Врач-хирург Сергей Дедунов и врач-бактериолог госпиталя Наталия Минаева получили высокие награды

Важное Здравоохранение

За высокі прафесіяналізм – дзяржаўныя ўзнагароды

14 верасня ўрач-хірург 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Сяргей Дзедуноў адправіўся не ў аперацыйны блок хірургічнага аддзялення, якім загадвае, а ў сталічны Палац Незалежнасці. Тут з рук Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ён атрымаў знак, які пацвярджае прысваенне яму ганаровага звання «Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь».

Такую адзнаку ён заслужыў за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, арганізацыю і аказанне лячэбна-прафілактычнай дапамогі з выкарыстаннем сучасных дасягненняў медыцынскай навукі і тэхнікі, узорнае выкананне службовых абавязкаў.

Па дарозе ў Мінск у думках вяртаўся да пачатку працоўнай біяграфіі. Вясковы хлопец з-пад Віцебска, ён закончыў Куйбышаўскі медінстытут, атрымаў спецыяльнасць «Лячэбная справа». Па накіраванні трапіў у воінскую часць у Арэнбургскай вобласці, з’яўляўся ардынатарам хірургічнага аддзялення. А ў 1994 годзе яго перавялі ў Паставы, у 1-ы ваенны шпіталь. Тут заняў пасаду вядучага хірурга, узначаліў калектыў хірургічнага аддзялення. З 2012 года загадвае аперацыйным блокам гэтага аддзялення.

Урач-хірург Сяргей Дзедуноў і ўрач-бактэрыёлаг Наталія Мінаева

Сяргей Дзедуноў — адзін з найлепшых спецыялістаў шпіталя. Яго вызначаюць аналітычныя здольнасці, глыбокія навуковыя веды ў галіне медыцыны, высокая эрудыцыя. Ён распрацаваў 7 метадычных дапаможнікаў па хірургіі для пагранічнікаў. Пастаянна ўкараняе новыя метады лячэння пацыентаў, у абыходжанні з імі ўважлівы, ветлівы. Сваім багатым вопытам ахвотна дзеліцца з калегамі, у тым ліку з маладымі спецыялістамі, заўсёды прыхо­дзіць на дапамогу ўрачам лячэбных устаноў раёна.

Старанне і прафесіяналізм Сяргея Дзедунова вельмі цэ­ніць кіраўніцтва не толькі шпіталя, але і Дзяржпагранкамітэта, Міністэрства аховы здароўя. Пра гэта сведчыць мноства ўзнагарод, сярод якіх медаль «За бездакорную службу» трох ступеняў, нагрудныя знакі «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь», «За дапамогу органам пагранічнай службы». Сяргей Іванавіч карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у пацыентаў і калег.

Напрыканцы верасня ў актавай зале шпіталя сабралася кіраўніцтва ўстановы, урачы, медыцынскія сёстры, каб па­віншаваць Сяргея Дзедудова з дзяржаўнай узнагародай. На ўрачыстасці прысутнічаў намеснік начальніка ваенна-медыцынскага аддзела — галоўны тэрапеўт Дзяржпагранкамітэта падпалкоўнік медыцынскай службы Аляксей Ільюшэнка. Ён выканаў яшчэ адну прыемную місію — уручыў медаль «За працоўныя заслугі» ўрачу-бактэрыёлагу — загадчыцы бактэрыялагічнага аддзялення санітарна-эпідэміялагічнага атрада шпіталя Наталіі Мінаевай.

— Калі вынікі работы хірурга бачныя, то ўрача-бактэрыёлага — непрыкметныя, — гаварыў начальнік шпіталя Сяргей Півень. — Якасць яго работы ацэньваюць хірургі, бо менавіта бактэрыёлаг забяспечвае стэрыльныя ўмовы ў аперацыйнай. З гэтым выдатна спраўляецца Наталія Алегаўна і яе каманда.

Наталія Мінаева — пастаўчанка. Пасля заканчэння мінскага медінстытута працавала ўрачом-лабарантам у дзіцячым санаторыі «Случ» г. Слуцка, пазней — у лабараторна-дыягнастычным аддзяленні Рэспубліканскага спецыялізаванага дыспансера навукова-даследчага інстытута анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

З 1999 года яе працоўная дзейнасць звязана з 1-м ваенным шпіталем, куды прыйшла на пасаду ўрача-бактэрыёлага — загадчыцы бактэрыялагічнага аддзялення. Яна прыклала шмат намаганняў для развіцця мікрабіялагічнай дыягностыкі ва ўстанове. Пад яе кіраўніцтвам фарміравалася матэрыяльная база аддзялення. Наталія Алегаўна пастаянна паглыбляе веды, вывучае тэндэнцыі сучаснай медыцынскай бактэрыялогіі, укараняе ў работу новыя метады мікрабіялагічнай дыягностыкі. Свае веды і навыкі прымяняе для паляпшэння санітарна-­эпідэміялагічнай абстаноўкі ў органах пагранслужбы. Шмат увагі ўдзяляе навучанню медыцынскіх сясцёр. Неаднаразова прызнавалася найлепшым спецыялістам шпіталя. Ад пачатку пандэміі актыўна ўдзельнічае ў супрацьэпідэмічных мерапрыемствах і стварэнні ў шпіталі сістэмы збору біялагічнага матэрыялу для ПЦР-дыягностыкі.

— Увесь калектыў шпіталя ганарыцца, што ў нас працуюць такія высокакваліфікаваныя спецыялісты, прафесіяналізм якіх ацэнены на ўзроўні Прэзідэнта, — гаварыў, віншуючы ўзнагароджаных, Сяргей Півень. — Жадаю новых дасягненняў! І спа­дзяюся, што з часам удастоеных высокіх дзяржаўных узнагарод прыбавіцца.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.