В выставочном зале районного краеведческого музея во дворце Тизенгаузов открылась выставка INSITUS-2020

Культура

Наіўныя і цёплыя

У мінулую сераду ў выставачнай зале раённага краязнаўчага музея ў палацы Тызенгаўзаў адкрылася выстава інсітнага мастацтва INSITUS-2020.

Экспазіцыя, якая прыехала да нас з Віцебска, — толькі частка VI Нацыянальнай выставы інсітнага мастацтва пад такой жа назвай, прысвечанай 380-годдзю з дня нараджэння ўраджэнца Дуброўна, разьбяра і друкара Васіля Кораня, стваральніка першай у Расіі народнай гравіраванай Бібліі ў малюнках. Калекцыя рэканструкцый графічных аркушаў Бібліі В. Кораня, зробленых маскоўскім мастаком, прэзідэнтам Акадэміі народнага мастацтва Віктарам Пензіным, размешчана ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Другая частка выставы ў выглядзе жывапісных карцін і разьбы па дрэве раз’язджае па раённых цэнтрах вобласці. Яна ўжо пабывала ў Гарадку, Лепелі, Докшыцах, Міёрах, Сянно, а пасля Пастаў паедзе ў Браслаў, Бешанковічы і Шуміліна.

Пра экспазіцыю расказвае Валянціна Друсь

Адкрываючы экспазіцыю, старшы навуковы супрацоўнік музея Валянціна Друсь спачатку расказала прысутным — а першымі з ёй пазнаёміліся работнікі культуры горада — пра гісторыю ўзнікнення інсітнага мастацтва і што абазначае само паняцце, а затым пра сутнасць выставы.  На ёй можна ўбачыць работы мастакоў-самавучак з Лепеля, Полацка, Гарадка, Лёзна, Докшыц, Бешанковічаў і Віцебска. Абласны цэнтр прадстаўляюць самадзейныя мастакі з народнага клуба «Контур», які існуе пры культурна-гістарычным комплексе «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна».

Пра гэты клуб і яго ўдзель­­нікаў, а таксама пра іншых аўтараў і іх работы распавяла дырэктар раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка. Яна адзначыла, што ўсе карціны напісаны ў розных тэхніках і манерах, але аднолькава прыцягваюць увагу шчырасцю і эмацыянальнасцю. Народныя таленты ажыўляюць на сваіх палотнах і ў скульптурных кампазіцыях дзіўны свет навакольнага асяроддзя з цудоўнымі краявідамі, архітэктурнымі вобразамі, дзе жывуць рэальныя людзі і чароўныя істоты.

Інсітнае, або наіўнае, мастацтва — гэта творчасць непрафесійных мастакоў, якая характарызуецца наіўна-рэалістычным адлюстраваннем рэчаіснасці з выкарыстаннем вобразных сродкаў.

У VI Нацыянальнай выставе інсітнага мастацтва INSITUS-2020 удзельнічалі і пастаўчане — майстры Дома рамёстваў «Стары млын» Вольга Гукава і Яніна Ліманоўская. Пра гэта гаварыла дырэктар «Старога млына» Таццяна Петух. На жаль, убачыць іх работы ў Паставах нельга: яны знаходзяцца ў Віцебску.

На адкрыцці экспазіцыі прысутнічала таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская, якая павіншавала ўсіх з прыездам у наш горад такой цудоўнай выставы. Пры гэтым адзначыла: гледзячы на работы, адчуваеш ад іх цеплыню, а значыць, яны выкананы сэрцам, душой.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.