Такая «спагада» караецца штрафам
Праблема алкагалізацыі насельніцтва не губляе сваёй актуальнасці, нягледзячы на ўсе намаганні дзяржавы справіцца з ёй. Востра стаіць і пытанне ўжывання алкагольных, слабаалкагольных напіткаў і піва непаўналетнімі. За гэта ў дачыненні да іх на Пастаўшчыне сёлета складзены 39 адміністрацыйных пратаколаў.
«Продаж спіртнога асобам да 18 гадоў забаронены!» — такія таблічкі можна ўбачыць у кожным магазіне раёна. І калі прадаўцы ў апошні час стараюцца выконваць дадзенае патрабаванне, то сярод пакупнікоў знаходзяцца «добрыя самарыцяне», гатовыя дапамагчы непаўналетнім набыць спіртное.
— Сітуацыя з продажам алкаголю падлеткам работнікамі гандлю змянілася ў лепшы бок пасля прыняцця ў краіне новага адміністрацыйнага кодэкса, — канстатаваў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Віталій Кішко. — Раней мы штомесяц выяўлялі такія факты. Сёння іх усяго два. Безумоўна, сваю ролю адыграла ўзмацненне адказнасці за гэта правапарушэнне — штраф цяпер складае да 20 базавых велічынь. Пэўную работу з прадаўцамі правяло і кіраўніцтва Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства. Акрамя таго, факт продажу спіртнога непаўналетняму, калі ён меў месца, могуць пацвердзіць камеры відэаназірання, якія ўстаноўлены ў многіх гандлёвых крамах. Куды большая праблема зараз у тым, што асобныя грамадзяне купляюць алкаголь непаўналетнім па іх просьбе. Некаторыя нават зарабляюць на гэтым — бяруць грошы за паслугу. Ужо даказаны 15 выпадкаў, вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Па словах Віталія Казіміравіча, устанавіць пакупнікоў няпроста. Калі інспектары пачынаюць высвятляць у падлеткаў, дзе яны ўзялі спіртное, тыя, як правіла, маўчаць і не здаюць «сваіх людзей», каб потым мець магчымасць зноў да іх звярнуцца. На дапамогу прыходзяць усё тыя ж унутраныя і вонкавыя камеры відэаназірання.
З мэтай папярэджання ўжывання спіртнога непаўналетнімі праваахоўнікі ладзяць розныя рэйдавыя мерапрыемствы каля магазінаў і бараў, даводзяць да падлеткаў адказнасць за яго распіццё падчас выступленняў ва ўстановах адукацыі, праводзяць іншую работу. Як вынік — затрыманне ў мінулыя выхадныя чатырох навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, якія распівалі спіртное. Тром з іх яшчэ не споўнілася 18 гадоў. А набыў алкаголь старэйшы, 18-гадовы, таварыш, у дачыненні да якога складзены адміністрацыйны пратакол за ўцягненне ў п’янства непаўналетніх. За гэта, а таксама за набыццё алкагольных напіткаў непаўналетнім прадугледжаны штраф у памеры да 30 базавых велічынь. Пра яго трэба памятаць «спагадлівым» грамадзянам, якія купляюць піва ці джын-тонік падлеткам.
Алена Шапавалава