Заместитель директора по учебной работе СШ №1 Наталья Еринская: «Я люблю свою профессию»

Образование

Я люблю сваю прафесію

У гэтым прызналася мне падчас размовы, якая адбылася напярэдадні прафесійнага свята настаўнікаў, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1 Наталля Ярынская. І дадала: «Калі б была магчымасць пражыць другое жыццё, пайшла б працаваць толькі ў школу».

Кім быць, педагог вырашыла яшчэ ў 5-гадовым узросце. Тады ў дзіцячы садок, які наведвала Наташа (а нарадзілася яна ў Чалябінскай вобласці Расіі), прыйшла прыгожая жанчына, падобная да французскай кінаактрысы Брыжыт Бардо, каб вучыць малых нямецкай мове. Яна настолькі ўразіла дзяўчынку, што тая захацела таксама стаць настаўніцай замежнай мовы. Дзіцячае рашэнне яшчэ больш умацавалася ў школе, калі з 5 класа пачалося вывучэнне французскай мовы. Таму, атрымаўшы атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, Наталля без ваганняў паступіла ў Шадрынскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Але шлях да настаўніцтва аказаўся доўгім.

Пасля заканчэння ВНУ Н. Ярынская выйшла замуж за вайскоўца і разам з ім пачала пераязджаць з аднаго месца службы ў іншае, мяняючы гарады і рэспублікі Савецкага Саюза. Працавала, дзе атрымлівалася. Калі мужа перавялі ў Паставы, вяла курсы па машынапісе ў Доме афіцэраў, была падменным выхавальнікам у дзіцячым садку «Рамонак». І толькі ў 1989 годзе, праз 7 гадоў пасля інстытута, уладкавалася па спецыяльнасці — настаўнікам французскай мовы ў СШ №1. У 1998-м стала намеснікам дырэктара школы па замежных мовах, з 2008-га — намеснік кіраўніка ў цэлым па вучэбнай рабоце. Пасада гэта не з лёгкіх. Даводзіцца адказваць за ўвесь адукацыйны працэс на другой і трэцяй ступенях — з 5-га па 11 клас.

Неабходна мець стратэгічнае мысленне і дакладна ўяўляць, як бу­дзе развівацца школа праз 10-20 гадоў, — расказвала Наталля Юр’еўна пра сваю работу. — Калі не планаваць на будучыню, ніякіх вынікаў не дабіцца, мы будзем таптацца на адным месцы. Ад таго, якімі прафесійнымі кампетэнцыямі валодае намеснік па вучэбнай рабоце, залежыць выстройванне адукацыйнага працэсу ў школе. Я стараюся стварыць пэўную сістэму па розных напрамках.

Адным з іх з’яўляецца захаванне традыцый СШ №1. Гэта датычыць найперш паглыбленага вывучэння прадметаў, якое вядзецца ў школе з канца мінулага стагоддзя. З цягам часу да першапачатковых матэматыкі і замежных моў дадаліся фізіка, хімія і біялогія. Нядаўна, дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з Паркам высокіх тэхналогій, пільную ўвагу звярнулі на інфарматыку. Яе дзеці вывучаюць з 2 класа праз заняткі па інтарэсах. У 8 класе створаны групы з павышаным узроўнем вывучэння інфарматыкі. А з наступнага года ў 10 класе збіраюцца адкрыць групу з паглыбленым вывучэннем гэтага прадмета.

Другі напрамак дзейнасці намесніка дырэктара — метадычная работа, навучанне кадраў, чаму Наталля Ярынская ўдзяляе не меншую ўвагу. А пра вынікі названай работы сведчыць першае месца школы ў адпаведным рэйтынгу сярод устаноў адукацыі раёна. Таксама Наталля Юр’еўна адказвае за стварэнне адукацыйнага асяроддзя ў школе: імкнецца, каб дзецям і педагогам было псіхалагічна камфортна вучыцца і працаваць, нічога не пагражала іх жыццю і здароўю ў сценах установы, да кожнага аператыўна даво­дзілася патрэбная інфармацыя. Прыходзі­цца вырашаць і шэраг іншых пытанняў, ствараць расклад усіх урокаў і заняткаў па інтарэсах, рыхтаваць розныя справаздачы. Акрамя таго, педагог выкладае французскую мову ў 11 класе.

Параўноўваючы сучасную школу з той, якая была тры дзесяцігоддзі назад, Наталля Юр’еўна заўважае, што цяпер намнога складаней праца­ваць і з дзецьмі, і з бацькамі, і з настаўнікамі. Тым не менш кажа, што ёй цікава ў школе, бо тут пастаянны рух, па якім пачынае сумаваць дома ў выхадныя дні. Многае зрабіўшы за гады работы ў СШ №1, Н. Ярынская марыць пра стварэнне ў навучальнай установе класа робататэхнікі. Хоча таксама, каб тут з’явіліся інфармацыйны тэлецэнтр і школьны тэатр. Яна ўпэўненая: усё гэта абавязкова будзе. Трэба толькі настойліва ісці да сваёй мэты і часцей агучваць тое, пра што марыш.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.