аўтараў.

Выдатна, што выданне прысутнічае ў сацыяльных сетках. З задавальненнем падпісваюся і чытаю. Газета стала для мяне нібы сяброўка. Мае мама і бабуля аддаюць перавагу прывычнаму для іх — друкаванаму «Пастаўскаму краю». Для людзей старэйшага пакалення газета была і застаецца найпершай крыніцай інфармацыі, сувязным звяном з жыццём.

Ганна Хромчанка, інспектар аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ТЦСАН
Фота Людмілы Зелянкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.