Талант воспитателя и творца. Наталья Лаптик — воспитатель с более чем 20-летним стажем

Образование

Талент выхавальніка і творцы

Наталля Вайцехаўна — выхавальнік з больш чым 20-гадовым стажам. У дашкольную адукацыю яна прыйшла па клічы сэрца, паспрабаваўшы сябе ў ёй у старэйшых класах школы: неяк настаўніца папрасіла прыгледзець за сваёй маленькай дачкой. Той вопыт спадабаўся дзяўчыне, якая часта няньчылася з пляменнікамі. І, закончыўшы школу, выпускніца падала дакументы ў Полацкае педагагічнае вучылішча імя Ф. Скарыны.

Адвучыўшыся, год адпрацавала выхавальнікам у саўгасе «Осава» на Мядзельшчыне, адкуль родам. Затым выйшла замуж і пераехала ў Паставы. Уладкавалася ў дзіцячы садок «Казка». Але неўзабаве яго закрылі. Прыйшлося шукаць новае месца работы. Ім аказаўся сад «Сонейка», што каля раённага аддзела па адукацыі. Спачатку была там кастэлянкай, праз год, пасля адкрыцця 1 класа, назначылі ў ім выхавальнікам, пазней далі весці групу. У 2009 годзе перайшла ў яслі-сад «Спадарожнік».

Тут цудоўны калектыў, — гаварыла Наталля Лапцік. — Усе дружныя, добразычлівыя, заўсёды прыйдуць на дапамогу. Вельмі добрая загадчыца: умее пахваліць, падтрымаць. А гэта акрыляе, надае жадання працаваць, падштурхоўвае да творчасці.

Рабоце Н. Лапцік аддае шмат часу, душэўных і фізічных сіл. Працаваць з дзецьмі, па яе словах, нялёгка. У кожнага малога свой, часта складаны, характар і свой настрой, які можа мяняцца на працягу дня. Трэба пад яго падстройвацца, знаходзіць падыход да кожнага. Але ёсць і нямала плюсаў.

Мы з дзецьмі абменьваемся энергіяй: яны даюць яе мне, а я — ім. Таму, напэўна, педагогі і не старэюць, — працягвала выхавальнік. — Таксама прыходзіцца пастаянна сама­адукоўвацца. Малыя задаюць столькі пытанняў пра ўсё на свеце! Часам не ведаеш, як на іх адказаць, і звяртаешся па дапамогу да інтэрнэта. А ўвогуле, яны непасрэдныя, адкрытыя, шчырыя, вельмі чуйна рэагуюць на пяшчоту і цеплыню і аддзячваюць тым жа.

Зараз Наталля Лапцік вя­дзе групу дзетак ва ўзросце ад 3 да 4 гадоў. Іх у яе 21 чалавек. І кожнага трэба навучыць элементарным навыкам самаабслугоўвання: адзец­ца, раз­дзецца, правільна есці лыжкай і ві­дэльцам, карыстацца насоўкай і расчоскай і шмат чаму яшчэ. Для гэтага педагог зрабіла вялікую колькасць яркіх дыдактычных дапаможнікаў, напрыклад па завязванні шнуркоў, зашпільванні гузікаў і маланак і г.д. У групе яе рукамі маляўніча аформлены розныя куткі: па правілах дарожнага руху, гаспадарча-бытавой працы, выяўленчай дзейнасці і інш. Таксама маецца безліч уласнаручна і з дапамогай мужа, іншых родных, суседзяў і сяброў створанага рэквізіту для ўсемагчымых спартыўна-развіваючых і сюжэтна-ролевых гульняў, якія сама ж і прыдумвае. Тут і абсталяванне для станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў, бальніцы, банка, і пальчыкавы тэатр, тэатр на лыжках… Усё проста немагчыма пералічыць.

Наталля Вайцехаўна — вельмі старанны і высокапрафесійны педагог, умее зацікавіць дзяцей і наладзіць з імі кантакт, — гаварыла загадчыца ясляў-сада Святлана Нагановіч. — Яна спакойная, ураўнаважаная, ніколі не павышае голасу на сваіх выхаванцаў, пры гэтым тыя чуюць яе. Усе заняткі праводзіць з іскрынкай, як паказальныя. Мае не толькі залатыя рукі, але і артыстычны талент. На ранішніках іграе любыя ролі і заўсёды сама шые касцюмы для сябе і дзяцей. Выхавальніка вельмі любяць малыя і бацькі. Да яе ў групу просяцца не толькі з нашага мікрараёна, але і з Юбілейнай, Ленінскай. У плане творчасці за Наталляй Вайцехаўнай цягнуцца калегі. А я са свайго боку стараюся заахвоціць іх матэрыяльна.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.