Самое большое увлечение Люси Бразовской — игра на баяне

Общество

Яе баян так звонка грае і настрой усім стварае!

Маю на ўвазе пастаўчанку Люсю Бразоўскую. Яе найвялікшае захапленне — ігра на баяне.

Я — самавучка, — расказвала жанчына. — На баяне граў мой старэйшы брат Эдзік. Зацікавілася інструментам і я. Ужо ў сем гадоў услед за братам магла падабраць любую мелодыю. А ў музычнай школе правучылася ўсяго год…

Гэтага хапіла толькі на тое, каб пазнаць азы музычнай граматы. Але што значыць талент ад прыроды! «На якіх толькі баянах я ні грала, — дзеліцца Пятроўна. — Нямецкай, італьянскай вытворчасці, быў нават электрабаян. Па 16 кілаграмаў важылі. Зараз у мяне маладзечанская трохрадка, намнога лягчэйшая і такая звонкая!»

Тое, як спявае ў руках Люсі Пятроўны баян, пакарае кожнага слухача. Напэўна, яна і сама не злічыць, колькі вяселляў іграла. У вёсках раней іх гулялі па тры дні. Адныя маршы для дзясяткаў сватоў па некалькі гадзін доўжыліся. Як і вытрымлівалі музыканты?! Ды хіба толькі на вяселлі яе запрашалі? Люся стварала і працягвае ствараць настрой на юбілеях, наваселлях, іншых урачыстасцях, прафесійных святах, кірмашах — як на раённых, так і на рэспубліканскіх. Вось і на нядаўніх абласных «Дажынках» уШуміліне ўдзельнічала. Гледачы, уражаныя яе талентам, не толькі апладзіравалі, але і фатаграфаваліся з баяністкай на памяць. А абласныя і сталічныя тэлежурналісты рабілі відэазапісы, і тыя кадры ўжо прайшлі на блакітных экранах.

Мне асабліва прыемна граць у кампаніях, дзе дружна падпяваюць, актыўна танцуюць. Тады і настрою прыбаўляецца, — прызналася музыкант. — Вельмі люблю спяваць застольныя песні і шмат іх ведаю, развучваю сучасныя. Заўсёды на ўра прымаюць мае частушкі.

Люся Пятроўна даўно дасягнула пенсійнага ўзросту. Яна мае не толькі дарослых унукаў, але і 6-гадовую праўнучку. Аднак нават блізка не падпускае да сябе старасць. Па-ранейшаму працуе ў Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства — займаецца рамонтам гандлёвых аб’ектаў. А таксама віртуозна грае і спявае, азартна водзіць сваю новую машыну «Хундай-Акцэнт». Таму і восень яе жыцця сапраўды залатая.

Фаіна Касаткіна
Фота з асабістай старонкі Люсі Бразоўскай у «Аднакласніках»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.