Патэнцыяльным афіцэрам расказалі, як паступіць у ваеннную акадэмію.
14 кастрычніка ў актавай зале СШ №1 прайшла сустрэча юнакоў-старшакласнікаў з выкладчыкам Ваеннай акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь падпалкоўнікам Дзянісам Канвісарам.
На ёй прысутнічалі тры дзясяткі вучняў 11-х класаў з усіх школ горада. Чужымі ў першай школе яны сябе не адчувалі: у пачатку 2021 года менавіта на базе СШ №1 створаны міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, дзе раз на месяц для юнакоў з усіх школ горада і раёна праводзяцца заняткі.
— Армія — гэта дзяржава ў дзяржаве, — адзначыў у пачатку свайго выступлення Дзяніс Канвісар. — Людзі, якія носяць ваенную форму, маюць розныя спецыяльнасці. Атрымаць іх можна ў нашай акадэміі. Магчыма, і сярод вас знойдуцца тыя, хто захоча стаць афіцэрам і звязаць сваё жыццё са службай на карысць Радзімы.

Выступоўца паказаў школьнікам прэзентацыю і расказаў пра гісторыю ваеннай акадэміі, яе навукова-педагагічны патэнцыял, факультэты, а таксама пра іспыты, якія трэба здаваць пры паступленні. У ліку іншых прагучала лічба: кожны месяц курсанты гэтай ВНУ атрымліваюць стыпендыю ад 430 рублёў (у некаторых выпадках яна даходзіць да 800). Дзяржава аплачвае будучым афіцэрам харчаванне, забяспечвае форменным абмундзіраваннем.
Перад юнакамі выступіў і начальнік групы прызыву на ваенную службу райваенкамата Валерый Баравік. Ён падкрэсліў, што ўсе ахвотныя паступаць у акадэмію найперш павінны звярнуцца ў ваенны камісарыят Пастаўскага раёна. Зрабіць гэта патрэбна да 10 студзеня.
Стаць курсантамі ваеннай акадэміі могуць не толькі юнакі, але і дзяўчаты. Праўда, выбар факультэтаў для іх, меншы: яны могуць паступаць на інжынерныя спецыяльнасці, стаць сувязістамі або псіхолагамі.
— Сёлета на авіяцыйны факультэт паступіла выпускніца СШ №3 Ангеліна Цапелік, — адзначыў Валерый Баравік. — Гэты факт варты ўвагі, бо па ўсёй рэспубліцы на ваенныя спецыяльнасці набіралі ўсяго 16 дзяўчат. Ганарова, што сярод іх аказалася і пастаўчанка. Увогуле інтарэс да ваеннай акадэміі з боку выпускнікоў раёна ёсць заўжды. Так склалася гістарычна, што ў нашым горадзе дыслацыраваліся і зараз размяшчаюцца воінскія часці, і гэта ўжо само па сабе папулярызуе прафесію ваеннаслужачага.
Безумоўна, паступіць у галоўную кузню афіцэрскіх кадраў Беларусі няпроста: трэба мець выдатнае фізічнае здароўе, добра ведаць школьную праграму. Але, як паказвае практыка, такая мэта дасягальная. Асабліва калі яе паставіць загадзя.
Іна Сняжкова. Фота аўтара