Ганаровы дарожнік Рэспублікі Беларусь
Гэтага звання напярэдадні прафесійнага свята ўдастоены аўтагрэйдарыст філіяла «ДЭУ-33» Алег Шылей
Яго вызначаюць высокія паказчыкі ў рабоце, адказнасць і прафесіяналізм.
Алег Іванавіч вырашыў узяць водпуск да пачатку зімы. Але кіраўніцтва папрасіла тэрмінова выйсці на работу — пакласці трубы на адным са з’ездаў з цэнтральнай дарогі. І ён з аўтагрэйдара перасеў на экскаватар і адправіўся ў Навасёлкі, дзе рабочыя ДЭУ-33 займаліся абуладкаваннем дарогі да новага 12-кватэрнага дома. Алег Шылей па-майстэрску ўпраўляў экскаватарам і выканаў сваю работу прафесійна.
— Што толькі ні даводзілася выконваць больш чым за 20 гадоў работы ў ДЭУ-33! — гаварыў Алег Шылей. — Дапамагаю прафіляваць дарогі, пляцоўкі, загружаю і выгружаю грунты і сыпучыя матэрыялы. Сёлетнім летам працаваў на будаўніцтве лясной дарогі. З вясны да восені грэйдзірую дарогі, зімой расчышчаю іх ад снегу. Апошнім часам зімы не такія снежныя. А бывала, расчысціш участак, а вяртаешся назад — і знаку няма, дзе грэйдар прайшоў. Дарогі, якія абслугоўвае наша арганізацыя, пралягаюць у бок Глыбоцкага, Браслаўскага, Мядзельскага раёнаў. Усе добра вывучыў.
Алег Шылей любое заданне выконвае добрасумленна. За старанне ўзнагароджваўся Ганаровай граматай Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, быў удастоены звання «Чалавек года Пастаўшчыны».
— Нагрудны знак «Ганаровы дарожнік Беларусі» ў нашым калектыве мае толькі начальнік Алег Пятровіч Крукоўскі, — гаварыў Алег Шылей. — Таму для мяне прысваенне такога высокага звання стала нечаканасцю. Дзякуй кіраўніцтву за высокую ацэнку маёй работы. Я ўжо на пенсіі, але дома не сядзіцца. Калі запатрабаваны, то чаму не папрацаваць?
Фота Анны Анішкевіч