Чэмпіянат стартаваў
У стартавы пратакол першынства раёна 2021/2022 года ўнесены прозвішчы 14 шахматыстаў. Пасля адбылася жараб’ёўка, якая вызначыла стартавыя нумары кожнага ўдзельніка і чарговасць тураў. Сёлета сярэдні шахматны каэфіцыент невысокі, бо з-за розных абставін не маглі заявіцца ўсе наймацнейшыя. Самаму старэйшаму спартсмену, Пятру Жуку, — 75 гадоў. А ўвогуле склад удзельнікаў істотна памаладзеў — гуляюць 4 школьнікі: Ева Іванова, Марцін Савельеў, Віталій Дзямідаў і Максім Мацкевіч.

Каб пакарыць нарматыў першага разраду ці пацвердзіць яго, трэба набраць 10 ачкоў з 13 магчымых у выніковай турнірнай табліцы. Пра тое, ці ўдасца каму-небудзь з шахматыстаў пакарыць гэты рубеж, даведаемся ў сакавіку 2022 года. У такі ж тэрмін будуць вызначаны чэмпіён і прызёры першынства. Нагадаю, што дзеючым чэмпіёнам раёна з’яўляецца Вячаслаў Гінько з Пастаўскага малочнага завода.
На матчы адкрыцця Аляксандр Мурзо даволі ўпэўнена абыграў Максіма Мацкевіча. Годную гульню прадэманстравала моладзь і дабілася сенсацыйных вынікаў. Васьмікласнік СШ №2 Марцін Савельеў паспяхова стрымліваў атакі вопытнага ветэрана Пятра Жука, а ў канцоўцы правёў камбінацыю і святкаваў перамогу. Поўная драматызму і інтрыгі была партыя паміж дзевяцікласнікам СШ №2 Віталіем Дзямідавым і Станіславам Цыбульскім з малочнага завода, якая завяршылася ўнічыю. Даволі моцную гульню прадэманстравала вучаніца 7 класа СШ №2 Ева Іванова супраць Юрыя Катовіча. Аднак у напружанай канцоўцы яна дапусціла памылку і прайграла.
P.S. Шахматны клуб «Гамбіт» знаходзіцца ў кінатэатры «Радзіма». Спаборніцтвы праходзяць кожную нядзелю з 10 да 14 гадзін.
Юрый Катовіч. Фота Людмілы Зелянкевіч