Сельскохозяйственный год на Поставщине завершается важным этапом — севом озимых

Сельское хозяйство

Стаўка – на азімыя

Сельскагаспадарчы год завяршаецца важным этапам — сяўбой азімых. Пра тое, як яна праходзіць у нашым раёне, карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч папрасіла расказаць намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяну Андрэеву.

— Таццяна Цярэнць­еўна, старшыня абл­вы­канкама Мікалай Шарснёў на відэаканферэнцыі з кіраўніц­твам раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў вобласці, гаворачы пра перспектывы ўраджаю-2022, паставіў перад аграрыямі задачу максімальна павялі­чыць плошчы пад пасевы азімых зерневых. Як яна выконваецца на Пастаўшчыне?

— Згодна з рэкамендацыямі аблвыканкама і асабіста яго старшыні, сёлета пасяўныя плошчы пад азімыя ў нашым раёне павялічаны больш чым на 4 тысячы гектараў. Адпаведна, трэба засеяць імі 18 тысяч гектараў. Гэта абдуманае, узважанае рашэнне спецыялістаў, бо на цяжкіх глебах вясной працаваць крайне складана. Апошнім часам яравыя зерневыя даюць невысокую ўраджайнасць, а валавы збор азімых — намнога вышэйшы.

— Чым гэта тлумачыцца?

— Біялагічнымі асаблівасцямі азімых зерневых: у іх больш працяглы вегетацыйны перыяд, лепшае, чым у яравых, развіццё каранёвай сістэмы, высокая здольнасць кушчэння і іншыя фактары. Перавага азімых перад іншымі культурамі асабліва кантрастна праяўляецца ў неспрыяльныя засушлівыя гады. Сеем у асноўным пшаніцу і трыцікале.

— Ведаю, што сёлета ўпершыню ў раёне пасеялі азімы ячмень…

— Пад гэту культуры адве­дзены 100 гектараў у ААТ «Камайскі-агра» і 70 — у «Навасёлках-Лучаі». Азімы ячмень спее раней за іншыя зерневыя, што дазволіць папоўніць запасы фуражу, апрабаваць тэхніку перад асноўнай уборкай.

— Вераснёўскія дажджы прытармазілі сяўбу?

— Так, тэмпы замарудзіліся. Але хлебаробы час не марнавалі — вялі ворыва глебы: ужо ўзарана 11 870 гектараў (66% да плана). У «Кураполлі-агра», «Хацілах-агра» гэта работа праве­дзена на 85-95% плошчы. Многія ўчасткі пераўвільготненыя, на іх немагчыма ўз’ехаць, і тэхніку даводзіцца буксіраваць. Таму сяўбу азімых пакуль правялі менш чым на палове запланаванай плошчы.

— Якія гаспадаркі ў лідарах?

— Дзве ўзгаданыя вышэй. З запланаваных 2 250 гектараў у Кураполлі і 2 000 — у Хацілах пасеяна адпаведна 1 530 і 826 гектараў, што складае 68 і 41%. Рупяцца таксама хлебаробы ААТ «Янавіца-агра», «Камайскі-агра», «Навасёлкі-Лучай».

— Што спрыяе тэмпам?

—  Сучасная тэхніка і прафесіяналы, якія на ёй працуюць. ААТ «Пастаўскі малочны завод» сёлета набыў новую сучасную сеялку «Бярэсце». Яна абсталявана аўтаматызаванай сістэмай кантролю і кіравання працэсамі, мае 6-метровую шырыню захопу, 48 сашнікоў, бункер умяшчальнасцю 3 тоны. Паралельна ўносяцца мінеральныя ўдабрэнні. «Бярэсце» выкарыстоўваецца на палях аграпрамысловага аб’яднання, у асноўным ў «Камайскім-агра», бо тут пад азімыя адведзена найбольшая плошча — 3 650 гектараў.

У многіх гаспадарках тэхніка выязджае ў поле, калі яшчэ цёмна, і працуе да змяркання. Падсохне глеба — і, магчыма, удасца арганізаваць работу кругласутачна. Важныя не толькі тэмпы сяўбы, але і яе якасць.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.