Уважлівыя і пунктуальныя
Рабочы дзень набліжаўся да завяршэння, а некаторыя вадзіцелі ўчастка г. Паставы філіяла «Аўтатранспартнае прадпрыемства №16 г. Глыбокае» збіраліся ў рэйс. Некаторыя, хто выехаў у 4 раніцы, толькі што вярнуліся ў парк.
Мікалай Александроў у аўторак быў на выхадным, але вырашыў агледзець аўтобус і прыйшоў у аўтапарк на некалькі гадзін. За ім замацаваны аўтобус на 51 пасадачнае месца. На ім працуе на міжгародніх рэйсах — дастаўляе пасажыраў у Віцебск, Мінск, Маладзечна. Сяргей Міцько абслугоўвае пасажыраў на гарадскіх «адзінцы», «двойцы», «тройцы».На ўсё жыццё выбраў прафесію вадзіцеля Міхаіл Буката. Ён мае права на заслужаны адпачынак, але любоў да тэхнікі трымае яго ў аўтапарку. Міхаіл Буката і Іван Літовец штодня курсіруюць на прыгарадных маршрутах. Сцвярджаюць, што працаваць апошнім часам не так цікава, як было раней: вёскі старэюць і пусцеюць, скарачаецца колькасць пасажыраў, і часцей за ўсё ў першы рэйс раніцай аўтобусы адпраўляюцца пустымі. Няшмат пасажыраў прыязджае і ў горад. Таму кіраўніцтва было вымушана скараціць колькасць маршрутаў і рэйсаў.

У пастаўскім участку працуюць 33 вадзіцелі аўтобусаў. Яны выконваюць міжгароднія рэйсы на Мінск, Віцебск, Маладзечна, а а таксама 12 прыгарадных і 3 гарадскія.
— Работа наша няпростая і вельмі адказная, — гаварылі вадзіцелі ўчастка г. Паставы філіяла «Аўтатранспартнае прадпрыемства №16 г. Глыбокае». — Першыя аўтобусы на міжгорад адпраўляюцца ў 4 і 5 гадзін, на прыгарад — крыху пазней. Рана выходзім на гарадскія маршруты. А перад гэтым трэба прайсці медагляд, аформіць пуцёўку, агледзець аўтобус і салон. Галоўнае — быць уважлівымі, ветлівымі, пунктуальнымі і каб тэхніка не падводзіла.
Надзейныя памочнікі вадзіцеляў у рамонце транспарту — слесары Аляксандр Камарніцкі і Вадзім Галімскі. Гэтыя высакакласныя спецыялісты ўмеюць зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб машына выйшла на лінію па графіку.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара