Не панацэя, але выратаванне
Пандэмія каранавіруснай інфекцыі становіцца ўсё больш агрэсіўнай і забірае жыцці нават маладых людзей. Супрацьстаяць смяротна небяспечнай навале магчыма толькі шляхам вакцынацыі. У сусветных лідарах па ёй такія эканамічна развітыя краіны, як Канада, Ізраіль, ЗША, Вялікабрытанія, Кітай. Варта ўзгадаць і пра тое, што дзякуючы вакцынацыі ў мінулым стагоддзі ўдалося перамагчы воспу, коклюш, адзёр, слупняк, краснуху, поліяміэліт. Тым не менш многія насцярожана ставяцца да прышчэпак супраць COVID-19. Былі такія і сярод рэспандэнтаў, з кім пагутарыла карэспандэнт «ПК».
Алена Турла:
— Пра прышчэпкі і слухаць не хацела. І мінулай восенню падхапіла вірус. Хварэла цяжка. Доўга ляжала ў бальніцы, затым далечвалася дома. Адчувала сябе вельмі кепска. Не тое што на работу не магла хадзіць, але і з хатнімі справамі спраўляцца. Разумела, што праз нейкі час хвароба можа абрынуцца зноў. Таму больш уважліва аднеслася да супрацьэпідэмічных мер: нашу ахоўную маску, рэгулярна апрацоўваю антысептыкам рукі. Пазбягаю людных месцаў. А самае галоўнае — зрабіла прышчэпку. Пакуль што ўвялі першы яе кампанент, а на днях іду на другі.
Міхаіл Кабайла:
— У наш калектыў УП ЖКГ летам і тыдзень назад прыходзіла галоўны санітарны ўрач раёна Святлана Рассеева. Даходліва расказвала, якія супрацьэпідэмічныя правілы трэба няўхільна захоўваць падчас пандэміі, акцэнтавала ўвагу на неабходнасці і эфектыўнасці вакцынацыі. На жаль, пераканала далёка не ўсіх. Некаторыя як былі, так і застаюцца праціўнікамі прышчэпак. Асабіста я зрабіў іх яшчэ ў жніўні і спадзяюся, што хвароба абміне. Агітую нашых камунальнікаў, каб праявілі больш актыўнасці. Гэта ж робіцца не дзеля каго-небудзь, а для ўласнай бяспекі.
Барыс Сямашка:
— Да свайго здароўя заўсёды ставіўся адказна, можа, таму і перасягнуў гэтай восенню 90-гадовы рубеж. Разумею, што належу да групы рызыкі, і не хачу паміраць у такіх пакутах, як пакідаюць жыццё цяжка хворыя на каранавірус. Таму без усялякіх ваганняў зрабіў адну прышчэпку, а праз тры тыдні — другую. Ніякіх ускладненняў не было. Кожную восень прышчапляюся ад грыпу і ніколі не хварэў на яго. Зраблю гэта і сёлета.
З-за ўзросту больш часу знаходжуся ў кватэры. Калі ж іду ў магазін, аддзяленне сувязі ці амбулаторыю або на прагулку, абавязкова карыстаюся медыцынскай маскай. Вярнуўшыся дадому, старанна мыю рукі з мылам. Усё гэта нескладана і дае надзею на тое, што вірус не прынёс.
Ганна Літвіновіч:
— Да вакцынацыі ставілася нейтральна. Але калі дастаткова цяжка захварэла на каранавірусную інфекцыю старэйшая сястра, рашэнне прыйшло адразу. Прышчапілася расійскай вакцынай «Спутнік V» і ўсё прыслухоўвалася, калі што пачне балець. Нічога не балела! Толькі на трэці дзень адчула месца ўколу. Выдатна разумею, што вакцынацыя — не панацэя, але яна дае надзею не захварэць. А калі хто прышчэплены ўсё ж такі падхоплівае вірус, то захворванне працякае звычайна ў лёгкай форме і не пагражае жыццю.
А ўвогуле каранавірус не толькі падрывае здароўе, але і вельмі перашкаджае працаваць. Вось і мы не можам праводзіць масавыя мерапрыемствы ў бібліятэцы, стала менш наведвальнікаў у чытальнай зале. Што да саміх работнікаў, то ўсе карыстаюцца ахоўнымі маскамі, строга захоўваюць іншыя санітарныя патрабаванні.
Наталля Шырэй:
— Працую ў дзіцячым садку, таму адчуваю адказнасць не толькі за сябе, але і за выхаванцаў. У калектыве правакцынаваліся ўсе, хто не меў да гэтага супрацьпаказанняў. Будзем спадзявацца на калектыўны імунітэт. Ды і дома ў мяне муж, двое дзяцей. Хочацца, каб усе былі здаровыя.
Не магу не сказаць і вось пра што. На жаль, не ўсе бацькі захоўваюць супрацьэпідэмічны рэжым. Было і такое, што некаторыя, знаходзячыся на бальнічным, працягвалі прыводзіць сваіх дзяцей у садок. Такім чынам яны падвяргалі небяспецы іншых. І толькі пазней прызнаваліся пра свой каранавірусны дыягназ. Хіба так можна?!
Гутарыла Фаіна Касаткіна