Вучыліся на базе шпіталя
Вучэбна-метадычныя зборы з начальнікамі ваенна-медыцынскіх службаў воінскіх часцей органаў пагранічнай службы прайшлі на базе 1-га ваеннага шпіталя.
На занятках, якія праводзілі намеснік начальніка ваенна-медыцынскага аддзела — галоўны тэрапеўт Дзяржпагранкамітэта падпалкоўнік медыцынскай службы Аляксей Ільюшэнка, галоўны клінічны фармаколаг ваенна-медыцынскага аддзела Дзяржпагранкамітэта Дзяніс Камарчук, намеснік начальніка шпіталя — начальнік медыцынскай часткі Антон Гулікаў.
Слухачы атрымалі актуальную інфармацыю пра сучасныя метады прафілактыкі захворванняў і іх лячэнне. Разам распрацоўвалі падыходы да арганізацыі медыцынскага забеспячэння ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз. Ім давялі патрабаванні нарматыўна-прававых актаў.

— Такія зборы ладзяцца раз на два гады, — расказваў Аляксей Ільюшэнка. — Ахова здароўя ваеннаслужачых — адказная задача, якая стаіць перад ваеннымі медыкамі. І выконваць яе трэба на высокім узроўні, якасна. Мінулы раз месцам правядзення вучобы таксама быў шпіталь, бо аўтарытэт установы высокі. Тут імкнуцца прайсці абследаванне і атрымаць якасную меддапамогу не толькі людзі ў пагонах, але і цывільныя грамадзяне. У шпіталі працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, а ў дапамогу ім — сучасная матэрыяльна-тэхнічная база.
Удзельнікам збораў было на што паглядзець і чаму павучыцца. За два гады, якія прайшлі пасля апошніх заняткаў, у шпіталі набыта новае лячэбна-дыягнастычнае абсталяванне, расшыраны спектр паслуг і ўкаранёныя новыя методыкі па аказанні медыцынскай дапамогі, абнавіўся парк санітарнага транспарту. Кожны з прысутных пачэрпнуў для сябе шмат карыснай інфармацыі, якую будзе выкарыстоўваць пры выкананні штодзённых службовых абавязкаў.
Анна Анішкевіч